З Пыхані да Краўцоўкі восем вёрст, i я ў выхадныя колькі разоў хадзіў туды. Цягнула пабачыць Гашу. Праходзіў міма яе хаты, заглядваў у акно, але ні разу так i не пабачыў. I каханне згасла.
У Пыхані сям'ю крамніка пасялілі ў доме, другую палавіну якога займаў чырвоны куток, там праходзілі сходы леснікоў, рабочых, i нам чутны былі ўсе размовы, i мне асабіста яны здаваліся цікавымі: грамацей, як называў мяне бацька, я ведаў амаль усе тайны прафесіі. Але суседства з чырвоным кутком дало мне значна больш — багацце кніг, на якое ў Краўцоўцы быў голад: усё, што было ў Валянціны Андрэеўны, я прачытаў, а больш кніг ні ў каго з бацькоў маіх аднакласнікаў не было. Якія кнігі!
У пачатку я карыстаўся кніжнай шафай нелегальна: выявіў, што калі ўзлезці на грубку, то там каля самай столі — шчыліна ў суседнюю палавіну, з якой трапляў на тую ж шафу; дзіця лесу, лазіў, што вавёрка.
Але здарыўся камічны выпадак. Кал i я корпаўся ў кнігах, прыйшоў загадчык кутка кульгавы Цімох Цыкуноў, пасля ляснічага самы адукаваны чалавек.
Куды дзецца? I я залез у шафу ў ніжні адсек — на падшыўкі газет. A Цімох прыйшоў не адзін — з сябрамі, i яны селі гуляць у шахматы. I я, нябога, заснуў у шафе i выдаў сябе храпам. Хлопцы вывалаклі мяне, здзівіліся, але смяяліся.
— Ты як трапіў сюды, кот шкадлівы?
— Дзядзечка Цімох, а я кнігі ў вас бяру, але, прачытаўшы, кладу назад. Палічыце — усе на месцы.
— Дзівак! Па кнігі мог бы хадзіць i праз дзверы.
Во жыццё настала: доступ да ўсіх кніг! Я дагэтуль удзячны Цімоху, якому лес, на жаль, адвёў мала гадоў: сухоты касцей звялі яго ў магілу, ад сухот памерла i яго сястра, з якой я хадзіў у Церухскую школу.
Да Церухі было больш трох кіламетраў па лясной дарозе, абапал якой стаялі гонкія сосны, бярозы, дубы, шапкамі сваімі дастаючы аблокі.
З Пыхані хадзіў я i брат мой Павел — у трэці клас. А побач, на другім беразе рэчкі Церуха, быў ладны пасёлак Каралін, адкуль хадзіла нямала вучняў. Але сяброўства з імі не наладжвалася: я картавіў, i яны дражнілі мяне, хоць у Краўцоўцы чамусьці ніхто не звяртаў увагі, ніхто не крыўляў.
Школа змяшчалася ў былым папоўскім доме, два класныя пакоі, займаліся паралельна пяты i сёмы, тосты — у другую змену; «першая ступень», як называлі малодшыя класы, вучылася ў дарэвалюцыйнай школе, маленькай, струхнелай, халоднай.
Мяне пасадзілі з двума хлопцамі, імёны якіх я не помню. Але імёны траіх дзяўчат, якія сядзелі за маёй партай, захаваліся на ўсё жыццё. Як не помніць! Маша Кротава! Ліда Блінцова, Тамара Дзегцярова.
Маша была маленькая, рыжанькая, з вялікімі блакітнымі вачамі, вельмі жывымі, выразнымі, у ix адбіваліся ўсе яе пачуцці — здзіўленне, радасць, расчараванне, крыўда. Маша была самая ціхая i самая далікатная, па-сучаснаму сказалі б — інтэлігентная. Былі такія дзеці i ў сялянскіх сем'ях.
Дзяўчаты ў першыя ж дні выявілі, што я добра рашаю задачы, i патрабавалі, каб рашэнне перадаваў ім — на паперцы, настаўнік Старосценка быў строгі, яго баяліся, i я баяўся. Але Тамара была дзяўчынка настырная i смелая. Калі я не даваў рашэнне, яна i Ліда скублі вавёрчын каўнерык майго паліто, пашытага з бацькавага фрэнча. I так выскублі, што ўтварыліся лысіны, бацька ўбачыў ix — здзівіўся:
— Сабакі лізалі твой каўнер, ці што? Зімовая вавёрка. Гомельскія барышні з рукамі адарвалі б, каб павёз такую вавёрку.
Не скажу, што я закахаўся ў Машу, як у Гашу. Але ўвагу маю яна прыцягвала i як бы набівалася на сяброўства. Я даваў ёй — не языкатай Тамары — рашэнне задач, яна, заглядваючы праз плячо, неяк вельмі ўмела паказвала на мае памылкі ў дыктантах; я «плаваў» у рускай мове; дачка святара Валянціна Андрэеўна дала мне добрыя веды па беларускай мове i чамусьці не лепшыя па рускай; здаецца, толькі ў арміі я навучыўся пісаць без памылак.
Дырэктарам школы быў Салодкі (забыўся імя яго, імя па бацьку) — чалавек вясёлы i дасведчаны, яго аповяды пра грамадзянскую вайну, пра яго ўдзел у ліквідацыі банды Галакі (імя гэтае было на языках у сялян вакольных вёсак, i асабліва прыпаміналі бандыта дабранскія яўрэі). Але Салодкі меў звычку даваць хлопцам пстрычку па носе ці алоўкам па лбе. Мне даставалася часта, бо на мяне скардзіліся каралінскія дзяўчаткі, што па дарозе я ix б'ю. У Краўцоўцы я паводзіў сябе прыкладна — лепшы вучань, ды i наогул ні з кім не біўся ні да таго, ні пасля. А тут чамусьці стаў хуліганісты — па-за школай, з каралінцамі, якія здзекаваліся, называлі мяне «калова», хоць да таго часу я ўжо вымаўляў «р» зусім нядрэнна.