— Я? — на хвіліну завагаўся: казаць? не казаць? А чаму не сказаць пра радасць сваю! — Я... мне толькі што Іра праз акно паказала дочачку нашу, тры дні назад нарадзілася. Вылітая Ірачка.
Ядвіга пазелянела i як бы збянтэжылася. Але на міг. Тут жа саркастычна хмыкнула:
— Ты робішся бабай, пан прафесар. «Вылітая Ірачка!» Ірачка! Якая сентыментальнасць! Усе бацькі такія слюнцяі?
— Чаму ты такая злосная? Зайздросціш?
— А чаму мне радавацца?
— Табе нявесела жывецца?
— Вельмі весела.
— А весялосць i ёсць радасць.
— Зануда ты, Аксён. «Вылітая Ірачка»... Ха!
— Ірыну не чапай.
— Цаца-цаца. Парадзіха па-за падазрэннем, як каралева. Маўчу. Але пачастуй мяне.
— Чым?
— Я хачу выпіць. A ў мяне няма грошай. Мама не перадала. Мяне цягне выпіць!
— Не зрабіся алкагалічкай.
— А можа, я ўжо стала ёю. У пад'ездах, праўда, не валяюся. Дама рэспектабельная... Але выпіць люблю. Хіба пры табе я не піла? Святы адзін ты... Усе астатнія грэшныя.
Хацеў сказаць, што ў яго няма грошай, але пабаяўся, што яна можа вылаяць яго, сапсаваць радасны настрой. I трохі шкада яе стала. Ды i ўрэшце, чаму i яму не выпіць чарку каньяка ці бакал віна за сваю Славяначку... Імя прыдумала Ірына, але яму спадабалася.
Пайшлі ў бок Вяснянкі.
— У цябе не цяжкая торба? Дай я пранясу.
Аддала.
— На, нясі. Некалі ты мяне насіў на руках.
— Я — насіў?
— Забыўся? Кароткая ў цябе памяць, прафесар. Формулы не забываеш?
— Не забываю.
— А я думала, Ірачка зацьміла тваю памяць. «Вылітая Ірачка!» Чуеш, чайкі рагочуць?!
Ішлі па мосце праз Свіслач. Над вадасховіш^ім лятал! чайкі, як бы ўстрывожаныя нечым. Была другая палова дня, але чэрвеньскае сонца стаяла яшчэ высока i пякло няшчадна.
Аксён пачуў, што Ядвіга цяжка дыхае.
— Дарэмна ты хочаш выпіць.
— Шкадуеш грошай?
— Грошай не шкадую. Цябе шкадую.
— Чаго мяне шкадаваць? Я яшчэ маладая. Ведай гэта, мой незабыўны. Павер: я цябе не забываю. Ты — чала-век!..
— Дзякуй. Такой атэстацыі я яшчэ не меў. Чалавек! Гучыць горда!
— Ты i з Ірачкай так размаўляеш?
— Не, не так.
— Здагадваюся, як ты сюсюкаеш. «Вылітая Ірачка!»
— Нам усё ж лепш развітацца.
— Не! Я хачу выпіць!
Не адразу знайшлі, дзе даюць у разліў. Ядвіга лаяла гандаль.
Спыніліся на вуліцы каля магазіна. На сонейку стаял! столікі.
— Табе што?
— Любой атруты, толькі мацнейшай.
Аксён заказаў ёй брэндзі, сабе — віна. Яна ўпікнула:
— Ты ўсё ж баба.
— Гэта мяне не абражае. Баба дык баба. Мая маці называе сябе бабай.
Пацешыўся, што рука ў яе не задрыжэла, калі яна падняла шклянку, i не выпіла залпам, як алкаголікі, піла маленькімі глыткамі — смакавала. З выпітым знікала бледнасць, смутак у вачах, яна набывала ранейшы выгляд прыгожай жанчыны.
— Як ты жывеш, Ядвіга?
— З кім?
— Ды з тым... Донжуанам...
— З пляшывым катом, хочаш сказаць...
— Я не абражаю i ворагаў...
— Які ён твой вораг! Лічы, сябра. Падарыў табе Ірачку.
— Кпі, але без злосці. Іру мне падарыў Бог.
— Во як! А мне хочацца падпаліць увесь свет.
— Не трэба, Ядзя. На каго ты злуеш?
— На сябе. А рыцар той... Я даўно дала яму выспятка пад зад.
— Прабач. Hi слова больш... Я не лезу ў тваю душу.
— Можаш лезці — у ёй пуста.
Аксён паклікаў бармена, каб разлічыцца.
— Закажы яшчэ.
— У мяне мала грошай. Усё патраціў на пасаг Славяначцы.
— Каму?
— Славяне. Нашай маленькай.
— Што за імя?
— Прыгожае імя.
— Прыгожае, — згадзілася Ядвіга. — Я хачу яшчэ выпіць.
— Не магу.
— Зануда ты i скупердзяй. Пялюшачкі купіў! Ды твая квактуха нагатавала ix на другі дзень пасля шлюбу. Знаю я такіх...
— Ты толькі сябе не знаеш.
— Сябе не знаю. Дык не закажаш яшчэ?
— Не.
— Ну i чорт з табой, — паднялася i, не развітаўшыся, пайшла ў бок прыпынку.
Аксён Пракопавіч нейкі час глядзеў ёй услед з усмешкай на твары. З палёгкай уздыхнуў, разлічыўся i пайшоў у другі бок — да сваёй аўтобуснай лініі. Ішоў павольна, але яму здавалася, што ляцеў. На Ядвігу забыўся. Перад вачыма стаяла Ірына з маленькім ружовенькім чалавечкам на руцэ. Яна смяялася. Ён шаптаў ix імёны:
— Ірынка, Славянка.
Прахожыя недаўменна азіраліся на яго.