Стаяла ў вачах падвода. I сінела Святланіна хустка... I шумела, мяшалася ўсё ў галаве... Што Святлана пра яе падумала? У апошні міг? Але не выдала... А Грышка?.. Хто ён такі?
Першы раз ён прыцёгся да іх на пачатку лета. Вінтоўку ў качарэжніку прыткнуў, як качаргу. Сеў за стол. Маўчаў, глядзеў на Зіну. Хоць Зіна і разумела, што Грышка цяпер — паліцай, не баялася гаварыць яму, што хацела.
— I чаго ты, Грышка, у паліцаі пацёгся? Вернуцца нашы — не даруюць...
Грышка ўсміхаўся, як дурны.
— Сям’ю апаганіў, сёстраў, братоў. Вернуцца нашы, як ім будзе ў вочы людзям паглядзець?
Грышка маўчаў. Паднімала голас матка.
— Чаго ты чэпішся да хлопца?
Калі Грышка адыходзіў, і маці, і бацька на Зіну сварыліся.
— Што ты пры ім язык распускаеш, даложыць немцам, ці доўга цяпер... Гэта ён тут, пры табе ціхенькі, а людзі кажуць...
— Калі ўжо Грышкі баяцца,— смяялася Зіна.
А той заходзіў часцей і часцей, усміхаўся Зіне, за ручку хапаў, але яна вырывала. Пад’ядала Грышку:
— Кажуць, нашы немцаў пад Сталінградам моцна пабілі, гоняць іх цяпер... Што, і ты з немцамі ўцякаць будзеш?
Не стрымаўся і Грышка, упікнуў:
— Калі ты такая савецкая, то чаго дома сядзіш, чаго не ў партызанах?
Засмяялася Зіна.
— Каб я, Грышачка, ведала, дзе тыя партызаны, як да іх дапасці, і дня дома не сядзела б.
— А калі я падкажу?
Уставілася Зіна на Грышку — ці смяецца з яе, ці праўду кажа? А той сядзіць — і кропелькі поту пад носам, на лбе. Упрэў у сваім суконным кіцелі, ці што...
Зіна змоўкла. Зразумела — не на вецер кінуў Грышка такія словы. Нешта яны значаць. Ці падкузьміць яе хоча, ці...
— Калі ведаеш, дзе партызаны, то чаму немцам не даложыш, выслужыўся б,— сказала злосна.
Устаў Грышка, захадзіў па хаце. Дома нікога не было, бацькі сена касілі. Пасярод хаты сядзела рудая котка. Грышка адчыніў дзверы, выгнаў котку.
— Псік...
Быдта і котку не хацеў мець у сведках. I сказаў:
— Калі хочаш ісці ў партызаны, іхняга сувязнога падкажу...
Знямела Зіна.
— Ты знаеш сувязнога?
— Не дапытвайся нічога, а калі хочаш — падкажу.
Па вачах бачыла Зіна, па твары — не хлусіць Грышка, знае сувязнога.
— То... То... Калі сувязнога знаеш і не прадаеш, чаму сам не ідзеш у партызаны?
Грышка шморгнуў носам:
— Не прымуць... Яны паліцаяў ненавідзяць болей, чым немцаў... I грахоў ужо на мне...
Дык, можа, Грышка тым, што яе ўратаваў, ад грахоў сваіх адкупіцца хоча? Але ці адкупішся адною душою за шмат душ? Мусіць, нямала ўжо загубіў са сваімі хаўруснікамі... I гэтых... Святланка... Яшчэ ўчора ў абнімку хадзілі... А цяпер — яе пусцілі, а Святланку, параненых...
Бяжыць Зіна, не ідзе, а бяжыць, быдта ўцякае ад той адзінокай на дарозе падводы, каля якой магла застацца і яна. I радасць, што не засталася, і быццам віна, віна апаноўвае Зіну. Хоць чым жа яна вінаватая?.. Каму было б лепей, каб і яе?..
Як бачыць Зіна — дула аўтамата перад грудзьмі, як чуе — цела разрываюць кулі. I агортвае страх, зноў гоніць з дарогі ў лес, каб затуліцца, схавацца за арэшнікам, за камлямі бяроз, асін. Каб не нахапіцца зноў на якіх немцаў, паліцаяў альбо і на партызан. Бо партызаны, калі спаткаюць, могуць спытаць: «А чаму тых забілі, а цябе не кранулі, пусцілі?» Усіх баіцца цяпер Зіна, але і дарогу згубіць баіцца, каб не заблудзіцца ў лесе. Прабіраецца па гушчары, сучкамі драпаючы рукі, адхінаючы галіны, што сцёбаюць твар, здымаючы з твару праціўнае павучынне.
Аказваецца, Грышка ведаў партызанскага сувязнога дзядзьку Нічыпара. Некалі дзядзька Нічыпар правадніком на чыгунцы рабіў, у горадзе жыў, дадому толькі грошы прысылаў ды наязджаў на вялікія святы. Да яго, бывала, як да чалавека, што цэлы свет з’ездзіў, збіраліся суседзі, пагаманіць, параспытваць, як дзе людзі жывуць, хто пануе, а хто гаруе. Зіна тады яшчэ зусім малая была, на тыя зборышчы не хадзіла, але бацька казаў, што вось, сусед ад сям’і, можна сказаць, адбіўся, бадзяецца па свеце, як цыган, а дабра не нажыў і лепей бы сядзеў пры жонцы, пры дзецях.
Як пачалася вайна, дзядзька Нічыпар знайшоў дарогу дадому, жыў цяпер на гаспадарцы, як і ўсе мужыкі ў вёсцы. I хто б мог падумаць, што ён — партызанскі сувязны. Але Зіна не дапытвалася ў Грышкі, адкуль ён ведае такі сакрэт. А самае дзіўнае — дзядзька Нічыпар і не здагадваўся, што Грышка ведае пра яго партызанства.
Думала Зіна — пайсці ў партызаны? А чаму не? Цікава... Вернуцца нашы, а Зіна — во, гераіня! А дома сядзець — што, сумната... Але ўсё не адчайвалася, нечага баялася. Да восені дацягнула Зіна. Можа, і восенню не рашылася б, але пачалі немцы хапаць моладзь у Германію. Пабаялася, што ў Германію звалакуць. I пайшла да дзядзькі Нічыпара...