Выбрать главу
ЗЯЛЁНЫ ЛІСТ, ЧЫРВОНЫ КВЕТ
Не разбурай таго, што ёсць. Душы звычайную прыязнасць Стаць іншаю не абавязвай, Пакуль нам хораша, як есць.
Адзін неасцярожны крок — А свет зыначыцца адразу. Пасля вымогай не абразіць Нас, немаёмных, лёгкі крок?
Зялёны ліст, чырвоны квет На подзіў туга перавіты, І крый нас божа пераблытаць Зялёны ліст, чырвоны квет...
***
«Па снезе, па слаце — Пагода расцвіце, Заграе сінява, — Прашу не сумаваць!»
...Зноў з берагоў рака, Зноў радасць жаўрука, Зноў сонейкам падбел У вочы мне й табе.
І промні па слаце, І сум, як сад, цвіце!..
***
...Успрымаць як цуд, што я жыву, Чую галасы бацькоў і руні;
Са здзіўленнем дзён маіх дратву Пазнаваць у расспяваных струнах;
Дзівавацца каменю й лістку, Дзівавацца кораню й дажджынцы;
Зноў адчуць, што я на валаску Над прадоннем спеленых дажынкаў;
Ведаць пэўна, што рука твая Мне не дасць аб камяні разбіцца.
Як магло са мной такое збыцца?! Дзівавацца гэтаму ўдвая...
***
Забрыў высокі дзень пагодны У светлы одум верасковы... Табе я стала неабходнай. А ці зраблюся дастатковай?..
Дзень павуцінку шчасця ловіць, І шчасце вырвацца не смее. Як ружы, кідаеіп мне словы. А сам ты іх — ці разумееш?..
Навошта я... Хай потым, потым, Пазней прыдасца гэты одум!.. Твая вясенняя пяшчота... Мая асенняя пагода...
***
Я думаю пра мой найлепшы дзень. Узыдзе ён, Як келіх макавы, Вясёлкава зайграе Насычанымі гранямі сваімі. Як летні ясень, спраўджаны лістотай, Як поле жыта з васільком у вуенах, Нібы калодзеж з зоркаю на дне, Знутры свяціцца неўгасальна будзе Мой дзень найлепшы, Крышталёвы келіх, Ушчэрць наліты мірам на Зямлі. Найлепшы дзень мой! Мой блакітны птах. Зялёны промень сонца пры заходзе. Саргасавае мора ў акіяне. Якая згода явы й летуцення, Здзяйснення й помыслу, Натхнення й плёну! Як пахам яблык, Як азонам вецер, Як полымем касцёр, Увесь працяты Маёй любоўю І маім каханнем. О, дзень мой дасканалы!..