* * *
Тыран раздае ўзнагароды i пасады найгнюснейшым з лiслiўцаў, каб хоць бы на нейкi час пазбавiцца ад iх.
* * *
Папулярнасць фармуецца ў нетрах натоўпу, якi прагне яскравых праяваў сляпога лёсу. Адсюль i Папялушка з ператварэннем у прынцэсу, i прэзiдэнт з сялян-жабракоў.
* * *
Кожная нацыя смяецца з iншых, тым часам як iншыя насмiхаюцца з яе. Шкада, што з тваiх беларусаў кпяць вельмi мала.
* * *
Пазбягай дзяржаўных узнагарод.
* * *
Робячы вялiкую справу, ты не зможаш абысцiся без таго, каб не нарабiць непатрэбшчыны i не стварыць нiкчэмнасцей.
* * *
Ведаеш, вораг не павiнен здагадвацца пра твае планы, але толькi ён можа ацанiць iх каштоўнасць. Таму так i карцiць паказаць ворагу перспектыўныя распрацоўкi, а выйшаўшы за дзверы, шпурнуць iх у сметнiк. Галоўнае — не складай планы з тымi, хто iдзе iншым шляхам.
* * *
Захапляцца ўласнай працаю найлепей у цiшынi ўласнага кабiнета, сам-насам.
* * *
Праца пазалотчыка заўсёды карыстаецца большай увагай, чым праца дойлiда... Крыўдуе маралiст Вавенарг. I дарэмна. Па-першае, кожны дойлiд пры жаданнi можа працаваць пазалотчыкам. Па-другое, сам Вавенарг у лiтаратуры — больш ювелiр i пазалотчык, чым дойлiд.
* * *
Нават падробка пад мудрасць — ужо фiласофiя... Казаў Дыяген Сiнопскi. Сапраўды, каб навучыцца нешта рабiць, спачатку неабходна ўмець тое нешта падрабляць.
* * *
На транспартных прыпынках не толькi сам спыняешся, але i час замаруджваецца, i ты спрабуеш яго падштурхоўваць позiркам на гадзiннiк.
* * *
У замкнёнай невялiкай прасторы час паўзе. Ты iмклiва ляцiш у самалёце, а час пасоўваецца марудна, нiбыта ў турэмнай камеры.
* * *
Вельмi павольна хвiлiны цякуць у чэргах. Наогул, чарга — сымболь маруднасцi.
* * *
Для пацыента ў бальнiцы час цяжкi, доўгi i маркотны.
* * *
На паседжаннях, сходах, канферэнцыях час iдзе няспешна. У якасцi доказу на сталах i крэслах застаюцца скрэмзаныя шматкi паперы. Бяздумнае крэсленне на аркушах iмiтуе дзейнасць i запаўняе час.
* * *
Назiранне за стрэлкамi i цыферблатам iстотна замаруджвае час. Побач з хранометрамi iмгненнi ператвараюцца ў хвiлiны. Калi ты чакаў каханую пад гадзiннiкам, дык ведаеш месца, дзе час плыве марудна.
* * *
У ложку з каханай жанчынаю час пралятае iмклiва, як нiдзе.
* * *
На барцоўскiм кiлiме, на рынгу, на футбольным полi, на баскетбольнай пляцоўцы час рухаецца хутка, але найхутчэй ён бяжыць на полi бiтвы, у рукапашнай бойцы.
* * *
За картачным сталом гадзiны ператвараюцца ў хвiлiны. Азарт з’ядае час, як воўк — ягня.
* * *
Каля магнiтафона, тэлевiзара, кампутара час паскараецца. Тэлефон гэтаксама здатны ўсмоктваць хвiлiны.
* * *
У жытнёвым полi, на санцагрэi можа ўзнiкнуць жаданне спынiць час — не прыпынiць, не замарудзiць i не паскорыць, а забiць. Вiнцэнт Ван Гог i застрэлiўся, ахоплены пякельнай прагаю забiць час пасярод жытнёвага поля. У беларускiм фальклоры ёсць вобраз пачвары, якая ўзнiкае ў самы санцапёк апоўднi — Кадук. Ён здатны глытаць людзей, жыццё i час.
* * *
А дванаццатай ночы, на адзiноце, у пустым памяшканнi само сабою з’яўляецца памкненне прыпынiць час. Асаблiва моцна жаданне выяўляецца ўзiмку, калi ночы бясконца доўгiя. Можа, таму так урачыста, ярка, вогненна святкуецца Новы год.
* * *
На золку пасля пакутлiвага бяссоння ледзь стрымлiваешся, каб не паквiтацца з часам раз i назаўсёды.
* * *
Мы не здатныя ўбачыць будучыню, бо жывём тварам да мiнуўшчыны.
* * *
Машына часу ёсць у кожнага чалавека — гэта памяць.
* * *
Гадзiна ў дзiцяцi ўтрая даўжэйшая за гадзiну ў дарослага, а яму ўсё адно мала. Мацi клiча, а яно — ну, яшчэ пяць хвiлiнак!
* * *
Запэўнiваць адукаванага чалавека ў тым, што бяднейшы лепшы за багатага — неразумна. Бяднейшы найперш бяднейшы розумам, а як вынiк — грашыма.
* * *
Папракаючы жабрака, ты адмаўляеш яму ў спачуваннi i правiльна робiш. Прысаромлiвай жабракоў. Хай ён рот не паспее адкрыць, а ты скажы: "Дайце мне грошай на хлеб".
* * *
Забраць грошы значна цяжэй, чым iх даць, асаблiва цяжка вярнуць назад грошы пазычаныя.
* * *
Баяцца трэба не жорсткiх уладароў i заможных людзей, а зайздросных нябог i агрэсiўных жабракоў, якiм няма чаго губляць.
* * *
Хлеб, намаляваны мастаком, як i хлеб, паказаны ў тэлевiзii, каштуе значна больш за сапраўдны; у гэтым i хаваецца найвялiкшая эканамiчная памылка чалавека.
* * *
Вядома, сярод багатых вельмi рэдка сустрэнеш мудрага чалавека, але сярод бедных такога знайсцi яшчэ цяжэй.