Выбрать главу

— Пусціце...

Маладзенькі салдат сабраў на лбе строгія складкі.

— Нельга, цётка...

«Цётка?» — здзівілася Фімка. Няўжо яна падобна ўжо на цётку? Ёй жа ўсяго васемнаццаць...

Адышла ад вагона. Аббегла цягнік, заскочыла з другога боку, думала, можа, там якія дзверы адчыненыя. Але з другога боку цягніка ўсе дзверы ў вагонах былі пазачыняныя, і ў пасажырскіх, і ў таварных. А паравоз ужо даў гудок, Фімцы відаць, як адчайна затупалі з таго боку вагона людскія ногі, наступаючы адна на адну, грамчэйшы зрабіўся крык. Вось ужо лязгнулі буферы, цягнік скрануўся з месца. Фімку ахапіў адчай. Калі будзе новы цягнік? Можа, цераз суткі, ды і ў той ці ўлезеш?

Яна ўскочыла на падножку. Ухапілася рукамі за поручні. Села на прыступку.

Цягнік ішоў — шпарчэй, шпарчэй. Хістануўся на стрэлках. Адплывала станцыя. Вось закруцілася ўжо перад вачмі зялёнае поле, пні ад спіленага пры чыгунцы лесу — немцы выпільвалі, высякалі лес, што падступаў да каляі. Мільгануў абгарэлы шкілет вагона пад насыпам — скінулі партызаны. Цягнік ужо нёсся на ўсёй скорасці, Фімка моцна трымалася рукамі за поручні. Нічога, не зваліцца.

Зноў мільгалі спаленыя вёскі, хутары, толькі закураныя каміны, як чорныя абеліскі, як помнікі чалавечаму жыллю, узвышаліся ўсцяж дарогі. 3-пад вагона клубамі віўся пыл з дробнымі калючымі пясчынкамі, сек шчокі, зацярушваў вочы, часам чорным воблакам агортваў паравозны дым з калючымі дробачкамі незгарэлага вугалю, тугім камяком біў у твар вецер. Вузельчык з рэшткамі яды Фімка павесіла на руку, а пальцамі моцна ўпілася ў поручні. На верхняй прыступцы сядзела, на ніжняй трымала ногі. Спачатку здавалася, што і зручна ўмасцілася, а потым пачалі слабнуць рукі. I нешта цвёрдае ўпівалася ў спіну. I ў вачах пачало мітусіцца, быдта не на цягніку яна ехала, а плыла на каруселі, быдта не поле круцілася перад ёю, а і сама яна на тым полі. Вецер пачынаў забіваць дыханне. Але сілілася, трымалася, разумела — варта аслабіць пальцы, даць перадых рукам і не ўтрымаецца на прыступцы, паляціць уніз, пад калёсы.

Раптам пачула стук над галавою. I спалоханы голас. Што той голас сказаў, не разабрала. I нечая рука моцна ўпілася ў плячо, пацягнула ўгару. Сама не свая падалася за тою рукою Фімка і апынулася ў вагоне.

— З глузду з’ехала, заб’ешся, каб ты згарэла!..

Гэта ўбачыў яе на прыступцы праваднік, адчыніў дзверы і ўцягнуў у вагон. Твар у яго быў спалоханы больш, чым у Фімкі. Замкнуў за ёю дзверы, ківаў перад носам жалезным кручком ключа.

— Куды цябе чэрці панеслі, касцей не сабрала б, куды едзеш?

— Дадому,— ледзь вымавіла Фімка.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

1

Такіх маразоў не было ўжо даўно, год за годам стаялі слякотныя зімы з мокрым снегам, з дажджамі, тэмпература рэдка апускалася ніжэй нуля, здавалася, ужо і непатрэбна цёплая апратка, можна і зіму прабегаць у асеннім паліто. I праўда, модніцы з пышнымі футровымі каўнярамі, у пышных зімовых шапках бегалі па горадзе, як мокрыя курыцы — футра ад дажджу зліпалася ў суслы. Людзі пачалі жаліцца, што змяніўся клімат, гэтыя атамы, гэтыя касманаўты перакруцілі ўсё ў прыродзе і там, дзе павінен ісці снег, сыпле дождж, а на поўдні, дзе павінна свяціць сонца, ад холаду гінуць вінаграднікі.

Але вось прыйшла сапраўдная зіма, з маразамі за дваццаць градусаў, са скрыпучым снегам пад нагамі, з празрыстым небам, у якім па начах стыў яркі месяц і дрыжалі ад холаду зоркі. Зіма быдта гаварыла людзям, што дарэмна яны вінавацяць атамы ды касманаўтаў, цяжка змяніць законы вялікай прыроды, які б яна ні выкінула фокус, прачытай — сто альбо дзвесце гадоў назад было ўжо такое.

Цёмнаю раніцою, панастаўляўшы каўняры, выдыхаючы клубы пары, беглі людзі да выстылых за ноч, з замураванымі марозам вокнамі, аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, уціскваліся, ехалі, яшчэ не адышоўшы ад сну, яшчэ хаваючы пад палітонамі ды хусткамі цяпло пасцелі. Адны выходзілі, другія садзіліся, часам утвараючы ў дзвярах заторы.

Серафіма, выставіўшы наперад сваю сплюшчаную цыратавую сумку, выбралася з аўтобуса на сваім прыпынку, пабегла. Снег скрыпеў пад нагамі, машыны не паспелі яшчэ расчысціць тратуары, і бегчы па ім было цяжка, як па пяску. Ды ёй тут недалёка, адзін квартал, вось і яе бальніца. Адчыніла цяжкія дзверы.

У калідоры было жоўта ад электрычнага святла і пахла карболкаю, зфірам, неправетраным памяшканнем. Пасля вялікага холаду здалося і вельмі цёпла, узыходзіла на свой трэці паверх і на хаду расшпільвала паліто, адпускала хустку. У сваім катушку распранулася, зняла боты і ступіла ў тапкі, уздзела халат, пакіравалася ў палаты.