* * *
Неiстотна, як ты патрапiў у сабор: праз чорны ход цi праз парадную браму, галоўнае — ты ў саборы.
* * *
Самастойнасць патрабуе ўпэўненасцi, а залежнасць — веры.
* * *
Той, хто верыць у тэхнiчны прагрэс, павiнен памятаць, што пры дапамозе сродкаў вытворчасцi, самых розных машын i механiзмаў, адзiн чалавек зрабiў з другога раба.
* * *
Давер пераходзiць у залежнасць.
* * *
Асноўная загана тырана — вера ў сябе.
* * *
Вера — гэта не суцяшэнне, а паводзiны, у якiх ёсць месца i суцяшэнню.
* * *
Шкадую, што не маю поўнай веры. Нават смерць не пераконвае, а яшчэ больш раздражняе фантазiю i спараджае сумневы.
* * *
Як сяброўства зазвычай пачынаецца са сваркi, так i вера бярэ выток з блюзнерства.
* * *
Знявага чужых багоў не дадае веры ў свайго Бога.
* * *
У манахаў, мусiбыць, добры абутак, бо шлях да Бога доўгi i пакручасты. Не варта мяне папракаць за iранiчныя ноткi. Манахi — гэта людзi, што iдуць да Бога не праз вучэнне, а праз матэрыю. Манах — цялеснае ўвасабленне веры.
* * *
Верыш, спадзяешся на Страшны суд — i ўсё дзеля таго, каб на iмгненне ўваскрэснуць.
* * *
Грэшнiкi збiраюцца ў царкве. Не верыш? Учынi кепскае, прызнайся, i табе абавязкова параяць наведаць царкву...
* * *
Вера ў Бога неразумных шукае апiрышча ў заганным жаданнi быць лепшымi за iншых, хоць дастаткова быць iншымi.
* * *
Ты баiшся адзiноты прыблiзна так, як i смерцi. Твая вера ў жыццё пасля смерцi нагадвае спадзяваннi лiтаратара, якi думае, што ягоныя творы калi-небудзь дый прачытаюцца.
* * *
Калi паверыш у няспыннасць змен, давядзецца прыняць i памылковасць любога вынiку, бо ён не зможа быць канчатковым.
* * *
Недаацэньваць сектар рэлiгii нельга. Змагар з адной канфесiяй абавязкова патрапiць у лагер iншай. Так хрысцiяне змагаюцца з iудзеямi, iудзеi — з мусульманамi, мусульмане — з хрысцiянамi... Атэiзм — таксама адна з формаў рэлiгiйнай думкi, пабудаванай на доказах ад процiлеглага.
* * *
Хто скажа, што першаснае: рэлiгiя цi атэiзм?
* * *
Прызнаць iснаванне разумнейшага за сябе цалкам нармальна. А вось падпарадкоўвацца разумнейшаму, не ведаючы яго, — глупства несусветнае. Большасць вернiкаў якраз i падпарадкоўваецца, толькi не разумнейшаму, а — хiтрэйшаму, i не Богу, а — папу.
* * *
Каб развеяць маркоту, учыняюць шмат грахоў, а галоўны з iх — занатоўванне рэвалюцыйных ды атэiстычных думак.
* * *
Блюзнерства — салодкiм голасам святара нашэптваць пра пекла.
* * *
Каму не трэба саступаць, дык гэта царкоўнiкам i жанчынам. А ты ўвесь час саступаеш, асаблiва апошнiм. Сцеражыся, бо ўсё больш i больш трапляюцца на шляху царкоўнiкi i жанчыны ў адной асобе.
* * *
Не кажы прылюдна, што табе кепска, нясцерпна, гнюсна... Толькi Усявышнi ведае, як можа быць горка.
* * *
Жах перад ззяннем Бога — пачатак мудрасцi, страх перад д’яблам — пачатак разбурэння, вар’яцтва i гвалту.
* * *
Саборы — амбасады Бога.
* * *
Снедаў i мераў тэмпературу. Цi не захварэў? У чалавека норма вядомая — 36,6 °С.У д’ябла яна, напэўна, iншая, можна дапусцiць, што — 66,6 °С (бо лiчба ягоная — 666). Калi пабудаваць простую сiметрыю, паставiўшы чалавека памiж дабром i злом, дык тэмпература Бога наблiзiцца да 0 i будзе 6,6° паводле Цэльсiя... Паснедаўшы, я зазначыў на градуснiку норму — 36,6 °С. Значыць, iзноў лёгкая прастуда i ператомленасць.
* * *
Заўважыў, што большасць вернiкаў думаюць пра Бога як пра вялiкага кiраўнiка, якi можа выпiсаць ордэр на жылплошчу ў Раi. О, каб жа так i было насамрэч!
* * *
"Бойся Бога!" — гаворыць i той, хто пажадаў уладарыць над табою.
* * *
Цяжка ўявiць, як абрыдлi Богу людзi са сваiмi просьбамi.
* * *
З д’яблам можна пагаварыць, паспрачацца, пажартаваць... Перад Богам варта маўчаць i слухаць.
* * *
Пiшу "Бог" з вялiкай лiтары яшчэ i таму, што вельмi люблю вялiкiя лiтары.
* * *
Чалавек, якi сядзiць на валiзе, заўсёды нагадвае мне пра Хрыста ў пустэльнi.
* * *
Бог — гэта прадчуванне катастрофы.
* * *
У мiнорныя хвiлiны пачынае здавацца, што сустрэча з д’яблам — такая ж недасягальная рэч, як i сустрэча з Богам.
* * *
Той, хто выказвае нянавiсць да Бога, не абавязкова атрымае д’яблавы ўзнагароды.
* * *
Развагi пра Бога — гэта, збольшага, размовы пра iдэальны парадак.
* * *
Калi адчуеш уласную разумовую абмежаванасць, ведай: няма iншага выйсця, апрача як вызначыць канфесiйную прыналежнасць продкаў, прыйсцi ў храм i звярнуцца да Бога.
* * *
Бог, прырода, лёс — занадта часта ўжываюцца як сiнонiмы, а насамрэч такiмi не з’яўляюцца.