Раскідана — у розных творах, у «Трывожным шчасці» найбольш поўна — апісаў я гісторыю свайго юнацтва, сваіх дзіцяча-юнацкіх захапленняў i таго кахання, што засталося на ўсё жыццё, што дало мне найлепшага сябра — жонку, маю Машу, i з ёй поўнае чалавечае шчасце.
Успомніў маленства, успомніў нашмат больш, чым запісаў, — i як акунуўся ў цёплую плынь той Церухі, дзе з дзяцінства «Маруся мыла ногі». Калі купаўся ў мелкай рэчцы ў сталыя гады, то заўсёды нейкім асаблівым непаўторным чуццём адчуваў, што вада, у якой яна мыла ногі, не сплыла ў Сож i Дняпро, яна заставалася тут, перад хатай Кротавых, перад маёй дачай i паіла мае пачуццё жыццятворнай сілай — мяне, бацьку чатырох дзяцей. Мяне да старасці хвалявала ўсё, што звязана было з яе маленствам, з яе сталым жыццём. Я пакла-
няўся сцежкам, па якіх яна хадзіла, рэчцы, у якой купалася. Я радуюся, што не здрадзіў табе душэўна, не таіў сваіх дробных грахоў. Знаю: ты была яшчэ больш шчырая i адкрытая.
Тваё сэрца было на маёй далоні. А можа, наадварот: мае — на тваёй. Ці не ад адчування гэтага я так назваў свой раман?
I я слаўлю наша каханне! У першую чаргу тваё. Хоць усё пачалося ад мяне, ад майго дзіцячага, юнацкага захаплення, ад маёй прагі кахаць i быць каханым. Лічу, што лес мяне ўзнагародзіў — падарыў Цябе. Ён зводзіў нас на жыццёвых сцежках. Мы ж маглі згубіць адзін аднаго ў віры жыцця. Нам наканавана было пражыць жыццё разам.
2...
«Воленка» была райскім кутком. Сама «Воленка» — роўны квадрат лесу паўтара на паўтара кіламетра, раздзелены крынічкай, з аднаго боку якой рос стары лісцёвы лес — бярозы, асіны, дубы, з другога, на ўзвышшы, — малады густы сасняк. Хто яго пасадзіў да рэвалюцыі? Памешчык? Дзяржава?
Каб абход абмяжоўваўся толькі «Воленкай», у лесніка было б бесклапотнае жыццё. Але дзве трэці абходу складала «Гардуноўская дача». Чаму дача — Бог ведае. А гэта кіламетры за тры ад «Воленкі», за Данцом, куды я бегаў на спатканне. I цягнулася гэта дача кіламетры на чатыры — пад самыя Гардуны, за якімі пачыналася бязлесная зона. I рос там пераважна малады сасняк. I высякалі яго з вёсак бязлесся. Парубшчыкі лясных вёсак — не парубшчыкі. Яны ўмелі красці лес так, што амаль не заставалася слядоў. A калі калектывізацыя пакінула сялян без коней, то набегі на лес прыкметна зменшыліся. I не парубшчыкі, якія секлі лес пераважна зімой, был i лесніковай трывогай, a летнія пажары ў гэтай праклятай бацькам дачы. У спякоту ён там дняваў i начаваў. «Воленку» сцерагла маці, яна ж вяла гаспадарку, праўда, там ужо памагалі мы; толькі я, гультай, кніжнік, любіў пасвіць каровы, лежачы з кніжкамі пад дубамі, a араў, баранаваў i нават касіў мой брат Павел. Яму не давалася вучоба, але працаўнік ён быу адменны; вайна забрала жыццё добрага гаспадара.
Парубкі i пажары ў Гардуноўшчыне знясілілі бацьку; вялікі пажар — i вылеціш з працы, а гэта страшыла i яго, i маці: ляснік жыў усё ж лепш, чым калгаснікі, меў кавалак зямлі, каня, пару кароў. I бацька пачаў шукаць спакайнейшае месца. У сваім Маркавіцкім лясніцтве ніхто не дасць, ды i зразумець могуць няправільна: «Воленка» лічылася не самым цяжкім абходам — для маладых i здаровых леснікоў. Бліжэйшае лясніцтва — Добрушскае, бліжэйшае ад Кармы, ад сваякоў. Яны, сваякі (некаторыя рабілі там леснікамі, пажарнікамі, рабочымі), памаглі дамовіцца з мясцовым ляснічым.
Вясной 1936 сям'я пераехала ў Камень — так называлася бліжэйшая, за два кіламетры ад леснічоўкі, веска ў Расіі. jö:
Я застаўся на кватэры ў сябрука свайго Сашы Шклярава, каб закончыць школу. Скончыў выдатна.
Паміж Каменем i беларускім лесам у тое лета пачалі будаваць ваенны палявы аэрадром. Ваенныя інжынеры, якія жылі ў нас у леснічоўцы, узялі мяне за дзесятніка — замяраць земляныя работы, якія выконвалі грабары — не цыгане, хутчэй малдаване; існавала, выходзіць, армія такіх вандроўных працаўнікоў з коньмі, з адмысловымі павозкамі — была патрэба ў ix. Магчыма, праца на аэрадроме ці парады вайскоўцаў абумовілі выбар далейшай вучобы — тэхнікума будаўнічых матэрыялаў, хоць настаўніца беларускай мовы i літаратуры Яўгенія Анціпава настойліва раіла мне паступаць у педтэхнікум, i я абяцаў ёй. Чаму не пайшоў на настаўніка — адзін Бог ведае. «Неисповедимы пути господни». Пакручастыя шляхі чалавечыя, i не сам ён выбірае ix — вядзе лес.