Выбрать главу
ЗАКАНАМЕРНАСЦЬ
То ці варта ўжо так непакоіцца, доктар, Што яно, гэта сэрца маё Са звычайным абрысам лісточка бярозавага, Часам гэтак балюча трапеча, Што сарвацца гатова Мяне ўразіла б іншае: Каб у ім без пакуты варочаўся Свет гэты белы...
КАБ СПРАЎДЗІЦЦА
Як поры году: адыходзяць — каб вярнуцца, Мае сумненні растаюць, ды апантана Ім зноў на стыках будняў абярнуцца — Прабіцца, быццам праз асфальт трава — Пытаннямі. Няхай аточваюць! Няхай маіх адказаў зерне Зноў тоіць завязь новай скрушнасці бяссоння: У ім — не марная неміласэрнасць. Адно ўжо ведама мне і сягоння: Усё, што я раблю, Мае ўсе радасці, Памкненні, злыбеды мае — ўсё гэта я. Жыву, каб спраўдзіцца.
***
Так доўга чалавек глядзеў пад ногі, Навобмацак шукаючы дарог, Нібы ў пачатку даў сабе зарок Нідзе не спатыкнуцца, покі змога.
Якім пакутным быў няроўны крок!.. А зоры так зіхцелі над разлогай!.. І ўскінуў горда галаву нябога: «Ад бед сябе я тут не абярог.
Быў я пакорны. Вырас нецярплівы. Даволі плазаваць пад зорнай злівай: З самое зоркі дом сабе зраблю!»
І ўладна з гэткай сілаю шчымлівай Наблізіў зоры да сябе!.. Шчаслівы Ці будзе ён, пакінуўшы Зямлю?..
АДНАМУ СЯБРОЎСТВУ

Добрыя нашы ўсе парыванні,

Як кветкі, хочуць, каб іх палівалі...

А. Вярцінскі
Час аддаляе нас. Але ці час вінаваты, Што ў нас аказалася небагата Душэўнай руплівасці не напаказ?
Сяброўства зялёнае каліўца Яшчэ ые зусім засохла І хоча расці высока, — Няўжо яно ў нас ашукалася?!.
І ЧАЙКІ
Сугучча апярэння і паставы годнай, Праніклівага зроку вастрыня, Імклівасць дужых крыл, Дакладнасць руху Ім— Лёткім злучнікам нябёсаў і вады — Азёрным чайкам волелюбным Дадзена. І вось — Яны Над сметнікам крыкліва мітусяцца I, нібы вераб'і кароткапёрыя, Да хрыпу сварацца За чэрствую скарынку...
***
Сакраментальна вырашаем, Што не прыняць, што зберагчы, Замоваю лясных вяршалін Шукаем зорныя ключы. Суладдзе душ пакутна творым. Зляціць праменьчык па камлі, Сасновы ў ногі кіне корань: За неба ўдзячны будзь зямлі! Спаткнуся. Зорны ключ не блісне Між асыцелае травы. І прыме за паклон мой бліжні Маё падзенне да крыві...
У ВЯНОК ЛЮБЕ
Знаёма-новы, Ледзь абжыты дом. Мне абжываць яго. І ты Заходзіш. Не прывідам — Жывая. Пытаешся, ці я ўзяла вазон — Без кветкі ў хаце, Як без гаспадыні... З патайным хваляваннем Я дзялюся Арэхамі з табой. Ты усміхаешся, бярэш... А неўзабаве, Цябе схаваўшы похапкам за дзверы, Аўтобус, Перапоўнены людзьмі, У пільную дарогу вырушае. Праз шыбу шызую Твая відна мне постаць. Ды ты ўжо не звяртаеш Увагі на мяне. Сачу шчымліва, Як прападае ў далечы Аўтобус... Вяртаюся ў той звычна-новы дом, У ледзь абжыты: З краю на стале — ТАБОЙ ПАКІНУТЫЯ МНЕ АРЭХІ...
Твая істэрыка раздратавання Над возерам, пераплываным мною, Калі цябе жахае, што жывою Мяне прадовзне ўжо не верне, Не!— Твой лямант Зноў і зноў мяне ратуе ў цяжкім сне... Няўжо і там, І за мяжою невяртання, Табе так страшна плачацца Па мне?..