Выбрать главу

I Фімка прыглядалася да людзей, якія прыязджалі на машынах.

Яго не прывезла машына, ён прыйшоў сам. I цяпер яна яго пазнала. Пазнала адразу, здалося цяпер, што ён і не змяніўся, такі, як і быў. Толькі крышку папаўнеў... I адзежа не тая... Шапка, паліто... У руцэ партфель з бліскучымі замкамі... Быдта які доктар...

Зледзянелыя, змерзлыя грудзі абдало гарачым.

Моцна застукала сэрца. Каб і хацела, не магла б падняцца з лавачкі. Вяла за ім вачмі, як ён ішоў, не здагадваючыся нават, што на яго скіраваны пякучы позірк. Бразнуў дзвярыма пад’езда.

Памалу адыходзіла гарачыня, сунімалася сэрца. Падступала жаданне ўстаць, зайсці ў тую кватэру, скінуць хустку і спытаць: «Ці помніш мяне, Ромка?» А што, як скажа — не помню... Сказаў жа некалі — «У нас з табою не было нічога... Нічога не было...» А можа, дамовіліся з Зінай Патапавай — не прызнаваць... Можа, расказала яму Зіна, што прыходзіла нейкая Фімка, і дамовіліся — не прызнаваць...

Холад, які растапіла гарачыня, зноў папоўз па целе, зноў пачула, як застылі ногі. Паварушыла пальцамі ў рукавіцах — і рукі задубянелі.

Бегалі, смяяліся дзеці. Тыя самыя ці другія? Праз адкрытую фортку матка клікала свайго:

— Саша! Дадому!

А калі б і пазнаў? Калі б і прызнаў? Што б яна яму сказала? Падпішы дакумент? А на чорта ёй той дакумент?! Трыццаць гадоў жыла, а цяпер дакумент... Ці ж яна за дакумент на Мішкавых нагах ляжала, калі доктар з яго цела кулю выкалупваў? Ці за дакумент бінты мыла, па чарніцы бегала, Мурмоня перавязвала?

Апомнілася Фімка, а яна ж не мые падлогу, стаіць, успершыся на шчотку, вада ў вядры застыла мутным азярцом. Людзі абыходзяць вядро, Фімку. Спахапілася, зашоргала анучаю па лінолеуме, быдта змываючы, праганяючы з памяці Зіну Патапаву, Ромку.

«Няхай жывуць... Яны — самі па сабе, я — сама па сабе... Чаго мне не хапае? Сытая, адзетая...».

На століку ў калідоры стаяла жоўтая скрыначка рэпрадуктара, трое мужчын у бальнічных піжамах, успершы бароды на складзеныя кулакамі рукі, уважліва слухалі перадачу. Калі Фімка падступіла да іх са сваёю шчоткаю, яны памкнуліся падняцца, але яна стрымала:

— Сядзіце, сядзіце, толькі ногі крышку...

Мужчыны пападнімалі ногі, і яна павяла па падлозе анучаю, адышла, каб не замінаць людзям...

Ідучы з работы, як заўсёды, зайшла ў адзін магазін, у другі, напакавала сумку прадуктамі.

Даль засцілала рудая морась, дробнымі кроплямі сыпала ў твар, пад нагамі распаўзаўся раскіслы снег.

З вуліцы, забудаванай новымі камяніцамі, павярнула ў свой завулак — нізенькі, драўляны, з голымі дубцамі вішань, яблынь, напалову раскіданы завулак, у якім засталося ўсяго тры дамы і ў адным з якіх жаўтаватым агнём свяціліся вокны. Нехта ўжо дома — Таня ці Ларыса... А можа, усе сабраліся...

I хваля радасці, цеплыні накацілася на Фімку, зазвінеў, загучаў у душы даўні, забыты ўжо спеў. I ад яго па сэрцы — галубіным крылом, галубіным крылом.

Не ведае Фімка, чаго зрабілася так радасна і лёгка на душы. Можа, таму, што адкінула клопат пра той дакумент... Што будзе жыць, як і жыла. Радавацца, што з работы ідзе дадому. I што назаўтра з дому на работу пабяжыць... Што і там і тут людзі, якіх яна любіць.

Галубіным крылом, галубіным крылом... Ці з зямлі паднімаўся той спеў, ці плыў з неба, ці ў ёй самой нараджаўся?..

Апавяданні

«ТАНЦУЙ ТАНГО...»

Гарадок быў нібыта незнаёмы чалавек, пра якога думаеш — вельмі ён на некага падобны, толькі не ўспомніш — на каго, а потым пачынаеш разумець, што гэта проста такое аблічча, блізкае табе аблічча, можа, нават земляка, чалавека з тваёй вёскі.

Так і гэты гарадок. Колькі іх, вось гэтакіх — з зялёным скверыкам у цэнтры, з Домам культуры, у архітэктуры якога можна пазнаць былую царкву альбо касцёл, з брукаванаю плошчаю, абапал якой на невялічкіх мураваных дамах шыльды — «Прадукты», «Кнігі», «Універмаг», з брукаванымі вуліцамі, што разыходзяцца ад гэтай плошчы. Не разбягаюцца, а іменна разыходзяцца, бо ўвесь тэмп жыцця ў такіх гарадках пасля шумных сталіц здаецца як у замаруджанай стужцы кіно. Тут у магазінах не падганяюць прадаўшчыцу — скарэй, скарэй, яна спакваля робіць сваю работу, тут не бягуць на злом галавы па вуліцах, каб дагнаць аўтобус ці тралейбус, тут не адмахваюцца ад чалавека, які што-небудзь пытаецца, а спыняюцца і шчыра, доўга, падрабязна расказваюць, як і куды ісці. Так падрабязна, што таму, хто спытаў, ужо хочацца скарэй пабегчы, бо ўсё ўжо даўно зразумеў. Але мясцовы жыхар тлумачыць, тлумачыць, а ў самога ў вачах столькі цікаўнасці, так хочацца яму, каб на яго тлумачэнні і ты даў свае, сказаў, хто ты ды адкуль, чаго сюды прыехаў, бо сваіх яны ўсіх ведаюць, а па табе адразу відаць, што ты тут залётная птушка.