Выбрать главу
СКАРБ
Аддаў сябе як скарб, шалёны скарб. Разгубленай жабрачцы што рабіць з ім, Як абыходзіцца, Паводзіцца з ім, каб Не злегкаважыць і не страціць Дачасна? Давер, як павадак, Ашаламляе. Глядзела Глыбознымі трывожнымі вачыма, Баялася даткнуцца: Не зняверыўся б... Дыхнуць не смела: Не зняверыцца б...
Шукала супакою для душы.
Багатаму не спіцца.
А рана Прыкідваецца толькі, Што яе — няма...
ГРАМНІЦЫ
Грамніцы — Палавіна зіміцы. Не напіўся певень вадзіцы. Што ж не дасць усумніцца, Што грамніцы — Палавіна зіміцы?!
Ці ж не гэты блакіт, Маляваны густа, высока?
(Болей — Ласка тваёй рукі, Мой сокал...)
Ці ж не спіленыя сукі У таполяў пасёлка?
(Болей — Ласка тваёй рукі, Мой сокал...)
Ці ж не лёгкасць дыхання, якім Усё налілося?
(Болей — Ласка тваёй рукі ў маім лёсе, На грамніцы, На палове зіміцы.)
НЕМІНАЛЬНАСЦЬ
Як кажуць, Плачам рота не направіць. Не ўпершыню мне часу не шкада. Не ўпершыню раскошна марнатравіць, Каб зноў і зноў былому волю даць.
У час мінулы не даходзіць пошта. Ды час мінулы хоча сведкам стаць: Не ўсё мы ўмелі ўзяць у хвілі кожнай, Ды без вагання ўмелі аддаваць.
І тая шчырасць, спогадзь і пяшчота, Чым пераможна багацелі мы, Шуміць бяссмертна весняю лістотай На стромым дрэве нашае зімы!
ПЯШЧОТА
Я не ведаю, З якога зернейка пунсовай мачыны, З якой расінкі на галінцы верасовай, З якога суквецця атульнага хмелю, З якой формы, З якога водару Нараджаецца мая пяшчота да цябе. Я толькі ведаю, Як нешта Імгненна і таямніча, Падобна ўзварушлівай хвалі гарачай, Працінае глыбіні мае найглыбшыя І ўзнімае высока-высока — Да самай ласкі тваёй; Як гэтае нешта, Быццам засень п'янкая Першай слівы Расцвілай, Запалоньвае ўладна ўсю істоту І зрушана прыгортвае — Да ласкі тваёй; Як безназоўнае нешта Па магічнаму знаку няўлоўнаму Раптам намыслы ўсе і жаданні мае Абарочвае Прадоннай ракою, Што прагне адзінага акіяна — Ласкі тваёй. Я не ведаю, Чаму так, Не інакш. Чаму менавіта цябе выбірае Гэта хваля, І гэтая засень, І гэта рака. Чаму Цябе аднаго Выбірае...
***
Кажуць: трэба. Кажуць: будзе лепей. А навошта — трэба? Лепш — каму, Пачуцця спякотлівае лета Выдаваць за сцюжную зіму?
Трэба?.. Знаць: твой ратавальны бераг — Я — твая натхнёная пара, Жыць тваім даверам, ды — «не веру, Я табе не веру», — паўтараць?
Лепей?.. Прагнуць стрэчы, трызніць стрэчай, А ўляціш у мой маркотны круг — Абыякава атрэсці плечы Ад гарачкава-пяшчотных рук?
Мой каханы! Я не ўмею гэтак. Не па мне наўмысна, ясны мой, Пачуцця спякотлівае лета Абарочваць сцюжнаю зімой.
Снег чужання, так даўно расталы — Што яму цяпер між нас рабіць?! Не хачу кахання рэдкі талент Хітрыкаў бяздарнасцю губіць!
Узаемнасць знае, сведчыць, помніць: Каб шчаслівай быць заўжды, не міг, Трэба ласцы й шчырасці няўтомна, Безаглядна й годна — на дваіх.
***
Даруй мне полымнасць маю. Яна балюча апякае Цябе за вечнымі замкамі. Папеленая, не чакаю Адхлання ў прорвы на краю... Даруй мне полымнасць маю.