Выбрать главу
12. Варожасць

* * *

Як намерышся дыскрэдытаваць ворага ў вачах грамадства, канстатуй сексуальную ненармальнасць абранай персоны, кажы: "Спадар Х.Y. любiць паразважаць пра генiталii ды ўрынатэрапiю".

* * *

У часе скрухi можна суцешыць сябе думкаю: ты робiш столькi зла, колькi ворагi робяць табе. Суцяшэння варта шукаць у раўнавазе.

* * *

Вораг — пераапрануты сябра.

* * *

Калi за зло плацiць злом, а за дабро сплачваць дабром, можна незаўважна ператварыцца ў люстэрка, дзе не знойдзецца месца нi спачуванню, нi чалавечнасцi. Можа, таму Канфуцый заўважае: за зло трэба сплачваць у згодзе з тваiм сумленнем.

* * *

Калi нейкi чалавек беспадстаўна ненавiдзiць цябе i ты ў гэтым неаднаразова ўпэўнiваўся, зрабi яму зло, каб нарэшце знайшоўся трывалы грунт для нянавiсцi.

* * *

У забойцы амаль заўсёды напагатове адвакат, а ў ахвяры яго чамусьцi няма.

* * *

Услаўляюцца зазвычай рэчы нiкчэмныя.

* * *

Самы дасканалы данос можна напiсаць толькi на самога сябе, а мець з гэтага будуць усё адно iнквiзiтары.

* * *

Вялiкая бяда вылуплiваецца з маленечкага няшчасця, як змяя з яйка.

* * *

Змагацца супраць зла — значыцца, занадта яго ганараваць... Чытаю ў Латрэамона. Зразумела, шанаваць зло не варта, змагацца з iм цяжка. Але яго нельга праiгнараваць. Зло актыўнае, дынамiчнае, агрэсiўнае. I найлепшы стан, у якiм можа быць зло, — гэта сон. Пакуль зло спiць, можна паспець заняць пазiцыю недасяжнасцi для пэўнага зла. Хай пачвара прачнецца i пабачыць насупраць сябе гэткую ж злую галодную пачвару. Хай счэпяцца ў двубоi два кракадзiлы. Будзе на што паглядзець, пры ўмове, што сам ты — не кракадзiл.

* * *

Калi перастаеш злавацца, робiшся добрым... Запэўнiвае Ларошфуко. Зусiм не абавязкова, можаш стаць i абыякавым.

13. Сяброўства

* * *

Поспех аддаляе знаёмых, адпрэчвае ворагаў i пазбаўляе сяброў.

* * *

Нязмушаная размова з сябрам — найлепшая школа для розуму... Нельга не пагадзiцца з мэтрам Вавенаргам.

* * *

Каб сябраваць, трэба пакiнуць заганную звычку патрабаваць ад сяброў такiх ахвяраў, якiя ты сам прыносiш на алтар дружбы. Кожны ахвяруе, колькi можа, i сябруе, як умее.

* * *

Выдатна прыбраны, сытны, поўны тонкiх напояў стол лепей за грошы мацуе сяброўства... Не стамляюся паўтараць.

* * *

Не варта сварыцца з сябрамi i знаёмымi; яны самi пакiнуць цябе, як толькi даведаюцца i пабачаць, што на тваiм полi ўсё добра.

* * *

Некалькi разоў збiраўся скласцi спiс былых сяброў, з якiмi не трэба вiтацца. Справа адкладалася праз тое, што нiводнага з iх не хацелася запiсваць першым.

* * *

Ёсць такi жарт: грошы — найлепшыя сябры. Меркаванне небеспадстаўнае: менавiта за грошы i прадаецца сяброўства, прадаецца, але не набываецца. У Беларусi яшчэ кажуць: грошы сяброў разводзяць.

* * *

Добра мець у сябрах: чалавека разумнага, каб было з кiм параiцца; чалавека абазнанага ў медыцыне, каб дапамагаў падчас хваробы; i чалавека шчодрага, якi ад шчырага сэрца робiць падарункi.

* * *

Легкадумны чалавек прасцей простага завязвае сяброўства i лягчэй лёгкага развiтваецца з сябрам, а таму марны занятак — пошукi глыбокiх узаемiнаў з неглыбокiмi людзьмi.

* * *

Сябры заводзяцца проста, як каты i сабакi, — захацеў i завёў; галоўнае, каб было чым кармiць i паiць.

* * *

Не спрабуй лекаваць сябра ад зайздрасцi, пагадзiся з думкаю, што сябра няма.

* * *

Найлепшы сябра любiць сябе болей, чым цябе.

* * *

Сяброўства — гэта адсутнасць патрабаванняў.

* * *

Не сябруй з тымi, хто табе не роўны, i не бойся выпраўляць уласныя памылкi... Чуеш параду Канфуцыя. Колькi разоў i я мусiў разрываць дачыненнi з добра знаёмымi людзьмi. Складана сказаць праўду пра тое, што не будзеш сябраваць. "Калi ласка, не турбуй мяне i маю сям’ю", — словы простыя, а вымавiць iх цяжка.

* * *

Сяброўства — перадусiм шчырасць.

* * *

Калi твае сябры сышлi з абранага разам шляху, калi здрадзiлi агульным iдэалам, якая тады рознiца — жывуць яны цi iх няма на свеце?

* * *

З былымi сябрамi пазбягай сустрэчаў, а пры выпадковых сутыкненнях не вiтайся, нават калi яны першыя пададуць руку.

* * *

Не кажы пра сяброў кепскае — гэта, найхутчэй, праўда.

* * *

Аднавiць страчанае сяброўства немагчыма: яно, як хваля аб скалу, разбiваецца на дробныя пырскi аб зайздрасць.

* * *

Сабака-жывёла брэша на зладзеяў i кусае ворагаў, а сабака-фiлосаф кiдаецца i выскаляецца на сяброў i суайчыннiкаў дзеля выратавання iх душаў.

* * *

"О сябры мае, няма болей нiводнага сябра!" — любiў паўтараць Арыстоцель. Такое можна вымавiць толькi ў пэўным узросце; асабiста я паўтарыў Арыстоцелеву думку ў 37 гадоў.