Выбрать главу

— Каго шукаеце, дзевачкі?

— Можа, мяне, то во я, во!..

— Хадзіце да нас, прыгажуні! — чаплялі Зіну з Ліляю хлопцы, але яны толькі ўсміхаліся на заляцанні і ішлі — далей, далей.

I раптам:

— Зіна! Зіна!

Зіна спынілася, закруціла галавою, шукаючы — хто кліча Зіну і ці яе...

У пляскатай кепачцы і чорнай кашулі з белымі гузікамі, з аўтаматам на грудзях, худы, загарэлы, радасны, распіхваючы партызан, да яе бег Ромка.

— Зіна! Зіначка! Жывая!

Ромка пры ўсіх абдымаў, цалаваў яе, і вочы яго большалі ад слёз, што ў іх набягалі.

— А прыгожая ж ты! Ледзь пазнаў! Думаў — ты, не ты...

— Ды я, я,— смяялася Зіна.

— А дзе ж ты тады дзелася, я шукаў, шукаў, думаў, забілі немцы, і сярод забітых шукаў...

Не падрыхтавала Зіна адказу Ромку на такое пытанне, але тут жа ўспомніла, што казала некалі Лілі, якая стаяла цяпер пад бокам. I Раману пачала тое самае:

— Мяне камандзір паслаў... У горад... На яўку... Але той дом бомбаю разбіла...

У гэты час пачулася каманда:

— Строіцца! Станавіся!

Партызаны забегалі, кожны шукаючы сваю калону, сваё месца. I Ромка азірнуўся, і яму трэба было бегчы. Але ён не мог пакінуць Зіну, выпусціць яе руку.

— Станавіся! — грымела праз рупар каманда. Раскіданыя гурты партызан ужо пазбіраліся ў калоны, ужо раўняўся іх строй, толькі некаторыя, што спазніліся, яшчэ беглі да сваіх атрадаў.

На Ромкавым твары адбіўся адчай. Яму трэба было бегчы, скарэй бегчы ў сваю шарэнгу, і выпусціць Зініну руку ён не мог, здавалася яму, як выпусціць, зноў надоўга згубіць. I ён пацягнуў Зіну, пацягнуў за сабою ў строй.

— Ты таксама партызанка, маеш права, пайшлі! Забыўшыся на Лілю, пакінуўшы яе адну на пустыры, Зіна пабегла за Раманам.

Духавы аркестр іграў марш, на трыбуне ўжо стаяла шмат людзей, па шарэнгах ішоў урачысты шэпт:

— Чарняхоўскі! Глядзіце, на трыбуне Чарняхоўскі!

— I Панамарэнка!..

— I амерыканцы! Дэлегацыя амерыканская!.. Партызаны раўнялі шарэнгі, падцягваліся. Спераду калоны, у якой ішлі Раман з Зінаю, палымнелі сцягі. I наперадзе параду было шмат сцягоў. Калоны, што стаялі першыя, ужо зрушылі з месца. Грымела баявая музыка духавога аркестра. Вось і іх калона зрушылася. Урачыстыя твары. Цвёрды крок... Збоку калоны бегаюць дзядзькі з фотаапаратамі, пстрыкаюць, пстрыкаюць. А вунь на раскірэках вялізны апарат, мусіць, кінахроніка, іх здымаюць на кіно...

Каля трыбуны ішлі асабліва ўрачыста, начальства трымала руку пад казырок. Партызаны крычалі «Ура!». I Зіна крычала «Ура!». Калі мінулі трыбуну, яна азірнулася. I ўбачыла казла. Таго самага, з нямецкімі ўзнагародамі. Казла на вяроўцы вёў той самы партызан — белабрысы, у кароткім пінжачку, з аўтаматам. I целяпаліся на казле нямецкія крыжы, медалі... Начальства на трыбуне ўсміхалася...

Тая сустрэча з Ромкам вырашыла Зінін лёс. Па-першае, Раман запісаў яе прозвішча ў лік партызан атрада імя Чапаева. Па-другое, быў дакумент — Зіна на парадзе партызанскім. Атрымалася так, што яна трапіла не ў адзін кадр — і на фотакарткі, і ў кінахроніку.

Болын за ўсё Зіна баялася начальніка асобага аддзела, ён і там, у лагеры, як толькі Зіна апынулася ў атрадзе, доўга з ёю гаварыў — чаму яна прыйшла ды хто прыслаў, хто прывёў. Цэлы допыт наладзіў. Баялася допыту і цяпер. Жыла ў трывозе. Спыталася ў Рамана, быдта з клопатам, з цікавасцю да тых людзей:

— А дзе ж камандзір наш? Дзе начальнік асобага аддзела?

— Камандзір загінуў у тую блакаду,— адказаў Раман.— А начальніка асобага аддзела ўзялі ў армію.

Як дазналіся потым Раман з Зінаю, і начальнік асобага аддзела загінуў. На фронце. Пад самым ужо Берлінам.

I шкода было Зіне гэтых людзей, і разам з тым быдта палёгка... Няма каму дапытваць...

Раман, было, яшчэ раз папытаўся:

— Дык куды, чаго цябе камандзір у Мінск пасылаў?

I Зіна яго да таго дома падвяла, да разбітага, дзе нібыта яўка была. А што хацеў ад яе камандзір — сама не ведае. Там, на яўцы, павінны былі сказаць.

Раман паверыў.

I пайшла пра Зіну слава партызанская, якую яна ахвотна падтрымлівала.

Яе паслалі вучыцца. А потым паставілі дырэктарам швейнай фабрыкі.

Раман скончыў партыйную школу і працаваў цяпер старшынёй райвыканкома. Мог бы вышэй падняцца ў сваёй кар’еры, ды ніколі не ведаў, як Зіна казала, дзе трэба лізнуць, а дзе гаўкнуць... Замінала трохі і гарэліца, не мінаў, грэшным дзелам.

З гадамі неяк атрымалася, што верх, аўтарытэт у сям’і ўзяла Зіна. I партызанскую славу займела большую, чым Раман. Яе, а не Рамана запрашалі на сустрэчы з моладдзю, яе, а не Раманавы партрэты друкаваліся ў газетах, часопісах, яна, а не Раман сядзела ў ганаровых прэзідыумах, яе, а не Рамана ўвялі ў камісію па справах былых партызан, падпольшчыкаў. Яна сама ўжо верыла ў сваё геройскае, баявое партызанства. Расказвала на сустрэчах, як пад кулямі перавязвала параненых партызан, як страляла па немцах, якія наступалі на лагер. Як па заданню камандзіра хадзіла на яўкі. I нішто душы не трывожыла, пераканала сябе і іншых, што так і было.