Выбрать главу

* * *

З кiм пагаворыш пра багацце, калi i золата, i дыяменты маўчаць? Застаецца шаптацца пра грошы з папераю.

* * *

Капiтал, як стары зводнiк, заваблiвае наiўных у свет перажыванняў, турботаў i няпэўных перспектыў. Толькi бедны шукае ў капiтале свабоду i незалежнасць.

* * *

Калi абмяркоўваюцца галеча цi багацце, не трэба параўноўваць iх з уласнымi стратамi або набыткамi, бо гэта непрыстойна.

* * *

У зменлiвым свеце няма нiчога вартага глыбокiх перажыванняў, i грошы — не выключэнне.

* * *

Наяўнасць у доме вялiкага багацця, як i прысутнасць у горадзе безлiчы салдат, спакою не дадае.

* * *

Месяц, пабыўшы поўняю, робiцца ветахам; справа дасягае росквiту i прыходзiць у заняпад. Усё, што даходзiць да кульмiнацыi, наблiжаецца да разбурэння — такi закон. Каб захаваць грошы i багацце, трэба мяняць справы i шукаць новыя шляхi заробку. Правiла актуальнае не толькi для заможных, але i для бедных.

* * *

Iснуе зваротная сувязь у паводзiнах. Пасядзi на занятках, зрабiўшы твар iдыёта, — нiчога не зразумееш i не запомнiш. Нельга малпаваць злодзея, жабрака, няздару. Маскi хутка прырастаюць да твараў. Каб стаць заможным, трэба спачатку стаць падобным да заможных i разумных, а не супрацьпастаўляць сябе iм i скалiць зубы з "новых беларусаў".

* * *

За выкананне камерцыйных праектаў варта брацца гэтаксама неадкладна, як за напiсанне хоку ў час азарэння.

* * *

Падаюць там, дзе сто разоў прайшлi, як i тонуць зазвычай вельмi добрыя плыўцы. Тое самае з багаццем... Бядняк не можа згубiць шмат грошай, хоць ён зусiм не асцярожны. Капiтал — гэта найперш — сквапнасць, асцярожлiвасць i планамернасць.

* * *

Калi займаешся бiзнесам, разумееш: грошы, здабытыя вялiкiмi намаганнямi, i грошы, прыдбаныя лёгка, роўныя ў цане, хоць з гэтым цяжка змiрыцца.

* * *

Чалавеку заможнаму даводзiцца ўвесь час асцерагацца зладзеяў, бо людзi бедныя, калi губляюць месца працы, пачынаюць красцi i думаюць, што ў багатага скрасцi лягчэй, хоць гэта i не так.

* * *

Нельга спазнаць iншых, не спазнаўшы сябе; так не заробiш грошы для чужога, не зарабiўшы для сябе, сваiх родных i блiзкiх. У багатага шмат сваякоў ды кампаньёнаў i няма сяброў.

* * *

Калi ты сам лiчыш усё заробленае чыстым i сумленным, дык лёгка пераносiш крыклiвыя нараканнi, зайздросныя пагляды i злосныя выпады.

* * *

Найгоршая хвiлiна ў бiзнесовых справах надыходзiць тады, калi кампаньён кажа: "Я выходжу са справы i забiраю сваю долю!"

* * *

Ведаючы ўласныя недахопы, значна хутчэй вучышся памнажаць капiтал. Замест таго, каб выхваляцца здабыткамi, пачынаеш ганiць сябе прылюдна, чым выклiкаеш спачуванне i павагу.

* * *

Калi збiраешся кiраваць светам цi хоць бы невялiкiм вытворчым працэсам, трэба найперш быць аскетычным i ашчадным, а грошы, iх колькасць i наяўнасць, будуць паказчыкам у працэсе.

* * *

Досыць цяжка збалансаваць жаданнi i магчымасцi. Жаданняў заўсёды шмат, а грошай нестае. Але бываюць i такiя часы, калi дробныя жаданнi знiкаюць. Пачынаеш задаваць сабе пытанне без адказу: "Цi варта жыць?" Грошы ў падобным стане страчваюць чароўнасць i магутнасць.

* * *

Здаецца, зайздрасць да тваiх капiталаў не павiнна ўзнiкаць у людзей, якiя маюць значна больш за цябе, але гэта адбудзецца толькi пры адной умове — калi людзi не будуць ведаць, колькi ты маеш, i твой капiтал не працячэ праз iхныя рахункi.

* * *

Чым даражэйшы кубак з дробнай расколiнай, тым больш непрыемна з яго пiць.

* * *

Пакупнiка адштурхоўвае не вялiкi кошт, а кепскi прадукт.

* * *

Галеча i прынiжанасць — гэта тое, што людзi ненавiдзяць... Заўважаеш у Канфуцыя. Але большасць не дасягае багацця i знатнасцi, хоць i iмкнецца да iх усёй душою, а таму пачынае разам з галечаю наракаць на высакародных.

* * *

Сорамна атрымлiваць заробак i калi ў дзяржавы ёсць шлях, i калi яго няма... Знаходзiш у Канфуцыя. Варта зазначыць, што сорамна атрымлiваць i ўзнагароды. А колькi людзей iмкнуцца ўхапiць як мага большы заробак i найкаштоўнейшыя ўзнагароды? Зрэшты, узнагароды iснуюць дзеля суцяшэння сквапных i зайздрослiвых.

* * *

Цяжка жабраку не займець злосцi... Варта пагадзiцца з Канфуцыем. Дарэчы, я нiколi не кiдаю грошы ў жабрацкую шапку, бо ёсць iншыя месцы, куды можна падзець вольныя фiнансы. А жабрак — ён, апрача што зласлiвы, яшчэ i няўдзячны.

* * *

Не аспрэчыш наяўнасць старэйшых i малодшых. Дык чаму розныя змагары за роўнасць увесь час спрабуюць абвергнуць заканамернасць iснавання багацейшых з бяднейшымi. Мяркую, з-за недасведчанасцi. Няма роўных сярод роўных.

* * *

Мець — не азначае ўмець карыстацца.