* * *
Пра добры твор гаворыць нямнога людзей, але — доўга.
* * *
Нячаста, але сустракаюцца асобы настолькi самадастатковыя, што iх не цiкавiць прызнанне i слава, iм не патрэбныя ацэнкi i адзнакi iншых, iх не абыходзяць чужыя меркаваннi пра ўласныя паводзiны. Хацеў бы я быць такiм, незалежным ва ўсiм. А ў мяне атрымлiваецца толькi ў камернай творчасцi.
* * *
Каб цябе пачулi i слухалi, гавары тое, што людзi прагнуць пачуць.
* * *
Вядомасць дасягаецца толькi праз кепскую рэпутацыю.
* * *
Вышыня сённяшняга трыумфу сведчыць пра глыбiню заўтрашняга падзення.
* * *
Папулярнасць — гэта перш-наперш пасрэднасць, а пасрэднасць — гэта ўчарашняя вядомасць.
* * *
Мода — найвялiкшы вораг папулярнасцi, бо мода змяняецца з кожным сезонам.
* * *
Апранахi блазнаў i каралёў аднолькава зiхоткiя. Зусiм не прынцыпова тое, што ў аднаго золата сапраўднае, а ў другога — штучнае, бо словы каралёў i блазнаў здатныя выклiкаць адно ўсмешку.
* * *
Няўжо слава прыйдзе тады, калi ты канчаткова страцiш гонар?
* * *
Слава кампануе свае калажы такiм чынам, што ў адзiн тэлевiзiйны кампот трапляюць зусiм розныя асобы: генералы i шарлатаны, мiнiстры i фiгляры, мiльянеры i спевакi. Табе застаецца толькi выкiнуць злучнiк, замянiўшы яго на дэфiс, i зрабiць выснову. Генерал-шарлатан, мiнiстр-фiгляр, спявак-мiльянер — вось яны, абраннiкi народнай славы. Мае рацыю Шапенгаўэр, калi пiша... Слава сярод сучаснiкаў нячаста ператвараецца ў трывалую пасмяротную славу.
* * *
Эгаiстычны лiтаратар мусiць адмаўляцца ад рамяства, бо ягоная патрэба — падабацца сабе, а не суцяшаць i забаўляць iншых, чужых, натоўп, як гэта робяць прафесiйныя белетрысты.
* * *
Пiсьменнiк-лiслiвец-прафесiянал выдатна ведае, што нiводны з тыранаў не адмовiўся ад сваiх лiтаратурных партрэтаў, аўтабiяграфiяў i хвалебных гiмнаў.З гэтага прафесiянал i жывiцца.
* * *
Лiтаратура будуецца яшчэ i на страху, што незанатаваныя думкi знiкнуць.
* * *
Экстрэмальны лiтаратурны твор — кароткая, блытаная перадсмяротная запiска.
* * *
Шмат каму з лiтаратараў асноваю для ацэнкi напiсанага служаць: па-першае, колькасць выкладзеных на паперы знакаў, што прыраўноўваюцца да грашовых адзiнак; па-другое, колькасць асобнiкаў надрукаванай кнiгi, што iстотна ўплывае на заробак. Асуджаць i папракаць за такi падыход да лiтаратурнай працы нельга. Наадварот, такiя паводзiны лiтаратара трэба хвалiць на кожным скрыжаваннi. Толькi мне да душы iншыя крытэрыi... Люблю наяўнасць у тэксце нечаканых i парадаксальных думак i развагаў, шаную лапiдарнасць i нешматслоўнасць, паважаю някiдкую прыхаваную сувязь з творамi вялiкiх папярэднiкаў i радуюся амаральнасцi аўтара, амаральнасцi з пункту гледжання масавай свядомасцi.
* * *
Чытача можна падмануць толькi адзiн раз, а потым даводзiцца мяняць псеўданiм.
* * *
Нечаканая канцоўка навелы заўсёды лжывая.
* * *
Калi табе кажуць: "А я ведаю, пра што будзе тваё наступнае апавяданне...", ты абавязкова дапытайся пра здагадкi i версii, каб не напiсаць чужога.
* * *
Вавенарг сцвярджаў, што людзi разумныя не пiшуць i не чытаюць раманаў, бо дастаткова чалавеку адчуць, што ўяўная велiч хавае за небылiцамi звычайную хлусню, як яго ахоплiвае гiдлiвасць, таму раманы i не перачытваюцца. Выдатнае назiранне. Толькi мне не давялося сустрэць нiводнага разумнага, якi б не прачытаў пару-тройку бульварных раманаў. Усе не без грахоў. Мяркую, спадар Люк дэ Клап'е дэ Вавенарг таксама пачытваў раманы. Таму i скажу наступнае... Разумны чалавек адмаўляецца чытаць раманы.
* * *
Нiшто так хутка не псуе рэпутацыю лiтаратара, як праўдзiвыя выказваннi пра суайчыннiкаў i супляменнiкаў.
* * *
Лепей не спрачацца пра якасцi мясцiнаў, у якiх не быў, i пра вартасцi звычаяў, якiх не бачыў. Кожны з нас i так шмат дзе пабываў i многае паглядзеў, каб цiкава расказаць.
* * *
Не варта чакаць удзячнасцi за пахвальбу. Ведаючы пра гэта, крытыкуй, iранiзуй, кажы праўду i галоўнае — не бойся, што ў адказ атрымаеш жорсткiя словы, а тым больш дзеяннi.
* * *
"Кожная думка новая, — заўважыў Вавенарг, — калi чалавек выказвае яе на свой лад..." Удакладню: на сваёй мове i ў новай маладой краiне...
* * *
У адным слове iсцiны не менш, чым у разгорнутым сказе. Але большасць лiтаратараў усё адно iмкнуцца акрэслiваць iсцiну менавiта сказамi, а не словамi.
* * *
Афарызм — арыстакратычная форма.
* * *
Пiшучы ў газету, нi на iмгненне не забывай, што рэфарматарам, патрыётам, рэвалюцыянерам салодка жывецца толькi на старонках гiстарычных энцыклапедыяў.