— На рабоце... Мне сёння пяцьдзесят...
Таня апусціла рукі, заморгала вінавата.
— То чаму не сказала?.. Я і забылася...
— Ат,— зноў махнула рукою Фімка.— Я і сама толькі ўчора ўспомніла. А на рабоце... Так усё хораша абгаварвалі... Благадарнасць напісалі, і вазачка там, у сумцы...— Яна падхапіла сумку, панесла ў кухню. Таня і Ларыса пайшлі за ёю.
Павымаўшы пакеты з крупою, з малаком ды фаршам, Фімка дабралася і да вазачкі. Ларыса схапіла яе, пачала аглядаць на святло. Грані пераліваліся жоўтым, сінім, ружовым колерамі.
— Крыштальная,— сказала з павагаю. Наліла ў вазачку вады, апусціла туды кветкі, панесла, паставіла ў зале на стол.
— Ну, калі так,— сказала Таня, быдта прыняўшы нейкае рашэнне, і пайшла ў спальню. Адтуль пачула Фімка яе голас:
— Ваня... Іван... Падніміся... Збегай у магазін, пакуль сямі няма, купі паўлітра...
Пры слове «паўлітра» Ваню як ветрам падхапіла, падняўся, быдта і не спаў, глядзеў на жонку з дзівам.
— Во як цябе будзіць трэба,— смяялася Таня.— Толькі шапні — «паўлітра»...
Іван выйшаў са спальні, папраўляючы кашулю, штаны, правёў рукою па валасах. На твары яшчэ былі знакі сну, але вочы глядзелі ўжо чыста. Таня калупалася ў сумачцы, шукала грошы.
— А што сёння за свята? — радасна дзівіўся Іван. Ён любіў выпіць, і калі бывалі спрэчкі ў Тані з мужам, то толькі за гэта, за выпіўку. Адным часам ледзь не дайшло да разводу, каб не Фімка, то ўжо выгнала б Таня свайго Івана, Фімка ўлагодзіла сястру.
— Серафіме сёння пяцьдзесят,— сказала Таня, падаючы Івану чырвонец.
З дзяцінства прывыкшы называць старэйшую сястру Фімка, Таня і цяпер яе так называла, толькі зрэдку, у хвіліны якой расчуленасці, дабрыні, якія ў Тані бывалі не вельмі часта, называла яе Серафіма. Вось і цяпер сказала — Серафіме...
Як жа хацела некалі Фімка, каб Таня вучылася, каб паступіла ў які інстытут, яна сама так шкадавала, што засталася недавучкаю — не было за чыёю спіною вучыцца, сям’ю на плечы ўзяла. Але Таню ніколі не вабілі кніжкі, і на школе яе навука скончылася, працуе цяпер маляром у рамонтнай канторы, прыробак часта мае і зарабляе някепска. Іван токарам на заводзе працуе, таксама добрую капейку мае, каб не выпіваў, залаты чалавек быў бы, але выпівае...
Цяпер, прадбачачы легальную, са згоды жонкі, выпіўку, ён прытка ўздзеў палітон, кінуў на галаву шапку, ступіў у цёплыя чаравікі.
— Каб за бульбаю ці за хлебам пасылала, то гадзіну збіраўся б, а так, бач, як скора,— нязлосна бурчала Таня.
Потым яны сядзелі ўтраіх за сталом — дзяцей не любіла Фімка трымаць пры бутэльцы, накарміла — і марш па сваіх кутках, вучыць урокі. Ларыса ў восьмым класе, дадому чацвёркі, пяцёркі прыносіць, навучылася іграць на мандаліне, хоча паступіць у інстытут культуры. Во каб даў бог! А Мішка яшчэ ў пятым, у таго ў галаве футбол, хакей, чаравікаў не напасешся, кніжку таксама не вельмі любіць. У гэтай сям’і калі хто і любіць чытаць, дык гэта Фімка, то з бальніцы кнігу прынясе, з бібліятэкі, а то і ў магазіне купіць, калі якая спадабаецца. Як вольная хвіліна — так за чытанне і хапаецца. I верыць усяму, што там напісана, верыць, што так і праўда ўсё было.
Яны сядзелі за сталом, закусвалі. Большую долю гарэлкі ўсмактаў, канечне, Іван, Таня выпіла чарачку, ну і Фімка разы два прыгубіла. Закусвалі катлетамі, зробленымі з купленага Фімкаю фаршу, смажанаю бульбаю, капустаю, якую самі ставілі на кожную зіму.
У бутэльцы яшчэ крыху аставалася, і Таня разліла па чарках роўна ўсім, падняла сваю, загаварыла:
— За тваё здароўе, Серафіма... Ты мне была, як матка... I цяпер як матка... I дзецям маім...— Яна шморгнула носам, падняла фартух, выцерла вочы.— За тваё здароўе!
I выпіла да дна. I расчуленая Фімка да дна выпіла, Іван выліў сабе на язык рэшткі. Зноў пачалі закусваць, і зноў Фімка пачала расказваць, як прывячалі яе ў бальніцы, як доктар чытаў падзяку, як падарылі ёй кветкі, вазачку.
I раптам Таню як хто падмяніў. У вачах, толькі што мокрых, расчуленых, загарэўся нядобры агеньчык, у голасе з’явілася яхідства. Ці гэта гарэлка ў ёй загаварыла?
— Благадарнасць... Вазачку за пятнаццаць рублёў... Гваздзічкі... За тваю работу маглі і большае даць... У нас вунь на юбілеі — і прыёмнікі дораць, і гадзіннікі... А то — вазачку... Благадарнасць...
Фімка глядзела на Таню з дзівам. Чаго гэта яна? Што за шляя пад хвост папала?
— Дасюль у гнілой хаце сядзім! Людзі толькі ў горад прыязджаюць, і ўжо ім кватэры, як палацы, а ты... Яшчэ ў партызанах была... Хлусіш ты, мусіць, ні ў якіх партызанах ты не была, хто быў у партызанах, то цяпер у вялікіх начальніках ходзіць...