Выбрать главу

* * *

У народа i ў паноў усё рознае — i дабрачыннасцi, i заганы. Заўважыў Вавенарг. Можна працягнуць думку. Няма двух людзей, чые добрыя i злыя ўчынкi цалкам супадуць.

* * *

Сквапны спадзяецца на доўгае жыццё, чым i выклiкае цiкавасць. Сквапнасць — адна з формаў надзеi. Яе варта ўважлiва даследаваць. Каб не спудзiць сквапнага, варта за вочы называць яго ашчадным i мудрым, што недалёка ад праўды.

* * *

Кiданне каменя ў птушку — праява зайздрасцi да здольнасцi лётаць. Але, калi надышоў час раскiдаць камянi, цi не лепей кiдаць iх у птушак.

* * *

Самы жахлiвы i небяспечны сведка тваёй бессаромнасцi i тваiх грахоў — ты сам. I як цяжка прымусiць гэткага сведку маўчаць. А можа, самагубства — гэта знiшчэнне галоўнага сведкi грэхападзення? Пэўна. I таму хрысцiянская царква не прымае самагубцаў i культывуе вобраз Юды, якi, прадаўшы Хрыста, засiлiўся.

* * *

Грахi — учынкi, якiя прыемна згадваць.

* * *

Злодзей перш-наперш абкрадае сябе.

* * *

Адзiны, каму варта дараваць смяротныя грахi, — ты сам.

* * *

Генiяльныя людзi — генiяльныя грэшнiкi.

* * *

Каб чалавек не ленаваўся, ён даўным-даўно знiшчыў бы сябе.

* * *

Тры ганебныя слупы сучаснага чалавецтва: энерганосьбiты, сродкi камунiкацый i вынiкi дэмакратычных выбараў.

* * *

Дэмакратычныя выбары знiшчаюць герояў лепей за тэрарыстаў i спецслужбы.

* * *

Калi i паставiць сумленных над несумленнымi, дык народ прыйдзе да пакоры... Так казаў Канфуцый, калi ў яго пыталiся, як прывесцi народ да паслухмянасцi. Але бяда, што не кожны сумленны чалавек, узвысiўшыся, застанецца сумленным. У момант узвышэння большасць людзей якраз i страчвае сумленне.

* * *

Пра тое, што нельга браць чужое, ведаеш з дзяцiнства. Але чаму ж цябе не вучылi шукаць толькi сваё месца i не ставiць сябе на чужое?

* * *

Зайздрасць параўноўваюць з жабаю, якая сядзiць на грудзях, цiсне, не дае дыхаць, не дае жыць. Таму смяротныя грахi параўноўвай з годамi.

* * *

Выпадак раскрывае ў табе як лепшае, так i горшае, але горшае праяўляецца лепш.

* * *

І безнадзейны баязлiвец можа атрымаць медаль за адвагу.

* * *

Лепей займець яскравую загану, чым пялегаваць чэзлую прыстойнасць.

* * *

Калi пачынаеш прынiжацца перад тыранам, яшчэ раз даказваеш сваю непамерную пыхлiвасць.

* * *

Ёсць iндывiды, што знаходзяць задавальненне, назiраючы за пакутамi iншых; таму кармленне ўдава трусамi збiрае ў звярынцы шмат гледачоў.

* * *

Натоўп на стадыёне ўстае, калi бачыць падзенне чалавека.

* * *

Можаш i не заўважыць, як абедзенны стол зойме ў тваёй свядомасцi месца алтара.

* * *

Абставiны мацней за чалавека!.. Такiмi словамi к"ты апраўдваюць злачынствы.

* * *

Лайдак заўсёды спяшаецца, бо ведае, што спознiцца.

* * *

Звычайна дапамагаеш толькi таму, што сам спадзяешся на дапамогу.

* * *

Вакол вар’ята жывуць адны вар’яты.Прынамсi, ён так сцвярджае.

* * *

Хвалячы iншых, мiжвольна ўсхваляеш сябе, i гэта лёгка адсочваецца.

* * *

Калi нiкчэмны чалавек губляе страх, ён робiцца бандытам, бо ў нiкчэмных людзей няма сумлення.

* * *

Найтаннейшы гатунак гонару — нацыянальны... Чытаеш у Шапенгаўэра. І можна верыць, калi ў яго ж не чытаць наступнае... Немцы свабодныя ад нацыянальнага гонару i гэтым даказваюць сваю ўласную сумленнасць.

* * *

Ты любiш павагу да сябе толькi за перавагу, якую яна дае над iншымi, за жывёльную вагу.

11. Дабро

* * *

У нас няма нi сiлы, нi нагоды здзейснiць усё добрае i злое, што мы мелiся зрабiць. У гэтай максiме Вавенаргу нестае кроплi аптымiзму. I дзякуй лёсу. Бо ўжо панiшчылi б адзiн аднаго з самымi добрымi намерамi ў сэрцы.

* * *

Добрага заўсёды замала, а злога — зашмат. I чаму ўсе спадзяюцца на казачны фiнал, дзе дабро перамагае зло?

* * *

За дабро варта сплачваць, а за зробленае табе зло можна i не плацiць.

* * *

Дабрыня першая сыходзiць з вялiкай i заможнай iмперыi.

* * *

Колькасць крывi ў чалавека абмежаваная, а прага быць свабодным — не.

* * *

Свабоды баiцца раб.

* * *

Добрых уладароў не iснуе.

* * *

Тыранiя нараджае змагароў, барацьбу, супрацiў i нарэшце — водар свабоды.

* * *

Сацыяльная роўнасць — не ў тым, што ўсе аднолькава вольныя, а ў тым — што аднолькава прынiжаныя.

* * *

Найкарацейшы шлях да ўлады ляжыць праз дабрыню. Але быць добрым цяжэй, чым выкарыстоўваць сiлу.

* * *

Чалавечнасць — гэта прастата.

* * *

Лёгка дараваць толькi тое, што не крыўдзiць асабiста цябе.

* * *

Ветлiвасць — навука суiснавання.