Прайшоўшы паўз Дом урада, партызанскія калоны кіраваліся ў бок вакзала, адтуль па разбітых вуліцах, кавалкі якіх выглядалі зусім пустырамі, паўз руіны і рэшткі разбітых дамоў ішлі ў бок Пуліхава. Зіна з Ліляю не адставалі ад калоны партызан, каля якой апынуліся яшчэ на Савецкай вуліцы. Зіна злавіла ўжо не адну ўсмешку, не адны вочы бліснулі ўжо ў яе бок. Нават Лілі перапала ўвагі, адзін, чарнявы, цыганаваты, у абшморганым скураным пінжачку, з аўтаматам на грудзях, усміхаўся і падміргваў яўна Лілі. I яна заружавелася, з твару не сыходзіла радаснае захапленне. А Зіна то і злічыць не магла тых усмешак і позіркаў. Яна адбівалася ў іх, бачыла сябе ў тых позірках і ўсмешках, як у люстэрку,— сінявокую, румяную, з ямачкаю на шчацэ, у блакітнай блузачцы, і яшчэ больш харашэла ад сваёй прывабнасці.
Партызанскія калоны ўваходзілі ў горад з усіх бакоў — і са Слуцкай шашы, і з Маскоўскай, з Лошыцкага тракту і з Брэсцкага. Не ўсе калоны праходзілі паўз Дом урада, шмат якія кіраваліся адразу ў бок Пуліхава, туды, дзе да вайны збіраліся будаваць іпадром. Цяпер там ляжала вялікая пустка, толькі здалёк, на пагорках, відаць былі разбітыя дамы, чэзлыя дрэўцы, парослыя травою курганкі. Партызанскія калоны, як рэкі, плылі на гэту пустку, утвараючы людское мора, якое калывалася, смяялася, спявала.
У адным баку пусткі стаяла абцягненая чырвоным крэпам трыбуна, спераду на ёй, вялікімі белымі літарамі, было напісана: «Няхай жыве Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік!» За трыбунаю, на велізарным шчыце, быў намаляваны партызан — у светлай кашулі, у галіфэ, апаясаны патроннымі стужкамі, з гранатамі на поясе. Адну руку ён узняў, быдта паказваючы ў бок ворага і клічучы людзей за сабою. У другой руцэ сціскаў аўтамат. Гэта быў вобраз партызана-героя, і, мусіць, гледзячы на яго, кожны партызан з тых, што збіраліся тут на парад, адчуваў, бачыў сябе іменна такім.
Каля трыбуны іграў аркестр, бліскаючы на сонцы медзянымі трубамі, сама трыбуна пакуль была пустая, і партызанскія калоны, што прыходзілі на гэту пустку, не доўга трымалі строй, а расплываліся, расцякаліся, гатовыя, аднак, па першым сігнале зноў сабрацца ў роўныя радочкі.
Зіна з Ліляю спачатку баяліся ісці туды, у гушчу партызан, можа, туды ісці нельга? Але скора ўбачылі, што там ходзяць і староннія людзі — тыя ж падлеткі, дзяўчаты, маладыя жанчыны і іх ніхто не праганяе. I яны спусціліся з пагорка ўніз, уліліся ў тое мора.
У адным гурце партызаны, стаўшы ў кружок, спявалі:
З другога гурту далятала:
Крышку далей ад спевакоў адзін партызан іграў на гармоніку, другі, у сярэдзіне кола, танцаваў, задзірыста збіваючы на патыліцу аблезлую, пакамечаную кубанку з чырвоным паскам наперадзе, ляпаючы рукамі то па грудзях, то па разбітых чаравіках, пускаючыся ўпрысядку. Твар яго блішчаў ад поту, блішчалі ў радасці вочы, блішчалі белыя зубы, якія ён адкрываў усмешкаю.
Пры адной калоне партызан пахаджваў казёл, абвешаны нямецкімі крыжамі і медалямі. У казла былі доўгія, загнутыя ўгору, баявітыя рогі, доўгая шэрая поўсць і сапраўдная казліная барада. Людзі абступалі жывёліну, смяяліся, некаторыя спрабавалі зачапіць, падражніць, але казёл трымаў сябе незалежна, не звяртаў увагі на кпіны, на людскую гаману.
— Казёл заслужаны, тры гады ў партызанах быў,— ляпаў жывёліну па спіне худы белабрысы хлопец у кароткім пінжачку, з аўтаматам за плячыма.— Медалі на ім і генеральскія, і палкоўніцкія.
Казёл нібыта разумеў, што яго хваляць, і прымаў яшчэ больш незалежны выгляд. Людзі смяяліся.
I Зіна з Ліляю смяяліся з казла, і ім было весела, весела ад таго настрою, што панаваў на вялікай пустцы. З імі загаварвалі хлопцы, звалі ў свой гурт. Ліля, здаецца, і рада была б прыпыніцца каля якіх вясёлых малайцоў, але Зіна вяла і вяла яе за руку — далей, далей. Яна разумела, што знайсці чалавека ў такой процьме людзей, што спрабаваць знайсці іголку ў капе сена, ды, можа, Ромкі тут і няма, не ўсе ж партызаны прыйшлі на парад, толькі лепшыя, якіх выбрала начальства. I яшчэ — ці дажыў Ромка да гэтага дня, ці ўратаваўся тады атрад ад немцаў, можа, Ромкавы і костачкі ўжо сатлелі, а яна...
Не адпускаючы Лілінай рукі, Зіна то прабіралася праз гушчу партызан, то праходзіла паўз калоны, якія трымалі яшчэ строй, то спынялася і вадзіла вачмі па галовах, па шапках, па тварах, шукаючы таго, знаёмага. Ліля, хоць і не ведала Ромкі, таксама вадзіла вачмі па гуртах партызан, быдта і яна магла сустрэць знаёмага.