* * *
Разглядаеш свае здымкi дый думаеш... Вось памру, i палецiце вы ўсе ў сметнiцу, ой палецiце.
* * *
Жыццё — аднаразовы шпрыц.
* * *
Пабытовыя дробязi ствараюць вялiкiя жыццёвыя праблемы.
* * *
Нiкога не чапаеш, каб толькi не краналi цябе. Не атрымлiваецца. Лезуць i лезуць, нiбыта хочуць табе дапамагчы жыць.
* * *
Першапрычына смерцi — нараджэнне.
* * *
За смяротнае пакаранне галасуюць баязлiўцы, а такiх у грамадстве большасць. Таму смяротную кару трэба адмяняць валявым рашэннем — такiм, як вяршыцца суд.
* * *
Адмянiць смяротнае пакаранне значна лягчэй, чым забаранiць права асобы на самагубства.
* * *
Воблака — форма, у якую варта ўвасобiцца пасля смерцi.
* * *
Якое несусветнае глупства гавораць i пiшуць пра цябе пры жыццi, а якую бязглуздзiцу навярзуць пасля смерцi! Дык цi варта задумвацца пра пасмяротны лёс?
* * *
Шлях у царства мёртвых аднолькава кароткi з любой кропкi зямлi.
* * *
Смерць любiць праехацца на машыне "хуткай дапамогi".
* * *
Калi ў халасцяка памiрае мацi, ён робiцца ўдаўцом.
* * *
Смерць, як лекар, ходзiць у белым халаце.
* * *
Могiлкi — склад старых макiнтошаў.
* * *
Не шчыруй за жалобным сталом.
* * *
Не спадзявайся, што ведаеш, па якой сцежцы да цябе прыйдзе смерць.
* * *
Не давярай тым, хто з лёгкiм сэрцам разважае пра смерць.
* * *
Паводзiць сябе так, нiбыта ты несмяротны, — такое ж глупства, як панiкаваць ад думкi пра немiнучы скон.
* * *
Памiж радзiльняю i могiлкамi няма анiякай рознiцы, гавораць самагубцы.
* * *
Апiсаннi смерцi збольшага наiўныя, як апiсаннi несмяротнасцi i бясконцасцi.
* * *
Нябожчыкаў трэба выкiдаць хутчэй, чым гной... Гаворыць Гераклiт. Пярэчыць не варта. Трэба апекавацца ўласным целам не толькi пры жыццi, але i пасля яго. Варта ўслухацца ў беларускае параўнанне — прыгожы, як труна.
* * *
Адважыцца на самагубства можа самы здаровы i вясёлы чалавек, калi цяжар пакут або немiнучая бяда пераважаць жах смерцi... Убачыш у Шапенгаўэра, i ўзнiкае пытанне. Цi зможаш ты адолець жах смерцi? Вядома! Раней цi пазней, а ўсе там будзем.
* * *
Выбачай, а ты нiколi не заўважаў, што ў прозвiшчы "Шапенгаўэр" хаваецца "Шапэн"?
* * *
Да смерцi бацькоў не падрыхтуешся.
* * *
Nil admirari — анiчому не здзiўляйся! Вось лозунг, пад якiм лёгка памiраць.
* * *
Дзень, калi прачытаў кнiгу, лепшы за дзень, калi пачаў чытаць кнiгу.Так i дзень смерцi лепшы за дзень нараджэння.
* * *
Развагi пра смерць хвалююць не меней за размовы пра эротыку.
* * *
Жаданне дакрануцца да смерцi — надзвычай вялiкае, яно нагадвае намер дзiцяцi лiзнуць намерзлы на лютым марозе блiскучы метал дзвярное ручкi.
* * *
Назiраючы за паляўнiчым, якога папрасiлi застрэлiць хворага на лiшай сабаку, я ўбачыў, як ягоная душа вылецела разам з куляю i, уварваўшыся ў голаў прывязанага да плота цюцiка, разнесла яе. Потым шмат разоў даводзiлася чуць пра тое, што душа забойцы ляцiць да ахвяры разам з куляю. Але ва ўсiх тэкстах неставала паэзii, яны чыталiся i прачытвалiся, як танная мiстычная белетрыстыка. Iншая рэч — абзац з Вавенарга... Вось перад вамi душа рыбака: яна нiбыта адлучылася ад цела i пераследуе рыбу пад вадой. Падштурхоўвае яе да сеткi, зацiснутай у ягонай руцэ. Цi магчыма паверыць, што гэтая душа заходзiцца ад радасцi, убачыўшы паразу няшчаснай рыбiны, i трыумфуе, апынуўшыся ў сетцы! Але ж менавiта так яно i адбываецца.
* * *
Робiцца смешна, калi чуеш: "Не хапае душы!" Яна непадзельная, яна або прысутнiчае, або адсутнiчае. Неставаць можа розуму.
* * *
Вочы — люстэрка душы... Насi чорныя акуляры, каб злы дух не зазiрнуў у душу.
* * *
Падчас пазяхання трэба прыкрываць рот, каб не ўцякла душа.
* * *
Паверыць у несмяротнасць душы гэтаксама цяжка, як прызнаць у сябе смяротную хваробу.
* * *
У бездапаможных лiтаратараў зазвычай ёсць адна яскравая рыса: яны — таленавiтыя зайздроснiкi.
* * *
У адрозненне ад спагады цi спачування зайздрасць — заўсёды дзейсная. Ведаючы гэта, скiроўвай яе на стваральную працу, а не на руйнаванне таго, што гэтую зайздрасць спарадзiла. Пазайздросцi i — пераўзыдзi.
* * *
Калi што i прыносiць выгоды, дык гэта несправядлiвасць. Яна адмаўляе роўнасць. Дзякуючы ёй, у адных — усё, а ў iншых — нiчога.
* * *
Калi палiтыкi пачынаюць гаварыць шчыра, я нiчога не чую, апрача бруднай лаянкi. I гэта не асаблiвасцi майго вуха, а якасцi iхнiх языкоў.