Выбрать главу

Зіна расказвала коратка:

— Разбілі партызанаў... З самалёта, бомбамі... Усе партызаны разбегліся... Я заставацца дома не магу... Напакуйце яды ў мяшок... У горад пайду... Да цёткі Марусі...

Матка плакала, бацька дыміў скручанаю з газеты цыгаркаю, пакашліваў. Але скора напакавалі Зіне торбу як панесці, і яна пайшла з хаты поначы. Калі каго сустрэне, скажа, у горад ідзе, прадукты сваякам нясе. А яно і праўда. А больш у Зіны нічога няма з сабою — ні лістовак, ні пісталетаў, на лобе таксама не напісана, што нядаўна была ў партызанскім атрадзе. Нічога ні ў кога на лобе не напісана, а ўсярэдзіну не залезеш, там не прачытаеш, цёмна там, усярэдзіне.

7

Нічога не паспела падумаць Фімка перад тым, як абвалакло яе цемнатою. Закруціўся свет, памутнела ўваччу, і звалілася. I скончылася жыццё. Без мук, без болю. Быдта салодкім сном заснула. Рабіце з ёю цяпер што хочаце, куды хочаце валачыце, засыпайце зямлёю, крычыце над ёю, галасіце. I брывом не павядзе, не варухне пальцам. Не паможа нічым, не супакоіць.

— Дзеўка, дзеўка, што ж ты, ах...

Гэта стогне той паранены, якога яна валакла.

Не чуе Фімка яго стогну, не чуе стрэлаў, не ведае, што адступаюць немцы, гоняць іх партызаны.

Ніколі не дазнаецца Фімка і таго, як падняў яе на рукі доктар, як нёс, нёс цераз лес, як нотым вымаў кулі з яе грудзей. Як зрабілі партызаны насілкі і неслі Фімку, быдта якую пані. Не прывыкла Фімка, каб яе насілі, каб ведала, што яе нясуць, засаромелася б, злезла. б з тых насілак, нагамі пайшла б.

Але не ведала Фімка, што яе нясуць, не ведала, што партызаны пакінулі лагер, калі ўжо высачылі немцы, то зноў наваляцца, яшчэ большаю сілаю. Ішлі партызаны — праз лес, праз балота і Фімку неслі.

Колькі ж доўжылася для Фімкі гэта салодкая ноч небыцця? Не ведае Фімка. Расплюшчыла цяжкія, быдта склееныя, павекі і не пазнала — дзе яна і што гэта з ёю. Святло... Перад вачыма святло мітусілася, і было яно такое яркае, што Фімка зноў заплюшчыла вочы.

Памалу вярталася да жыцця. I пазнавала, што вяртаецца да жыцця, па болю. У цемнаце, у смерці не балела нічога, цела агортвала спакойная, салодкая пустата... А чым больш прыходзіла да памяці, тым больш балела. Грудзі пякло, быдта распаленым жалезам. I перавязка сціскала, як абцугом.

Яна стагнала. I тады над ёю схіляўся незнаёмы жаночы твар. Вочы з жалем глядзелі на Фімку, ніхто ніколі не глядзеў на яе з такім жалем, нават маці. I Фімка палюбіла жанчыну, і паверыла ёй.

— Пі-і-ць...

I як глытала з мядзянага кубка, быдта ападала нешта ў грудзях і перад вачыма святлела, дыхалася лягчэй. Потым жанчына паіла яе малаком. I давала ў рукі кавалачак хлеба. I Фімка сусліла скарынку, як малое дзіця. I часам на боль забывалася. А потым зноў стагнала.

Да вясны пракачалася Фімка, да вясны сорак чацвёртага года. Вучылася хадзіць, як дзіця. Гаспадыня падтрымлівала пад паху і гаварыла:

— Ну, дзеўка, не думала, што выпаўзеш... Мёртвую прывезлі.

— А хто прывёз, хто? — пыталася Фімка.

— А ці я ведаю хто? Партызаны... А пашпарты не паказвалі. Загадалі — ратуй... Я во і ратавала.

— Дзякуй вам.

На Фімку з цікавасцю глядзелі Паўлік і Насця — гаспадыніны дзеці.

Як навучылася хадзіць сама, як падужэлі крышку рукі, узялася памагаць гаспадыні. Парсючку бульбы натаўчэ, карове пойла зробіць, міскі памые, у хаце папратае, падмяце, а сама думае, успамінае — хто ж гэта яе прынёс і дзе цяпер партызаны, дзе доктар, дзе Святланка, цётка Вера, дзе Ромка? Дзе тая Зіна Патапава? Няма ў яе і дробачкі крыўды ні на Ромку, ні на тую Зіну. У душы нават песціць, як таямніцу — можа, гэта Ромка нёс яе на насілках, ну, не адзін, а з некім... Можа, Ромка і ў гэту хату прынёс?

Пытаецца ў гаспадыні:

— Цётачка, а якія былі тыя партызаны? Ну, што мяне прынеслі?

Гаспадыня на міг адрываецца ад работы, стаіць, успамінае:

— А хто ж іх знае, якія... Хлопцы...

Хацела спытаць: «Можа, высокі быў, прыгожы?» — не ведала, як іначай апісаць Ромку. Ды пасаромелася спытаць.

А сонца ўсё ярчэй, а птушкі ўсё званчэй, і ў паветры стаіць — быдта птушкі тыя прыносяць — гоняць немца, гоняць, скора вернуцца нашы, скора вайна скончыцца.

Муж гаспадыні таксама ў партызанах быў, але дадому даўно не наведваўся, начамі плакала гаспадыня, дзяцей называла ўжо сіротамі, ведалі ж у вёсцы, які бой быў на Евіным полі, як ганялі немцы потым партызан па балотах, колькі хлопцаў палягло. Ды вось і яна, Фімка, таксама адтуль, дзівам уратавалася.