Выбрать главу

Ён ужо не хацеў, каб перадумвалі, ён пагадзіўся, наважыўся, бо зразумеў, што тое — найлепшы для яго варыянт. Можна сказаць, яму здорава пашэнціла, абы толькі ўдалося. Каб толькі не разьнюхалі пра ягоны ўдзел у шэсьці, у той летняй дэмакратычнай акцыі, ці як яна там у іх называецца. Але пакуль што пра тое не было ніякага знаку, і ён думаў: можа, і абыдзецца. Горш, што зусім канчаліся грошы, якія Ступак неяк міжволі перастаў эканоміць і пачаў выдаткоўваць тым болей, чым менш іх заставалася. Ён купіў ладную качалку каўбасы, памідораў, нават пластыкавую пляшку алею і еў спадцішка з табурэткі ў гаражы. Думаў, купляць аўтамат, можа, не спатрэбіцца — дадуць казённы, і то будзе для яго эканомія, можна на харчы не скупіцца. Пад’есьці сёньня і заўтра. А далей будзе відаць.

Неяк у дажджлівы выхадны дзень ягоныя гаражнікі не паехалі на дачы, сышліся да сваіх «коней», як казаў Плешка. Сазон Іванавіч меў маленькі аўтамабільны тэлевізар, які падключыў да акумулятара, і той зранку трашчэў і рыпеў розныя рокі і рэпы. Сазон лаяў іх, але слухаў, можа таму, што іншага не перадавалі. Але вось загучаў дужа знаёмы голас, і Ступак выйшаў са свайго гаражу.

На багажніку Сазонавай «Волгі» мільгаў бляклы экранчык, на якім тапырыліся знаёмыя вусы самога, які то працінаў ястрабіным позіркам, калі казаў пра «вшывых блох» прадпрымальнікаў, то адорваў усіх усьмешыстай лагодай, як упамінаў самаадданых «тружаніц-жэншчын» або патрыятычную моладзь, што нібыта ішла гужом у свой нядаўна створаны лукамол. Пасьля ягоны голас і зусім перайшоў на выбачальны тон. Ступак прыслухаўся: то ўжо было цікава. Аказваецца, два журналісты з Расеі перайшлі мяжу — туды і назад, і цяпер сядзяць у турме. Сам разводзіў рукамі: ён бы і хацеў іх выпусьціць, ды ня мае права, усё павінны вырашыць суд; ён жа ня можа ўмешвацца ў справы правасуддзя. Такі бяспраўны начальнік…

— Берии, Ежова на них нет! — абураўся Сазон, што на нізкім услончыку перабіраў падшыпнік. Плешка таксама падышоў ад свайго гаражу і дабрадушна зазначыў:

— А й на Берыю з Яжовым знайшлася ўправа.

То быў пэўны намёк, Сазон рэзка азірнуўся на суседа — ён быў абураны.

— Управа! А порядок был. Через границу как зайцы не бегали. Граница была на замке. А этим дали волю…

Тут усе ведалі, што Сазон быў з чэкістаў, гадоў з трыццаць праслужыў на мяжы, і гаражнікі, асабліва нябожчык Аляксееў дзед, клікалі яго Карацупам. Пасьля перасталі, як дазналіся, што ён разам з іншымі быў прыроўнены да ўдзельнікаў ВАВ (Вялікай айчыннай вайны). Раней і Ступак яму штось адказаў бы, але не цяпер: ён ня мог раскрывацца да часу. Тым болей, калі ў яго пачалася гэтая гульня.

— Але ж то рускія журналісты, — вёў сваё Плешка. — Дык як жа ты супроць рускіх?

— Я против националистов!

— Беларускіх? Ці і рускіх таксама?

Сазон на тое не адказаў нічога, толькі прабурчэў нешта. Мабыць, тое пытаньне было надта складанае для просталінейнага і катэгарычнага памежніка, ушчэнт рускага па нацыянальнасьці.

Нарэшце грошы ў Ступака і зусім скончыліся, ён даеў у гаражы засохлы акраец хлеба і галадаў зранку. Пазычыць ужо не было ў каго, Плешку ён і без таго быў вінаваты дваццаць пяць тысячаў, Сазону, праўда, менш, але цяпер да Сазона ён не хацеў зьвяртацца. Заставалася папрасіць у маладога Аляксея, і Ступак зранку чакаў яго ў гаражы. Ды Аляксей штось не паяўляўся, можа куды зьехаў, думаў Ступак. Адлучыцца куды ў горад ён не адважваўся, чакаў, што павінен жа прыехацьшто павінен жа прыехаць да яго Шпак. Так і сядзеў да вечару галодны і дужа злосны — на сябе, на жыцьцё, на ўвесь белы сьвет.

На другі дзень, аднак, замест Аляксея ля гаражу паявілася Аляксеева жонка, худзенькая маленькая чарнушка, з малым сынком. Яна выглядала заплаканай і скупа паведаміла скрушную навіну:

— Алёшу зарыштавалі.

— Завошта?

— Ну, прыслалі павестку з пракуратуры, што выклікаюць як сьведку. Наконт таго мітынгу. Ён пайшоў і прапаў. Аказваецца, у пракуратуры і арыштавалі. Што цяпер рабіць? — сумна пыталася жонка.

Малы задуменна церабіў падол яе кароценькай, па модзе, сукенкі.

— Пусть не путается с бэнээфовцами, — сурово зазначыў Сазон.

— Нічога, ня плач, — суцяшаў Плешка. — У Хельсінскі камітэт трэба. Там добрая адвакатка ёсьць.

Ступак не сказаў нічога і, каб не цьвяліць душу, адышоўся ў цёмны кут свайго гаражу. Ён адчуваў, што ніхто ёй не паможа — ні Хельсінскі камітэт, ні адвакатка, ні нават сто адвакатаў: і суд, і закон былі ў ягоных руках, і ён сваю палітыку вёў, як хацеў, — напралом праз закон і права, па лёсах людзей, таптаў канстытуцыю і ўсе міжнародныя пагадненьні. Мабыць, зважыць ён толькі на сілу. Але дзе яна была, тая сіла? Дзе і адкуль было яе ўзяць? Цёмны забіты народ толькі і ведае глядзець у яго хітра-блатняцкія вочы і падтрымліваць, што ён ні скажа. Варта каму з замежжа заступіцца за бязьвінныя ахвяры, памагчы грашыма, як тут жа — разьюшаны вэрхал у газетах і на тэлебачаньні — змова, прошукі ЦРУ, прасоўваньне НАТА на ўсход. Недзе варушыцца жменька апазіцыі, самыя адважныя з якой ідуць на злом галавы, нявечаць жыцьцё сабе і сямейнікам. На што спадзявацца?