Выбрать главу

Вяртаўся з базару позна, як летняе сонца спаўзло за невысокія дахі хрушчовак і ўвесь падворак тануў у глухой засені. Ён ціха брыў да свайго гаражу, пазіраючы на колішнія свае вокны на пятым паверсе, дзе цяпер раскашавала ягоная жонка-банкірка. Злосьці на яе ў яго не было, хоць і не зьнікала застарэлая крыўда — яна там з генеральным дырэктарам, на мяккай тахце, з ваннай і халадзільнікам, а ён туліцца ў цесным гаражы, харчуецца абы як, за ўсё лета не памыўся нават пад душам. Ён уласнай крывёй заслужыў тую кватэру, а яна дарма карыстаецца ёю. Дзе справядлівасьць?

Яшчэ здаля згледзеў ля дзьвярэй свайго гаража дзяўчынку, дачку Ленку, якая раз-пораз стукала маленькім кулачком ў жалезныя дзьверы, нібы там хто зачыніўся. Калі ён падышоў, яна нават ня ўзрадавалася ад тае сустрэчы і, мабыць, каб хутчэй разьвітацца, сунула ў ягоныя рукі пакамечаную паперку.

— Дзядзя сказаў, каб пазваніў.

У паперцы былі шэсьць лічбаў тэлефону і ўсё. Ленка пабегла да маці, а ён стаяў, думаў: хто б гэта мог быць? Але тады прыпамятаў нядаўнюю сустрэчу са Шпаком — няйначай то ён. Значыць, штосьці прысьпічыла каменданцкаму прапаршчыку.

Каб пазваніць з аўтамату, патрэбна была магнітная картка, якой Ступак ня меў — не купляў прынцыпова, бо нікому званіць не зьбіраўся. А дадому ў сваю кватэру дачка не запрасіла, мусіць, так распарадзілася жонка. Што ж, пасьля ўсяго, што здарылася, ён туды і ня пойдзе. Ужо на зьмярканьні ля гаражу зьявіўся на сваім «Запарожцы» Аляксей, у якога Ступак пазычыў на дзесяць хвілінаў ягоную картку і выйшаў да аўтаматаў на вуліцу.

Ён прадчуваў правільна, то быў Шпак, які тут жа з уласьцівым для гэткіх людзей напорам абрынуў на яго цэлы паток словаў.

— Слухай, дзе ты прападаеш, ёсьць дзела, нада сустрэцца, я да цябе падскочу, скажы толькі, дзе ты жывеш, у якім раёне?

— А што такое?

— Не тэлефонны разгавор, трэба асабіста, куды пад’ехаць? Я зараз, праз дзесяць хвілінаў на машыне.

Ступак бяз жаднае ахвоты да тае сустрэчы назваў адрас, сказаў што будзе чакаць у двары.

I праўда, хвілінаў праз дваццаць з вуліцы на падворак жвава, нават ліха ўляцела вішнёвага колеру «Пежо-605». З пярэдняга сядзеньня шафёра праз апушчанае шкло выглядвала ўсьмешыстая фізіяномія Шпака.

— Прывет! Ідзі, сядзем.

Ступак абышоў машыну і, лёгка расчыніўшы дзьверцу, апусьціўся на мяккае пярэдняе сядзеньне побач з шафёрам. На заднім хтось моўчкі сядзеў, не прамовіўшы да яго ніводнага слова. Мабыць, слухаў. Шпак быў усё ў тым жа камуфляжы, толькі з пагонамі — кароткімі міліцэйскімі пагончыкамі на апушчаных плячах, дзе слаба азначаліся па чатыры зоркі — тры разам і адна вышэй, як бы асобна. Тое падзівіла Ступака — калі пасьпеў? Дэмабілізаваліся разам прапаршчыкамі, а гэты, глядзі, ужо капітан. Капітан міліцыі. Чаму ж тады ён вышэй за КДБ?

Мусіць заўважыўшы недаўменьне на твары Ступака, Шпак тым частаў нічога тлумачыць, толькі павярнуўся ад руля і дабразычліва заўсьміхаўся.

— Ну, як жывеш, сябрук? Кажуць, бяз працы, ага?

— Хто кажа?

— Людзі кажуць.

Значыць, ужо ведае, падумаў Ступак, які таксама пачаў пра што-кольвечы здагадвацца. Найперш — з кім мае справу.

Пачалася доўгая напорыстая размова — і што, і дзе, і чым займаўся дагэтуль, пра заробкі і грошы, і як справы ў сям’і. Шпак пытаўся пра ўсё, а той, з задняга сядзеньня, усё маўчаў ды пільна, неяк нават адчужана слухаў. Ступак адказваў скупа, зусім не хацелася яму ва ўсім раскрывацца перад колішнім сябрам ды гэтым незнаёмым, і ён усё думаў: куды Шпак гне? Ужо ці не пранюхалі яны пра ягоны намер? Мабыць жа, не адна толькі цікаўнасьць была ў галаве сябра, нешта ж ён меў болей важнае.

Так яно і сталася. Скурыўшы па тры ці чатыры «Мальбара», якімі гасьцінна частаваў, Шпак нарэшце прыступіў да галоўнага.

— Слухай, ёсьць прапанова паслужыць. Ты таго варты. А што — афганец, ветэран і так далей. Узнагароджаны баявым ордэнам за выкананьне інтэрнацыянальнага доўгу…

Далей Ступак слухаў кепска, з першых жа словаў ён быў агаломшаны — паслужыць? Каму? Але каму — можна было здагадацца. I тут у ягоную галаву шыбанула рызыковая думка: а што? Можа, і добра. Можа, гэта менавіта тое, што яму трэба.

— Дык гэта… Ладна.

— Во і добра! Лічы, папярэдне дамовіліся. А цяпер чакай, мы паклічам.

Давайце, клічце, зласьліва думаў Ступак, ідучы да свайго гаражу. Мабыць жа, дасьцё зброю, што мне і трэба. Залічайце ў АМАП.

Шэраг наступных дзён мінуў у напружаным, доўгім чаканьні. Звычайна Ступак сядзеў ці ляжаў у гаражы за прычыненымі дзьвярыма, праз шчыліну ўвесь час пазіраючы на падворак — ці не паявіцца там зноў Шпак. Мусіць жа, павінны быў паявіцца, паклікаць ці што сказаць. Пра які адмысловы спосаб зносінаў яны не дамаўляліся, і Ступак думаў, што будзе скарыстаны ранейшы. Аднак ішоў час, беглі дні і ночы, а Шпак не паяўляўся, і ніхто ад яго не паяўляўся таксама. Можа, яны там перадумалі, пачаў сумнявацца Ступак.