Запомніўся адзін выпадак — крыўдны i кранальны. Салодкі колькі разоў папярэдзіў, каб я пастрыгся, бо хадзіў лахматы, як краўцоўскі воўк (чаму краўцоўскі — няўцям мне было). Помню, з-за ўпартасці ці таму, што ў Пыхані не было каму пастрыгчы, я адкладваў гэтую працэдуру. I тады Салодкі прынёс вялікія нажніцы — казалі, авечыя, — пасадзіў мяне на перапынку на табурэт i пачаў сам стрыгчы. Дырэктар слабы быў псіхолаг: не ўяўляў, як гэта вучню пятага класа было абразліва... Перад усім жа класам! Большасць вучняў зларадна смяялася — дзеці жорсткія — i кідала ўедлівыя жартачкі: «Стрыгуць, як барана». I толькі адна худзенькая дзяўчынка не смяялася, яна стаяла насупраць, на твары яе адбівалася пакута, быццам стрыглі яе самую, a ў шырокіх, заўсёды як бы здзіўленых вачах плавал i слёзы. Гэта была Маша. Яна спачувала мне, шкадавала, бадай жа, па-матчынаму. Яе спагада кранула мае «ачарсцвелае» сэрца. Расчулены, я ледзьве ўтрымаўся, каб не зараўці. I, помню, падумаў: «Во адзіны сапраўдны сябра. Даражэй за сястру. Цяпер адной ёй буду паказваць рашэнне задач».
I з таго дня праяўляў да яе асаблівую ўвагу, хоць яна пачала пазбягаць мяне i памылкі не падказвала, бо дзяўчаткі-сарокі пачалі стракатаць, што ляснік — Машын жаніх. Яна саромелася. А мая брацкая пяшчота да яе расла. Пэўна, тады ўжо магла б вырасці ў юнацкае каханне, каб мы вучыліся разам — у шостым класе, у сёмым. Але хадзіў я ў Церухскую школу ўсяго месяцы тры.
Бацька мой пратаргаваўся ў краме, мусіў прадаць цёлку, каб пакрыць нястачу. Між іншым, бацькаву працу я ненавідзеў, можа, больш, чым мая маці. Яна баялася, што ён пратаргуецца, помню, як галасіла, калі рэвізія выявіла нястачу: «Пасадзяць дурня ў турму». Я ненавідзеў па іншай прычыне: з-за абавязкаў, якія бацька ўсклаў на мяне па краме. Была картачная сістэма. З імяннога ліста кожнага спажыўца бацька выразаў маленькія картачкі-квадрацікі, на якіх надрукаваны былі назвы прадуктаў — «хлеб», «крупа», «сахар», «рыба» i г. д. Кідаў ix у агульную скрынку. Мой абавязак — разлажыць ix па прадуктах, палічыць, запісаць, запакаваць. Рабілася гэта, як правіла, позна ўвечары, калі, стомлены за дзень дарогай у школу, урокамі, я кляваў носам i часта кідаў «крупу» ў «соль» ці «мыла» ў «цукар». Бацька часам угледжваў гэта i біў па руках. А пасля аднаго здарэння я дэманстрацыйна нядбайна ставіўся да гэтай нуднай працы. Бацька адвозіў картачкі ў Гомель — у ОРС (отдел рабочего снабжения). Аднойчы ён праявіў дабрыню — узнагародзіў мяне: узяў з сабой. У ОРСе прыгожая — для мяне, эстэта, — высокая стрыжаная жанчына ў доўгай чорнай спадніцы прыняла ў бацькі запакаваныя, перавязаныя ніткамі карткі, дала бацьку распісацца на нейкай паперы (між іншым, гасцінец тут жа схавала ў шуфляду стала), перапісала мае падлікі — колькі «хлеба», колькі «крупы» i, не распакаваўшы нават картачкі — вынікі маіх пакут, не палічыўшы, кінула ўвесь скрутак у грубку, дзе агніста палалі бярозавыя дровы. Мяне гэта страшна ашаламіла. Столькі бацькавай працы, маіх падлікаў, матчынага страху — i ўсё вось так проста ў агонь. Што ж гэта робіцца, людзі добрыя?!
Выйшаўшы з ОРСа, я заплакаў. Бацька здзівіўся:
— Ты чаго?
— Картачак шкада. Малыя маглі гуляць, — сёстры мае.
— Дурак, — засмяяўся бацька. — Я думаў, ты мужык, а ты баба саплівая.
Бацька за сваю кар'еру крамшчыка легка расплаціўся — цялушкай, якую я два леты пасвіў i любіў; я ўвогуле любіў кароў i не любіў свіней, на шчасце, у лесе ix не пасвілі — рохкалі ў закутку.
Ляснічы паспачуваў бацьку i пашкадаваў — назначыў лесніком усё ў тую ж «Воленку». Паўгода ляснічы ваяваў з непаслухмяным партызанам i ўсё ж перамог — выселіў Круглікава з леснічоўкі. Пераехалі туды сярод зімы. A сямігодка ў Макаўі, за сем кіламетраў. I мяне адаслалі заканчваць пяты клас у Карму, да бабулі. Там я вучыўся i ў шостым. Але бабуля жыла бедна, без каровы, i мы ледзьве не галадалі. Вясной амаль кожную суботу я бег у «Воленку» за 25 вёрст, каб прынесці гладышку малака, галку масла.
У Карме я хадзіў на вячоркі, дзе збіраліся старэйшыя хлопцы, дзяўчаты, i з якіх нас гналі настаўнікі. Але мы ўжо цалаваліся з аднакласніцамі, а я нават са старэйшай на год — Маняй Хацковай.
У сёмы клас я пайшоў у Макаўе. Што такому сем кіламетраў! Бацька дамовіўся з макаўцам, каб у выпадку дажджу, завірухі я мог застацца паначаваць. Hi разу за год не застаўся. Адзін я ішоў тры кіламетры — да Пракопаўкі, а адтуль у вялікім гурце пракопаўскіх, будзішчанскіх вучняў, i паходы гэтыя былі самыя цікавыя — дурэлі, жартавалі.
Я закахаўся ў аднакласніцу Марусю Антоненку. Але яна, відаць, не дарасла яшчэ да гэтага пачуцця i рабіла глупствы — паказвала мае «любоўныя пісьмы» вучням, з мяне смяяліся. Назначыў спатканне, а яна прыслала на мост хлопцаў, якія зрабілі мне «цёмную», ледзьве не кінулі ў ваду. Назло ёй я назначыў спатканне другой аднакласніцы — Каці Кузьменка з пасёлка Данец, гэта тры кіламетры ад «Воленкі», i бегаў туды — чатырнаццаць кіламетраў у школу i ca школы. Гэты свой «подзвіг» i Кацю, малую i сталую, я амаль жа дакументальна апісаў у апавяданні «Непрыгожая», якое крытыкі лічылі лепшым маім апавяданнем, нават Янка Брыль, выдатны навеліст i раўнівы да творчасці калег, да маёй асабліва, пахваліў.