Слабелі пальцы, і поле засцілалася, як дымам. Нібыта ўраз звечарэла...
— Што ты, сястрыца? — пачула спалоханы шэпт свайго.
Круцілася, круцілася ржышча. I хацелася за нешта ўхапіцца, каб утрымацца, каб устояць, хоць наколенцах. Падняла рукі, быдта шукаючы той апоры, быдта шукаючы, за што ўхапіцца. Не знайшла. Засталася ляжаць камячком побач з тым, каго валакла да лесу. I не давалакла.
6
Зіна Патапава спачатку бегла па лесе, потым, знямогшыся, ішла, ішла, адхінаючы рукамі голыя галіны кустоўя, лапкі ельніку, прабіраючыся без дарогі, куды, і сама не ведала, толькі далей, далей ад стрэлаў, ад таго страху. Ведала, што тут на шмат кіламетраў лясы, хутар ці вёска няблізка, але ёй не было цяпер чаго рабіць, акрамя як ісці, не вяртацца ж назад у лагер, на які наступаюць немцы. I то праўда, у партызанаў аўтаматы, вінтоўкі, гранаты, яны могуць і бараніцца, і нападаць, а што зробіць яна голымі рукамі? Тая дзеўка, праўда, пабегла, але яна санітарка, ці што, у яе свая работа, ды маладая зусім, страху не ведае, жыцця не шкадуе.
Доўга ішла Зіна Патапава па вільготным доле без сцежкі, распараная ад бегу і хуткай хады, ловячы вухам стрэлы, якія цяпер аддаляліся, глухлі. На ўсе бакі разлягаўся хмурны, гатовы да снегу, да маразоў, да доўгай зімы, лес. Часам з дуба, шапочучы ссохлым цвёрдым лісцем, злятала стракатая сойка, пералятала на другое дрэва. Круцілася, ціўкала на голым кусце жаўтабрухая сініца, шмыгала па хвоі — уверх, уніз — вавёрка. Зіна бачыла і не бачыла ўсяго гэтага, і зрок, і слых засланяла трывога, што калацілася ў грудзях, страх перад тым — што цяпер будзе. Зусім знячэўку, не шукаючы, не чакаючы, напала на дарогу. На ёй, у выбітай у доле каляіне, яшчэ, здаецца, свежа адбіваліся сляды калёс. Ці не сюды выехала падвода з параненымі?
Адразу выйсці на дарогу пабаялася, пастаяла, затуліўшыся за камель асіны, прыслухалася. Нідзе нікога. Дарога прывядзе да жылля. Да вёскі ці да хутара. Трэба трымацца дарогі.
Аддыхвалася, стоячы за асінаю. Паправіла на галаве хустку, падаткнула пад яе валасы, што павыбіваліся на лоб, на шчокі. Зашпіліла на ўсе гузікі кажушок.
Ішла і думала — у якую вёску прывядзе дарога? У Старое Сяло? А можа, у Канюхі? Здаецца, яны ў тым баку. У Старым Сяле жыве цётка — матчына родная сястра. Там можна было б пераначаваць, але заставацца надоўга няможна. Калі немцы дапалі сюды, то ўсе вёскі папаляць. Трэба некуды далей, можа, у горад? Горад увесь не спаляць... Праўда, горад і так разбіты, але жывуць жа там людзі... Каб толькі дапасці да якога жылля, адпачыць, паесці. Сёння ў роце і расінкі не было... З самага світання наляцелі самалёты...
На дарозе ляжаў масток, пад ім, высвечваючы дробныя каменьчыкі, пясчынкі, цёк празрысты ручай. Ён паціху журчэў, быдта падспеўваў свайму бегу, і было дзіўна ўбачыць яго безудзельны спакой, пачуць яго вясёлае булькатанне.
Убачыўшы ваду, Зіна адчула, як хочацца піць. Па цвёрдым тут доле спусцілася да ручая, зачэрпнула ў прыгаршчы чыстай вады. Высмактала ўсю і яшчэ раз зачэрпнула. Вада была вельмі халодная, аж заходзіла ў зубы, але ад яе лягчэла, свяжэла ў грудзях. Абмыла вадою і твар. Сёння ж з раніцы не ўмывалася, сустрэне каго, дык па твары той можа пазнаць, што не з дому ідзе дзеўка — нясвежая, няўмытая. Добра, што натрапілася вада.
Зноў вярнулася на дарогу. Нікога не хацела спатыкаць, ну, а калі хто натрапіць ды спытае, адкуль ідзе, куды, то скажа — з дому ідзе, да цёткі, у Старое Сяло.
Але дарога была пустая, цішыня супакойвала, і трывога ў душы пачынала мякчэць, і сама яна нібы мякчэла, адпускаў страх.
Яшчэ здалёк яна ўбачыла на дарозе вялікую гурбу людзей, спачатку не разабрала, хто там, а калі разгледзела шэра-зялёныя і чорныя шынялі, застыла, як слуп, на дарозе. Душа рванулася — назад альбо ў лес, але было позна, яе ўжо прыкмецілі, і насустрач ёй бег у чорным шынялі паліцай.
— Стой! Сюды ідзі! — крычаў ён на бягу.
Зіна не ведала — што ж ёй рабіць, стаяць на месцы ці ісці да паліцая, ды, скамянелая са страху, не магла, каб і хацела, зрушыць з месца, чакала, пакуль той дабяжыць да яе.
А той — у радаснай злосці ашчэрыўшы зубы, крычаў, падбягаючы:
— Папалася, к... Яшчэ адна! Ну, ну! Рукі ўгору!
Зіна паволі пачала ўздымаць рукі ўгору.