Яна весела засмяялася.
— А ты такі ж...
— Які?
— Добра рашаеш задачкі.
Я зарагатаў.
— Я ў тэхнікуме лепшы па матэматыцы. А вось хіміі не люблю, a ў нас ix ажно чатыры: неарганічная, арганічная, алкалоідная... Сустрэнемся заўтра?
— Так хутка?
— Хутка! Цэлыя суткі чакаць!
— Як доўга! — яна іранізавала, у яе ўжо тады было добрае пачуццё гумару. — Не, заўтра не абяцаю. Першы дзень заняткаў. Нас могуць паслаць на практыку ў бальніцу. Давай у нядзелю.
Да нядзелі было тры дні, i я ледзьве не застагнаў ад роспачы. Але вяртаўся з першага спатканця i падскок• ваў ад радасці, што цяля. Дзякаваў лёсу, упершыню паверыў у яго — у свой шчаслівы лес. Нечакана ён зблізіў нас. Нават пасяліў амаль побач, праз чыгунку: з двума сябрамі я кватараваў у яўрэйскай сям'і на вуліцы Сталярнай, якая ўпіралася ў чыгунку, амаль жа насупраць вуліцы Астроўскага.
Так пачаліся нашы спатканіі. Амаль штовечар. Калі ж здаралася, што з-за яе дзяжурства ці з-за непагадзі — дажджу, завірухі, моцнага марозу — мы. не сустракаліся, для мяне гэта былі горкія дні, нічога не лезла ў галаву, нават паслабіў вучобу. Хіба толькі раманы чытаў па-ранейшаму запоем, класічныя, пра каханне.
Маша доўга не давала пацалаваць сябе ў вусны, вырывалася з абдымкаў, i я хіба паспяваў цмокнуць яе ў щчочку, заўсёды гарачую, нават у халоднае надвор'е.
Дакарала:
— Ты ж абяцаў не быць, як усе.
Я такі стараўся быць непадобным на іншых хлопцаў i на сябе ранейшага, калі не толькі цалаваўся з пракопаўскімі дзяўчатамі, але i лез за пазуху, хоць у большасці нічога там яшчэ не было — маленькія бугаркі. Але цалавацца я навучыў яе неўзабаве.
Перад Машай я хацеў выглядаць незвычайным, сапраўды непадобным да іншых, — рыцарам, для яе i раманы чытаў. Між іншым, яна старалася прачытаць тыя ж кнігі, ці хутчэй наадварот: я прачытваў абавязкова тое, што чытала яна, мы абодва не адставалі адзін ад ад наго: ты прачытала за тры дні, дык я прачытаю за ноч. I прачытваў. Цяпер здаецца наіўным, але ў той час не толькі мы, але многія маладыя людзі лічылі ўзорам чалавечых адносін «Что делать?» Чарнышэўскага. На каго з герояў я хацеў быць падобны — не помню. Адчуваў, што на Рахметава не цягну. А для Машы ідэалам стала Вера Паўлаўна, яна хацела кахаць, жыць гэтак жа, як далёкая гераіня. Я сумняваўся, што можна жыць так у наш час. Мы спрачаліся.
З маёй закаханасцю звязана мая першая спроба пісаць прозу. На зімовых канікулах, седзячы ў лесе, у самотнай адзіноце, я сачыніў, менавіта сачыніў, дзённік. Выдумаў рамантычную гісторыю: маладая прыгожая жонка ляснічага (не было такой жонкі! была кабета сярэдніх гадоў з трыма дзецьмі, якую бачыў я ўлетку, калі адносіў нейкія паперы бацькавы) закахалася ў мяне (во герой!). Безумоўна, па просьбе яе ляснічы запрасіў мяне, студэнта, інтэлігента, на абед. I абед быў — як у раманах, я не ведаў, які відэлец, нож. Даўгі высокаінтэлігентны дыялог старонак на дзесяць. Размова пра жыццё i пра кнігі, у тым ліку i пра «Что делать?»
Наіўная гісторыя сачынялася для Машы, каб узняць, як кажуць сёння, свой імідж у яе вачах: во які я герой! На мяне замужняя жанчына кінула вока. Праўда, доўга вагаўся: паказваць ці не паказваць сваё сачыненне. Падрыхтаваў яе вусна i потым паказаў запаветны сшытак. На чарговым спатканні яна маўчала, i я ад нецярпення чапляўся нагамі за гнілыя дошкі тратуара.
— Прачытала?
— Прачытала.
— I што?
Маша характерна зморшчылася, прыплюснуўшы свае шырокія, што азёры, вочы.
— Цалаваўся ты з ёй?
— Ну што ты! За каго ты мяне лічыш! Я ўвесь час думаў пра цябе.
— Манюка ты.
— Ты не верыш мне?
— Веру, веру...
Але бачыў, адчуваў, што Маша іранізуе, вельмі тонка. Пасля, праз паўтара гады, яна з вясёлым смехам прызналася, што не паверыла ніводнаму слову з таго, што было ў тым дзённіку. Больш такіх дзённікаў я не пісаў. Занатоўваў толькі праўдзівыя падзеі i думкі.
Але лічу, што каханне наша памагло мне стаць пісьменнікам. У тую ж зіму я напісаў апавяданне пра фельдчарыцу, якая ў дождж ці снег ідзе ў далёкую леснічоўку, каб прыняць у леснічыхі роды, першыя ў сваёй практыцы. Прынімае i вельмі радуецца нараджэнню чалавека (уплыў апавядання Горкага) i свайму ўменню.
Да гэтага я пісаў вершы. Чытаў ix на пасяджэннях літаб'яднання пры «Гомельскай праўдзе». Няўрымслівы i амбіцыёзны Кастусь Кірэенка граміў мае вершы ўшчэнт, хоць яго сябра, далікатны Леанід Гаўрылаў, знаходзіў у вершах маіх «паэтычныя зерні».
Прачытаў апавяданне — не без страху. I — о цуд! — мяне, маладога аўтара, пахвалілі аднагалосна, нават бязлітасны Кастусь, сябра мой у сталыя літаратурныя гады.