Праз гэта i праз сваю «няўлоўнасць» яна рабілася для мяне таямнічай, як казачная прынцэса, i яшчэ больш жаданай. Спытаць у Тамары: «А хлопца яна не мае?» — не мог, лічыў, што пытанне такое абразіць Машу. Не можа яна мець хлопца, раз не ідзе на мой кліч.
Што такое выпадковасць? Пытанне, над якім ламалі галовы шмат якія мудрацы. Просты чалавек, відаць, засмяяўся б: выпадковасць i ёсць выпадковасць; у простых людзей усё проста. Філосафы даказвалі: неўсвядомленая неабходнасць i шмат што іншае. Але я прасіў у лесу ўсвядомленай (мной усвядомленай!) неабходнасці. Між іншым, больш складанае пытанне аб існаванні лесу. Ёсць лес? Вызначае ён жыццёвы шлях чалавека? Некалі, малады атэіст, я трымаўся матэрыялістычнай формулы: чалавек сам вызначае свой лес, a інакш, маўляў, можна дагаварыцца да боскай сілы, якая кіруе жыццём. Цяпер я так не думаю — дзіўная метамарфоза: з гадамі, з вопытам быццам бы адбыўся не прагрэс, а рэгрэс. Цяпер я веру ў лес.
Роўна праз два гады, перад пачаткам трэцяга курса, засумаваўшы ў лесе па культуры, па кіно, я пайшоў у вядомы ў той час Клуб чыгуначнікаў на прагляд фільма — якога, не помню, хоць у той час фільмаў выпускалі не больш дзесятка ў год, i мы, студэнты, глядзелі ix па некалькі разоў.
Не ў фае, a ў зале, да таго, як патухла святло, я ўгледзеў яе, Машу. Яна сядзела наперадзе i збоку, дык бачыў яе курчавыя валасы. Закалацілася сэрца. I было мне не да фільма, таму, відаць, i не помню назвы. ДумKi скіраваны былі на адно: не згубіць яе пасля сеанса ў натоўпе, дагнаць, пагаварыць. Верыў чамусьці, што размова гэта дасць пачатак нашым сустрэчам.
Распіхваў гледачоў лакцямі, гатовы быў ісці па галовах ix, каб толькі не згубіць яе, дагнаць.
Дагнаў на вуліцы; яшчэ не сцямнела, неба над вакзалам адсвечвала ружовым водбліскам, апошні жнівеньскі дзень быў па-летняму цёплы, хоць ліпы скідалі ўжо залатое лісце. Яны былі ўтраіх: поўная дзяўчына, якая трымала Машу за руку, як бы баючыся згубіцца, i рыжы хлопец, не, бадай, мужчына ўжо — па ўзросце.
Я абагнаў ix, азірнуўся i зрабіў выгляд, што здзівіўся нечаканасцю сустрэчы.
— Маша! Ты?
Яна збянтэжылася, пачырванела, але відно было, што яна неабыякавая да сустрэчы.
— Можна далучыцца да вашай кампаніі?
— Навошта табе наша кампанія? Табе трэба Маруся, перадаём яе табе, — сказала сяброўка.
— Ну, што ты, Маруся! — полымем успыхнула Маша. — Каму я трэба!
Аднак неяк непрыкметна адстала ад сваіх, пайшла побач са мной. Я зразумеў, што тая другая Маруся, Малчанава, з якой Маша жыла на кватэры, ведала пра мае пісьмы. Але калі я спытаў:
— Чаму ты не адказвала на мае пісьмы? Нядобра гэта.
На твары яе адбілася шчырае здзіўленне, шырока расшырыліся прыгожыя вочы.
— Якія пісьмы? Ніякіх пісем я не бачыла.
Далікатны кавалер, я не мог сказаць, што яна маніць.
На высокім пераходным мосце праз чыгунку, які гудзеў пад нагамі, я паспрабаваў узяць яе пад руку; была завядзёнка, вясковая яшчэ: хлопец, выяўляючы пачуццё, браў дзяўчыну пад руку.
Маша адхіснулася, здзівілася.
— Які ты спрытны!
На дашчаным тратуары «залінейнай» вуліцы мы ўсё больш i больш адставалі ад Марусі Малчанавай i Baci, шафера, які кватараваў у тым жа доме, заляцаўся па чарзе, расказала Маша, то да адной, то да другой медычкі, вадзіў у кіно.
— Але каму ён трэба такі... Яму хутка трыццаць гадоў, i ён быў жанаты...
Як гэта супакоіла мяне! Сапраўды, хіба гэта пара для семнаццацігадовай дзяўчыны!
Мы ўспаміналі пяты клас. Тры месяцы сумеснай вучобы, a столькі ўспамінаў! Праўда, на нейкі момант з'явілася ў мяне боязь, што яна ўспомніць, як мяне стрыглі, i я падрыхтаваў абарончую рэакцыю: весела пасмяяцца. Не ўспомніла. I гэта напоўніла мяне ўдзячнасцю i нейкім асаблівым замілаваннем да яе.
На сёмым небе апынуўся, калі Маша раптам прапанавала:
— Давай пагуляем па Бакуніна, а то там на нашай Астроўскай яны будуць сядзець на лавачцы, i да ix выйдзе Вольга Маршаліха, дачка гаспадыні. Яны будуць аглядаць цябе. I колькі будзе размоў!
Яна агледзела мяне, i я сам зірнуў на штаны свае i чаравікі. Не, за адзенне мне не сорамна: зарабіўшы за лета на аэрадроме, які ўсё яшчэ будаваўся, немалую суму, я апрануўся, як належыць студэнту трэцяга курса. Ад картавасці я даўно пазбавіўся. I пагутарыць маю пра што: мала хто з маіх сяброў прачытаў столькі кніг, як я, усе выхадныя праводзіў у бібліятэцы.
Мы хадзілі па рыпучых тратуарах вуліцы, на якой стаялі лужыны i расла густая трава.
— Мы будзем страчацца, Маша?
— Ты хочаш?
— Вельмі хачу.