* * *
Агульнапрынятыя нормы i перакананнi змяняюцца значна хутчэй за асабiстыя.
* * *
Як уражанне ад уласнага голасу не супадае з пачутым iншымi, так i меркаваннi пра цябе не супадаюць з самаацэнкамi.
* * *
У тэксты ўчытвайся, у музыку ўслухоўвайся, у малюнкi ўглядайся... Так нарэшце зможаш пабачыць, пачуць i зразумець самога сябе.
* * *
Лiтаратар не ведае сваiх чытачоў, як мастак незнаёмы са сваiмi гледачамi, а музІка — са слухачамi. Так можна адказаць на пытаньне Франсуа дэ Ларошфуко: "Чаму мы запамiнаем з усiмi драбнiцамi тое, што з намi здарылася, але не здатныя запомнiць, колькi разоў мы распавядалi пра гэта адной i той жа асобе?"
* * *
Навучыся адрознiваць тых, хто ўладкоўваецца ў мяккiм фатэлi, i тых, хто сядае на мулкi зэдлiк.
* * *
Лепей цалкам сур’ёзна хвалiць сябе, чым жартам ставiць на катурны iдыёта.
* * *
У наш час воля да ўлады сканчаецца пiсаннем папяровых законаў i ўдзелам у тэлешоу.
* * *
Калi прачытаеш, што "менавiта палiтыкi — сапраўдныя фiлосафы", жаданне быць фiлосафам выпараецца.Лепей заставацца вясёлым лiтаратарам.
* * *
Я пагадзiўся б жыць пад прыгнётам тырана пры ўмове, што буду залежны толькi ад яго прымхаў i свабодны ад дэспатызму моды, звычак, забабонаў; законнасць — найлепшая форма рабства... Так разважае Вавенарг. Але тыран таму i тыран, што не зважае нi на якiя законы.
* * *
Цi супярэчыць розуму i справядлiвасцi любоў да самога сябе?.. Пытаецца Вавенарг. Для мяне, разумнага эгаiста, адказ вядомы. Любоў да самога сябе не супярэчыць розуму i справядлiвасцi. I чаму нам так хочацца, каб сябелюбства заўсёды лiчылася заганаю? Працягвае Вавенарг. Па-першае, не ўсiм нам, а па-другое, не заўсёды. I доказ таму — два папярэднiя пытаннi Люка дэ Клап’е дэ Вавенарга.
* * *
Задумваючы рызыкоўную справу, сто адзiнаццаць разоў падумай пра самога сябе i — рызыкуй.
* * *
Калi думаеш пра сябе, прыходзiш да высновы: нельга быць выбiтным штохвiлiны. А вось аналiзуючы лёсы i бiяграфii выдатных творцаў, пераконваешся: выдатным можна быць заўсёды i ва ўсiм. Дыяген Сiнопскi выдатны нават тым, што жыў у бочцы.
* * *
Каб перастаць зайздросцiць, лiчы сябе не горшым за iншых, а лепшым.
* * *
Павага iншых людзей залежыць ад стаўлення да самога сябе. Нiхто не будзе цанiць чалавека, якi сам сябе нiзка ставiць.
* * *
Эгаiстычныя паводзiны — пошук спакою.
* * *
"На мой век хопiць..." — запэўнiвае маладасведчаны эгацэнтрыст i — памыляецца.
* * *
Супрацьстаяць сабе можаш толькi сам. Пазбегнуць такога ваяўнiчага стану лёгка: адмоўся ад цяжкай хады.
* * *
Не адказвай на пытанне раней, чым яго пачуў.
* * *
Не думай пра ўласныя здольнасцi, бо нават гэтым прынiжаеш апанентаў.
* * *
Як найхутчэй вырашай пабытовыя дробязi, з iх складаецца чалавечы апакалiпсiс.
* * *
Выкiдаеш кнiжку на сметнiк? Памятай, яшчэ пашкадуеш, але не спыняйся i выкiдай. Замахнуўся нажом? Бi насмерць.
* * *
Парада зневажае суразмоўцу. Настаўнiк заўсёды прынiжае вучня. Каб пазбегнуць помсты за знявагi i прынiжэннi, давай парады сабе.
* * *
Выслухай параду, але не спяшайся яе выконваць, пачакай нагоды.
* * *
Саромецца ўласных генiталiяў такое ж глупства, як i ганарыцца iх формамi i памерамi. Але ганарыцца ўсё ж лепей, чым саромецца.
* * *
Калi не знойдзеш добрага занятку, цябе захопiць што-небудзь кепскае. А як не будзеш займацца разумнымi рэчамi — свядомасць апануюць заганныя думкi.
* * *
Калi табе не падабаюцца паводзiны лысага, пахвалi ягоныя валасы, што пакiнулi неразумную галаву.
* * *
Справакаваць дурнога чалавека на брахню досыць лёгка, дастаткова назваць яго вар’ятам.
* * *
Сапраўдны сацыялiст той, хто не хоча мяняць свой сацыяльны статус.
* * *
Нацыяналiст — гэта гiсторык, якi стварае рамантычнае мiнулае нацыi.
* * *
Кароль жыве ў кожным чалавеку; кепска толькi, што большасцi каралёў не хапае служак.
* * *
Памiж смеласцю i безразважнасцю няма мяжы.
* * *
Аскетызм паходзiць не ад сквапнасцi, а ад шчодрасцi.
* * *
Тэрарыст уваходзiць у вечнасць праз асляпляльную яркасць аднаго iмгнення.
* * *
Экстрэмiзм — шлях лайдакоў.
* * *
Караля робiць свiта. Або суседняя дзяржава.
* * *
Калi ты дамовiшся з сабою, ёсць надзея, што паразумеешся з iншымi.
* * *
Трэба рабiць непатрэбнае.
* * *
Як гэта зноў навучыцца спакойна чакаць?