Выбрать главу

* * *

Бяздзейнасць — рэч пакутлiвая, амаль нездзяйсняльная. Толькi вельмi мужны чалавек можа абраць бяздзейнасць за асноўны занятак.

* * *

Забывацца на кепскiя ўчынкi iншых — яшчэ паўбяды, а запамятаеш уласныя кепствы, дык лiчы — згалеў.

* * *

Пастаяннасць зменаў стомiць i адначасна супакоiць.

7. Веды

* * *

Настаўнiкаў заўсёды менш, чым падручнiкаў.

* * *

Развагi пра ўзаемазалежнасць рэчаў стамляюць не менш за чаканне перад зачыненымi дзвярыма.

* * *

Ведаеш: усё папулярнае — кепскае; але ведаць недастаткова, каб умець тое рабiць, а тым больш — выкарыстоўваць.

* * *

Развагi селянiна часам больш рацыянальныя за часопiсную эсэiстыку навукоўцаў.

* * *

З дакладным веданнем сваiх жаданняў жывецца лягчэй; няведанне, як цемра, поўнiцца небяспекаю.

* * *

Калi сапраўды збярэшся вучыць iншых, не забудзься ўзяць кiй ды надзець шлем.

8. Здароўе

* * *

Сумная iсцiна... Здароўе чалавецтва вызначаецца па колькасцi хворых.

* * *

Калi ты хоць на iмгненне навучышся грэбаваць жыццём, ты пазбавiшся страху ўчынiць самагубства.

* * *

Вар’ят варты сардэчных адносiнаў i спачування, але дзеля яго ж i трэба трымаць напагатове кашулю з даўжэзнымi рукавамi.

* * *

Медыцына — найпапулярнейшая ў ХХ стагоддзi форма рэлiгii.

* * *

Лекi нараджаюць хваробы.

9. Вайна

* * *

Слабыя душой, на думку Вавенарга, упэўненыя, што разбурэнне — верная прыкмета смеласцi i магутнасцi. Так яно i ёсць, але слабыя i моцныя духам тут нi пры чым.

* * *

Мiр — кароткая пярэрва памiж войнамi, прысвечаная пераўзбраенню i рэформам у армii.

* * *

Хто ведае, можа, менавiта страсцям абавязаны розум самымi блiскучымi сваiмi заваёвамi, — пакеплiвае са стоiкаў i аскетаў Вавенарг. Можа i так, толькi словазлучэнне "заваёвы розуму" выдае акупанта, якi ўвесь час прамалёўваецца ў постацi маралiста Вавенарга.

* * *

Мусiць, я не першы, хто заўважае, што вайсковую форму вельмi любяць iдыёты. I як сумна, што на вулiцах гэтай формы ўсё болей i болей.

* * *

Вайсковы патрыятызм вырастае з нянавiсцi да суседзяў, а тая нянавiсць грунтуецца на зайздрасцi... I варта памятаць: зайздросныя ваяўнiчыя варвары зруйнавалi Рым.

* * *

Хто хоча мiру, хай рыхтуецца да вайны... Зазначыў старажытнарымскi пiсьменнiк Вегецый. Толькi падрыхтоўка да вайны — вайна, а не мiр, як i ўрачыстае святкаванне перамогi над ворагамi — працяг вайны.

* * *

Знiшчы грошы — i знiкнуць войны... Спадзяваўся старажытнарымскi аратар Квiнтылiян. Дарэмныя спадзяваннi. Б’юцца, ваююць, забiваюць i за кавалак акрываўленага мяса.

* * *

Старажытнарымскi паэт Клаўдыян выказаўся пра перамогу так: "Сапраўдная перамога толькi тая, калi самi ворагi прызнаюць сябе пераможанымi". А я сумняваюся, што сэрца чалавека, якi падпiсвае капiтуляцыю, пагаджаецца з тым, што робяць розум i рука.

* * *

Ёсць класiчнае выказванне: калi двое б’юцца, трэцi радуецца. А цi не азначае гэта, што, калi двое памiрацца, — трэцi заплача?

* * *

Калi становiшся на бок пацыфiстаў, варта памятаць, што вайскоўцы ведаюць старажытнае правiла: у адносiнах да ворагаў усё дазваляецца.

* * *

Вайскоўцы любяць вайскоўцаў, нават вайскоўцаў варожых дзяржаў, i ненавiдзяць пацыфiстаў, асаблiва суайчыннiкаў.

* * *

"Перамогi не будзе!" — менавiта з такiм перакананнем iдзеш на бой.

* * *

Войска выбудоўваецца, каб разбураць.

* * *

Смелы ваяр — гэта найперш пакорлiвы раб.

* * *

Злапамятнасць i злараднасць — два слупы, на якiх трымаецца нацыянальная годнасць, бо нацыя не павiнна нiкому дараваць нават дробныя напады на свае правы. Таму на занятках гiсторыi ты вывучаў розныя крыўды, бойкi ды войны. Вось таму на ўсiх скрыжаваннях услаўляюцца забойствы, забiтыя ды крыважэрнасцi, названыя подзвiгамi. Вось i святкуюцца ваенныя перамогi ўсенародна. Не ўдзельнiчай у гэтых урачыстасцях.

* * *

Асэнсоўваць непатрэбнасць усялякай вайны варта ў цiшынi i на адзiноце, бо ў акопе пра вайну не падумаеш.

* * *

Каб ператрываць чорныя часы, бывае дастаткова ўявiць чарнейшыя хвiлiны.

* * *

На першы погляд, дзяржава — з’ява антыпрыродная, бо яна iмкнецца забаранiць дзве з асноўных праяваў эвалюцыi: падман i забойства. Але пры больш пiльным разглядзе заўважаеш: калi з дапамогаю законаў ды пакаранняў дзяржава здольная збольшага забаранiць гэтыя праявы на ўласнай тэрыторыi, дык адразу ж распачынаецца вайна з суседнiмi дзяржавамi, яна сама пачынае падманваць i забiваць. Дзяржава вымушаная забiваць чужых i сваiх, каб не забiваць адно сваiх. Дзяржава — прыродная пабудова, як статак, як зграя, як гайня.