Выбрать главу

— Пакуль яшчэ, па-мойму, нікому не здрадзілі...

— Здрадзіў... Вы заселі ў маёй галаве, як цвік, яшчэ з мінулага года. Я вельмі паважаю Веру Мікалаеўну, але гэты раз мог на яе дзень нараджэння не прыйсці, яна ведала, што ў той дзень я рабіў складаную аперацыю. Я прыйшоў дзеля вас, ведаў, што вы будзеце там.

Яна магла б сказаць яму, што і ён запомніўся ёй, і яна, ідучы да Веры, думала пра яго, але не сказала.

Ён павярнуў машыну на дарогу, што вяла ў бок ад шашы, бегла па рэдкім лесе, справа на які асядала сонца. На хвіліну яно затрымалася на вяршыні высокай елкі, пырснула яркім залацістым святлом і паплыло ўніз, прашываючы лес касымі промнямі, кідаючы іх папярок дарогі. Машына падмінала гэтыя промні, ехала па іх, як па грэблі, промні падскоквалі з зямлі і набягалі на твары, паласавалі іх жоўтым святлом. Нібы ўцякаючы ад іх, Сяргей Кірылавіч павярнуў налева, на зялёную дарогу, якая вяла ў глыб лесу.

Яны спыніліся на паляне, парослай нізкай густой травой. Вакол паляны кусціўся арэшнік, за ім уздымаліся ў неба празрыстыя кроны хвой, стаялі панурыя елкі, бялелі камлямі бярозы. Сяргей Кірылавіч выйшаў з машыны, адчыніў дзверцы, запрашаючы выйсці і яе. I яна ступіла на траву, адчуваючы, як грузнуць у ёй высокія тонкія абцасы. З зялёнай травы на іх нібы з дзівам пазіралі дробненькія жоўтыя браткі, ківаў галоўкамі белы рамонак, сінелі званочкі. Сяргей Кірылавіч раскінуў рукі, глыбока ўдыхнуў паветра.

— Чуеце, які рай?.. Пасля шумнага, дымнага горада... Чуеце, якая цішыня?

Вакол сапраўды стаяла цішыня, толькі ціўкала ў лесе невядомая гарадской Тані птушка — тоненька і коратка:

— Ціў... Ціў...

З шырока раскінутымі рукамі ён падышоў да яе, абняў. Яна паспрабавала выслабаніцца, але ён абняў яшчэ мацней, і яна засталася ў яго руках.

Яе бог не пакрыўдзіў ростам, але ён усё роўна быў пашмат вышэйшы за яе, яна падняла вочы, зірнула яму ў твар, сустрэла ясны прамяністы позірк.

— Уявіце, што мы ў раі, што мы з вамі — Адам і Ева...

— А яблык, яблык дзе? — слаба спыталася яна.

— Ёсць яблык! — весела сказаў ён і пусціў яе, пайшоў да машыны, выцягнуў з багажніка стары зялёны плашч, кінуў на траву, з таго ж багажніка выняў некалькі яблыкаў, сыпануў іх на плашч, і яны рассыпаліся па ім — вялікія, чырвоныя.

— Вы чараўнік,— сказала яна.

— Мы з вамі будзем ляжаць, і есці яблыкі, і глядзець на неба, і дыхаць лесам,— гаварыў ён, рассцілаючы плашч на траве.

Яна села, заціснула яблык у далонях, аддаючы яму гарачыню сваіх рук, усперлася локцямі на калені, апусціла галаву.

Ён зноў абняў яе, павольна наблізіў твар да яе твару, асцярожна дакрануўся вуснамі да яе вуснаў. Яе нібы ўдарыла токам, і яна адхіснулася, яблык выпаў з рук, скаціўся з плашча, спыніўся ў густой траве. Ён пачаў яе цалаваць, расшпіліў каўнер яе сукенкі і цалаваў яе шыю, грудзі, цалаваў вочы, вусны.

Спачатку яна баранілася, потым зніклі сорам, страх. Цяпер ёй было ўсё роўна — што ў яго сям’я, што з лесу могуць выйсці людзі і ўбачыць іх, усё роўна, што ён падумае пра яе,— душу затапіла адчайная радасць.

4

Празрыста засінелі шыбы — пачыналася світанне, і як злыя духі начы, спужаныя набліжэннем сонца, пачалі знікаць, раставаць малюнкі мінулага, заставаліся толькі, як пасля хваробы, кволасць і смага. Асцярожна, каб не разбудзіць сына, яна паднялася, пайшла ў кухню, сцадзіла з крана цёплую ваду, маленькімі глыткамі пачала піць халодную, адчуваючы, як вяртае яна сілы. Глянула ў акно — і застыла з кубкам каля вуснаў. На ўсходзе, за дахамі высокіх дамоў, запальваўся чырванню гарызонт. Воблакі, аблітыя малінавым святлом, нерухома стаялі над ім вузкімі палосамі, у блакітна-зялёным небе патухаў празрысты серп месяца, каля яго макавым зернем дагарала зорка. З далёкага даля ў акно яе кухні пазірала вечнасць, і Таня раптам адчула сябе нібы далучанай да гэтай вечнасці, злітаю з вялікім, неабсяжным. Адчуванне вечнасці і злітнасці з ёю не прыніжала, а ўзвышала, супакойвала, як далучэнне да бясконцага, еднасць з тым бясконцым.

Яна вярнулася ў пасцель, лягла і заснула як забітая, і калі праз сон разумела ўжо, што пара ўставаць, ніяк не магла загадаць сабе прачнуцца. Праз сілу, як п’яная, паднялася, глянула на гадзіннік — сем. Вось што значыць прывычка — не праспала. Пайшла будзіць Сашу. Усё, што кроіла сэрца ўначы, знікла, зашылася, нібы ў схованку, якую, здаецца, калі нават моцна захочаш, сама не знойдзеш, нахлынулі клопаты дня.

За сталом, калі падавала ўжо Сашу сняданне, спытала:

— Ваша класная сёння будзе ў школе?

Саша з трывогаю глянуў на маці. Ён быў цяпер свежы, памыты, але заставалася ў ім і скаванасць, не было звычайнай гатоўнасці да смеху, да выбрыку.