Выбрать главу

Экзамены вытрымаў паспяхова, нават пахвалу атрымаў ад фізіка немца Грайпінера, якога ўсе баяліся i які вельмі рэдка хваліў каго-небудзь з абітурыентаў.

Прыехаў на заняткі за два дні да навучальнага года. Размясціўся ў інтэрнаце. I ў першы ж вечар студэнты старэйшых курсаў прапанавалі:

— Малеча! Хто хоча схадзіць да медычак? Там вечар.

Нямногія вясковыя хлопцы ў сваім сялянскім адзенні адважыліся на такі подзвіг. А я... хіба мог прапусціць нагоду апынуцца ў дзявочым царстве! Ведаў, што ў групе нашай толькі дзве дзяўчыны.

У двор медтэхнікума вартавы нас не пусціў — лезлі праз плот. Не вельмі гасцінна сустрэлі «цаглянікаў» медыкі-хлопцы: была даўняя вайна паміж нашым мужчынскім тэхнікумам i ix жаночым, дзе хлопцаў было не па два ў групе, як у нас дзяўчат, але i не так шмат, i хлопцы ix не былі арламі, а таму дзяўчаты гарнуліся да нашых i аўтадарожнікаў, i рэўнасць нярэдка пераходзіла ў канфлікт, але медыкі заўсёды былі бітыя. А нашы па заканчэнні вучобы жаніліся на медычках.

Вечара ніякага не было. Але, мабыць, угледзеўшы больш надзейных жаніхоў, дзяўчаты высыпалі з інтэрната ў двор; старэйшыя ж былі знаёмыя, мелі сімпатыі.

I мы гусакамі хадзілі сярод кветніка са стракатых сукенак i прывабных тварыкаў. У мяне, эстэта i дзявочага прыхільніка, разбягаліся вочы. Колькі ix тут, прыгажунь! Во куды трэба было паступаць!

I раптам абпякло мяне — цуд! Прайшло два з палавінай гады, а я адразу пазнаў яе, падрослую, папрыгажэлую, не такую ўжо рыжую, у яркай крамнай сукенцы ў зялёны гарошак. Сэрца чамусьці пусцілася ў галоп. Ад неспадзяванасці? Ад радасці? Я ўсё-такі за гады захаплення кармянскімі i макаўскімі дзяўчатамі часам успамінаў менавіта яе — Машу Кротаву, яе вочы ў тумане слёз i пакутлівы выраз на твары, калі мяне Салодкі стрыг авечымі нажніцамі.

У яе здзіўлена i, здалося мне, радасна пабольшалі вочы. Яна першая спытала:

— Ты?

Я паўтарыў яе пытанне:

— Ты? Ты тут вучышся?

— Паступіла.

— I я паступіў...

I, бадай, — усё, што мы сказалі.

Яна прыветліва i прывабна засмяялася. Але ні ў мяне, пятнаццацігадовага донжуана, ні ў яе не хапіла смеласці выйсці з гурту першакурсніц, адысці ўбок i пагутарыць, як належыць добрым старым знаёмым. Неяк атрымалася, што дзявочая плынь падхапіла яе i аднесла ў інтэрнат, куды я пайсці не адважыўся — з-за сарамлівасці i з-за папярэджання старэйшых: не адрывайся ад нас, а то медыкі хоць i слабакі, а могуць аднаму намяць бакі — за дзяўчат сваіх. I ў тую ж ноч я до.ўга не мог заснуць — не ад радаснай узбуджанасці, што я студэнт, а ад таго, што перада мной стаяў вобраз Машы, іе здзіўленыя вочы. Як яны пашырыліся, як выпраменьвалі радасць! Я пераконваў сябе: гэта менавіта радасць ад сустрэчы са мной. I фантазіраваў, як у першы ж выхадны пайду ў медтэхнікум — адзін! Нікога не пабаюся! — знайду яе, i мы будзем сустракацца па вечарах у вялікім славутым Гомельскім парку, будзем любавацца палацам Паскевіча. Аднаго не дапускаў, што мы пацалуемся, як цалаваўся я з Кацяй, да якой не было глыбокага пачуцця, акрамя юнацкай цікаўнасці. Не, з Машай у нас будзе зусім інакш — будзе самае высокае каханне, як у тых раманах, якія паспеў прачытаць.

Я пайшоў у медтэхнікум i... не сустрэў там Машу. Раз, другі, трэці. Без вынікаў. Адважыўся прасіць дзяўчат, каб знайшлі яе i паклікалі. Але адны не ведалі аднакурсніцу: «Дзе мы будзем шукаць табе яе?» Іншыя смяяліся:

— Дзевачкі! Глядзіце, ад любові ў яго вочы гараць, як у ката.

Сустрэў Тамару Дзегцярову. Здзівіўся:

— I ты тут?

— А ты думаў, дзе я павінна быць? У вас, чарапічнікаў?

Набраўся духу:

— Пазаві мне Машу... Кротаву...

Тамара вельмі здзівілася.

— Ужо i тут закахаліся? Лоўкія вы!

— А тут яна? — баяўся, што не вытрымала вучобы, у нас некаторыя адсыпаліся.

— Тут, тут. Лепшая студэнтка, усе хваляць яе.

У мяне радасна затрапятала сэрца.

Але Машу Тамара не паклікала. Ад дзявочай зайздрасці, ці што?

Я напісаў Машы пісьмо. Не адно. Назначаў спатканні, прасіў адказаць. Маўчанне. I я пачаў траціць надзею. I, бадай, страціў яе. Пасля думаў, здзіўляўся, з Машай са смехам успаміналі: кім трэба быць, каб, жывучы ў адным горадзе, займаючыся на суседніх вуліцах, прайшоўшы трыста разоў міма медтэхнікума, я не мог сустрэць, адшукаць дзяўчыну, якая валодала маімі марамі, думкамі?! Між іншым, Тамару сустракаў колькі разоў i толькі пытаўся, як там Маша. Удзячны быў Машы, што не адкрывае маіх пісем з вершамі нават школьнай сяброуцы сваёй.