Выбрать главу

I вось на Савецкай вуліцы першы наш танк, і бягуць, як пацукі, апошнія немцы, і падае збітая з Дома ўрада фашысцкая свастыка, і плачуць ад радасці людзі, цалуюць, абдымаюць запыленых, потных байцоў.

I Зіна з Ліляю там, на Савецкай вуліцы, каля Дома ўрада, і яны цалуюць прапахлых бензінам і порахам хлопцаў, і хлопцы рады абдымаць дзяўчат, і ўсе вераць — гора, бяда мінуліся, наперадзе адна ясната.

А цераз некалькі дзён Ліля прыбегла з навіною — з усіх лясоў у горад ідуць партызаны, будзе парад партызанскага войска, недзе на Пуліхава, увесь горад туды кіруецца...

Ці ж маглі Зіна з Ліляю ўседзець дома? Пастараліся прыбрацца ў самае лепшае. Зіна блузачку мела блакітную ў белыя рамонкі, крэп-жаржэтавую, яшчэ ў пачатку вайны матка ў нейкай бежанкі на крупы выменяла. Адзела Зіна тую блузачку, да яе спаднічку чорную — пекната. Агледзеліся, што ў Лілі нічога людскага няма ўздзець. Папоркалася Зіна ў сваім куфэрку — і Лілі блузку выцягнула, ружовую, у белыя бобачкі. Магла б Лілі сваю сукенку даць, дык у Зініну сукенку тры Лілі ўлезе.

Маладосць — яна і ў абы-якой сукенцы прывабная, а прыбраліся дзяўчаткі і яшчэ больш пахарашэлі, нават Ліля папрыгажэла, а пра Зіну ўжо і казаць няма чаго, мала які хлопец устоіць.

Узяліся дзяўчаты за рукі — пабеглі. Па зламаных, гнілых дошках тратуара, па выбітым бруку, абапал якога грувасцілася бітая цэгла, стаялі абгарэлыя сцены, свецячы ў праёмах вокнаў і дзвярэй сінім небам, яркім сонцам. I на сэрцы ў Зіны было светла, радасна. Хіба яна ў чым вінаватая перад сваімі? Яна ж ненавідзела немцаў і ў партызанах была, няхай нядоўга, але была, а што ўцякла, то і не дзіва — такі страх, самалёты, бомбы і немцы ўсё бліжай, бліжай... А што там, на дарозе, Грышка заступіўся, то што ж яна вінаватая? Каму было б лепей, каб і яе з тымі палажылі? Каго б яна ўратавала сваёй смерцю? Грышка пашкадаваў яе маладосці, схлусіў немцам, што яна яго паненка.

Але нават пра гэта не думала цяпер Зіна, яна была рада, што нашы вярнуліся, яна не чула за сабою віны, яна была рада, што ў горад ідуць партызаны. Праўда, часам, на нейкі міг, уставала перад вачмі адзінокая падвода на дарозе, Грышкава постаць у паліцэйскім шынялі, немцы з аўтаматамі, але Зіна старалася адагнаць усё гэта, не думаць пра тое, што змяніць немагчыма.

Яны стаялі з Ліляю, узяўшыся за рукі, і глядзелі, як паўз Дом урада — пачарнелы, у плямах маскіроўкі — адна за адною ішлі калоны партызан у пінжаках і фрэнчах, у ватоўках, шынялях і плашчпалатках, у пілотках і кепачках, у вайсковых фуражках з зоркамі, у ботах і разбітых чаравіках, з аўтаматамі на грудзях і вінтоўкамі за плячыма, з пісталетамі на паясах, з ордэнамі і медалямі на грудзях, усе худыя, закаржанелыя ад нялёгкага жыцця ў лесе і разам з тым вясёлыя, шчаслівыя, бо з зямлянак, з лесу выйшлі на святло, на прастор, бо не трэба больш хавацца, можна паказаць сваю сілу, яны — перамаглі.

Мінаючы Дом урада, калоны ішлі далей, па разбітых вуліцах Мінска, несучы перад сабою сцягі атрадаў, брыгад, стараючыся ісці строем, роўна, як салдаты на парадзе, стараючыся не зважаць на радасныя твары людзей, што стаялі на тратуарах і з захапленнем глядзелі на іх, і не могучы не зважаць, неяк вельмі ўмела вылучаючы сярод шчырых вачэй, радасных усмешак вочы і ўсмешкі маладых дзяўчат, яшчэ больш падцягваючыся пад гэтымі ўсмешкамі, часам падміргваючы той, што здалася асабліва сімпатычнай.

Трапляліся між партызан і жанчыны, і Зіна страшэнна зайздросціла ім і вельмі шкадавала, што сама не з імі, лічыла, што і яе месца сярод тых, што выйшлі з лесу.

Яна не ведала — калі прыйшла ёй гэта думка — ці тады, калі пачула пра партызанскі парад, ці потым, калі ўбачыла іх калоны, а можа, гэта надзея жыла і раней, ды толькі цяпер акрэслілася словам: Ромка... А можа, тут Ромка?.. Можа, убачыць яго?..

Не, мусіць, гэта думка заварушылася потым, калі ўбачыла, як шмат прыйшло ў Мінск партызан. Бо раней глядзела на калоны проста так... А потым нешта як абпаліла грудзі, і яна пачала прыглядацца... Ці няма яго тут... А можа...

Узбоч партызанскіх калон беглі падлеткі і зусім малыя дзеці — хлапчукі ў бацькоўскіх шапках, у залатаных каптанчыках, кашульках, у разбітых чаравіках, беглі дзяўчаткі, целяпаючы коскамі з заплеценымі ў іх анучкамі замест стужак. Згаладалыя, абы-як апранутыя дзеці ваеннай пары, ішлі за калонамі і жанчыны, і калекі, успіраючыся на кійкі, на мыліцы, не адставалі ад іх і дзяўчаты.