Выбрать главу

Зброі ў яго не было і пакуль невядома было, дзе яе ўзяць, а ў галаве ўжо мроіўся той самы рашучы і важны момант, да якога ён рыхтаваўся. Ведаў, аднак, тое будзе ня проста, нават складана і дужа небясьпечна. Але калі зрабіць усё, добра абдумаўшы, рашуча і хутка, дык вельмі нават магчыма. Галоўнае — падлавіць момант, — на дарозе, на вуліцы ці лепш, калі выйдзе з машыны. Выходзіць жа ён каля свайго палацу ці дзе на прадпрыемствах, на будоўлі, куды ён сноўдае час ад часу. Або яшчэ — на спартовых комплексах, дзе ён звыклы і часты госьць і ўдзельнік, бо дужа паважае спорт і клапоціцца пра сваё здароўе. Каб там падлавіць…

Рука стала балець меней, праўда, яшчэ аддавала ў плячы асабліва пры рэзкім руху локцем угору. Кепска, што ішоў час, і з ім раставалі яго грошы, набытку ж ад іх не было ніякага, усё ішло на харч. Ноччу яму часьцяком сьнілася нешта з яго дзённых мрояў, толькі той яго супраціўнік з выгляду быў нібы мядзьведзь — таўсты і касматы. Ступак цаляў у яго з пісталету, але пальцы нібы зьмярцьвелі, ён ня мог ціскануць на спуск, а страшыдла набліжалася. Тады ён кідаўся ўцякаць, ды ногі рабіліся, нібы з ваты, ён ня мог бегчы, а страшыдла было ўжо побач. На мяжы магчымай пагібелі нешта ўсё ж перайначвалася, пачынаўся іншы сюжэт, таксама мала прыемны, але без ранейшага жаху. Ноччу ён часта прачынаўся ў сваёй металічнай схованцы, асабліва як у двор уязджала машына і фарамі высьвечвала гаражныя шчыліны каля дзьвярэй, тады ўспыхвала трывожная думка: ці не па яго? Ці не разьнюхалі што? Можа, з таго памятнага шэсьця, калі яго пабілі, штосьці дазналіся і прыехалі браць. Тады нахлынала шкадаваньне і прыкрасьць на сябе — што не пасьпеў, прамарудзіў, прашляпіў. Аднак ішоў час, а да яго ніхто не завітаў, і тое абнадзейвала. Мабыць, усё ж яго праваронілі.

Затое не праваронілі іншых, мабыць, працавалі, як мае быць, не дарма елі свой міліцэйскі хлеб. Неяк уранку, калі ён яшчэ ляжаў пад брызенцінай на раскладусе, у дзьверы ціхенька пастукалі — раз і другі. Ён падхапіўся, падумалася: ці не дачка, якая ні разу яшчэ не прыйшла да яго ў гараж. Але то была не дачка — на ўваходзе, як ён адчыніў дзьверы, стаяў Аляксей, які зважліва папытаўся:

— Ну, чулі навіну?

— Якую?

— Мінкевіч гараж прадае. Разам з машынай.

— Чаго ж гэтак?

Аляксей азірнуўся, але не пераступіў парог гаражу.

— Аштрафавалі. За дэманстрацыю. На шэсьцьдзесят мільёнаў.

— За тую?

— Ну. Быў арганізатарам ад БНФ. Дык затрымалі, суд і во — штраф.

— Нічога сабе! Шэсьцьдзесят мільёнаў…

Ступак, канешне, падзівіўся і ціха пры сабе парадаваўся, што тады пашчасьціла неўпрыкмет вывернуцца ад амапаўцаў, высьлізнуць з іхніх рук. Усё ж нездарма афганец, мае сякі-такі вопыт, ня тое, што гэтыя шпацыроўшчыкі па асфальце. Добра, што ён ня быў зьвязаны з БНФ, тое давала яму засьцярогу. А гэты Аляксей, мабыць, штось меў, інакш бы так не ўстрывожыўся навіной пра Мінкевіча. Што яму гэты Мінкевіч — брат ці сват? І ўсё ж Аляксей сімпатычны хлопец, не балабон, можа б варта параіцца з ім пра галоўны Ступакоў клопат? Але не, разважыў Ступак. Толькі тое ў сакрэце, што ведае адзін чалавек. Калі два, лічы, ніякага сакрэту няма. Гэта ўжо ведаў ён добра.

А можа, варта было скантактаваць з Мінкевічам? Усё ж калі бэнээфавец, дык, мабыць, не сексот, не пабяжыць вечарам на даклад да «кума». А можа, і пабяжыць? Што, у бэнээфе няма сексотаў? Паленаваліся, не навербавалі? Не, гэтыя не лянуюцца…

Той дзень з раніцы ішоў дождж, было халаднавата, і Ступак, прычыніўшы жалезныя дзьверы, бавіў час у ляноце. Самы раз было б выпіць, хоць для сугрэву, але не было гарэлкі, а ісьці пад дажджом у гастраном ён без парасону не наважваўся. I злосна думаў пра жонку-паскуду, якая, выганяючы з дому, ня кінула яму якой апранахі. Усё ж ён пакінуў ёй кватэру, здабытую па льготах як воін-інтэрнацыяналіст, а яна чым аддзячыла? Хоць бы прыслала калі дачку ў адведзіны, дык не — трымала ў кіпцюрах пакорлівае дзяўчо, запалохала зьверам-бацькам, які во каторы месяц жыве сапраўды нібы зьвер у гэтай жалезнай бярлозе. Ды і добра, калі б ён быў зьвер. Ён хацеў быць зьверам, калі б атрымалася. Зьверу цяпер, мабыць, лепш, чым чалавеку. Такі настаў час.

Ён адразу пачуў, як побач забразгалі замкі ў гаражы Мінкевіча. Ступак падхапіўся з раскладухі і паволі выйшаў з дзьвярэй.

— Кажуць, і вы прадаеце? — запытаў, павітаўшыся. Апрануты ў спрытную джынсовую куртку Мінкевіч з-за тонкіх акуляраў зірнуў на суседа.

— Прыходзіцца.

— Чаго ж гэта?

— Каб заплаціць штраф.

— I вялікі штраф?