Выбрать главу

Міліцыянер паказаў ёй рукою на сцяну, злева, і толькі цяпер Фімка ўбачыла, што гэта не сцяна, а перагародка ў вестыбюлі, а ў ёй, як у касе на вакзале, вакенца. У гэтым вакенцы Фімка ўбачыла і вяршок светлай жаночай галавы, а потым і цёмнае вока, што глянула стуль раўнадушна.

Фімка нясмела падышла да вакенца. Цяпер добра ўбачыла жанчыну са светлымі, акуратна ўчасанымі валасамі, з цёплаю хусткаю на плячах — мароз даходзіў і сюды. Кабета наставіла на Фімку чакальны позірк, і тая, як нядаўна міліцыянеру, пачала збіўчыва тлумачыць, чаго прыйшла.

Жанчына скора зразумела, што трэба гэтай прасіцельніцы, зашастала перад сабою на стале паперкамі, падала ў вакенца разлінаваны лісток.

— Запоўніце анкету...

Фімка ўзяла лісток. Пакруцілася, азіраючыся, ці ёсць тут дзе прыткнуцца, і ўбачыла каля загародкі столік з плямамі ад чарніла, на ім чарніліцу і ручку, крэсла пры стале.

Апусцілася на тое крэсла, пачала чытаць анкету. Былі ў ёй пытанні, на якія Фімка магла лёгка адказаць — прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, з якога часу па які знаходзілася ў партызанах. Але было і такое, чаго Фімка не ведала. У якую брыгаду ўваходзіў іхні атрад, у якое злучэнне, дыслакацыя... Называўся іхні атрад імя Чапаева, гэта ведала Фімка, а брыгада, злучэнне... А што такое дыслакацыя? Саромеючыся сваёй цемнаты, падышла, спытала ў жанчыны за вакенцам. Тая крышку пагардліва растлумачыла, што дыслакацыя — гэта месца, тэрыторыя, дзе дзейнічаў атрад.

Макаючы пяро ў густое, застылае чарніла, пачала Фімка запаўняць тую анкету. Пяро драпала, за яго нешта чаплялася — не то валаскі, не то шматкі паперы, літары выходзілі непрыгожыя, крывыя. Што ведала, тое напісала, чаго не ведала — пакінула лінеечкі пустыя.

Жанчына за вакенцам пачытала анкету, пакруціла ў руках.

— Зайдзіце праз два тыдні...

I гэта — «зайдзіце праз два тыдні» — напоўніла сэрца надзеяй. З яе не пасмяяліся, што праз трыццаць гадоў прыйшла шукаць сваіх слядоў, не адправілі адразу, заявіўшы — нічога не ведаем, а далі анкету, будуць шукаць. Мусібыць, не адна яна так прыходзіць, мусібыць, яшчэ такія людзі ёсць, што адразу, па вайне, свайго партызанства не даказвалі. Можа, у якіх спісках ёсць і яна...

Жыла тыя два тыдні з адчуваннем нечага новага ў сабе... Быдта яна стала крышку інакшай.

Таня сказала, што калі аформіць дакумент, то ёй палагаецца і медаль партызанскі, гэта той кліент ёй гаварыў. А можа, і ордэн палагаецца, яна ж была параненая. Ну, ордэн-то, як лічыла Фімка, для яе занадта, а медаль... Медаль, чаму ж не... I Фімка ўбачыла, як яна з медалём на халаце ўваходзіць у палату да хворых. I хворыя дзівяцца, гавораць: «Мы думалі, што вы, Серафіма, проста нянечка, а вы, аказваецца, ого-го!..»

Не, на халат медаль чапляць няможна, трэба на сукенку ці на кофтачку. Гэта ў ардынатарскую яна зойдзе, скіне халат. I ўсе дактары, сёстры скажуць: «Ну, вось цяпер тое, што трэба... Вы не проста нянечка Серафіма, а былая партызанка, во!»

I саромелася Фімка такой радасці, і жыла ёю. Цэлых два тыдні.

А праз два тыдні жанчына з прыгожа ўчасанымі валасамі сказала раўнадушна, што ні ў якіх спісках Серафіма Гаўрылаўна Мархель не значыцца...

4

Перад тым як патушыць святло, Фімка абвяла вачыма хворых, што пасцішваліся на сваіх койках, паўкрываліся коўдрамі, спытала да ўсіх:

— Ну, калі што каму трэба, то кажыце, бо зараз пайду, потым клікаць будзеце...

Гэты тыдзень яна дзяжурыла ўночы. I добрым было начное дзяжурства, і кепскім. Добрым, калі спакойнае, тады і падрамаць крыху можна, саставіўшы два крэслы ў калідоры, на адно прымасціўшы галаву, на другое ногі. I дзень назаўтра вольны, можна і ў хаце папратаць, і бялізну памыць, і абед свяжэйшы зварыць, каб не кіс у каструлі суп дні па чатыры. Бо Таня так нашмаруецца за дзень тым пэндзлем, што дадому прыйдзе — рук падняць не можа. Ды нейкая зайздросная зрабілася, усё болей, болей хоча зарабіць, пасля работы бяжыць на халтуру. Колькі разоў казала ёй Фімка:

— Не рві жылы, усіх грошай не заробіш.

А тая сваё:

— Кватэра во будзе — трэба мэбля новая, не цягнуць жа гэта барахло ў новыя сцены... Тэлевізар трэба каляровы... Ларысе то боцікі дай, то футра... Усе людзі цяпер багата жывуць, чаму нам горай?

Не хоча Фімка, каб Таня з дзецьмі жыла горай, няхай жывуць добра, багата, але нашто так выжыльвацца, здароўе губіць. Хто-хто, а Фімка ведае, куды варты чалавек, страціўшы здароўе. Ляжаць во, як гліна, і не трэба ім ні боцікаў, ні мэблі.

Добра начное дзяжурства, калі спакойнае, але рэдка бывае спакойнае, чамусьці іменна ўначы злыя духі апаноўваюць чалавека. Прывозяць у бальніцу з прыступамі найболей уначы і часта адразу на стол, пад нож. А пасля аперацыі Фімка сядзіць ужо пры хворай, тут не падрэмлеш. I паміраюць часцей уначы, і ў бальніцы, і не ў бальніцы...