Выбрать главу

Тое ўжо мала Ступаку падабалася, хутчэй — не падабалася зусім. На якога д’ябла! — думаў ён, губляючы трываньне ад гэтага падрабязнага дасьледваньня ягонай асобы. Што ён ім будзе служыць? У яго іншая мэта, яму б толькі дапяцца да зброі. Мабыць жа, дадуць якога «Сьцечкіна» ці «Калашнікава», і ён падловіць момант. Ягонае здароўе яго мала цікавіла, хай не цікавіць яно і гэтых.

Але гэтых якраз дужа цікавіла. Да цямна яго вадзілі з кабінету ў кабінет, з паверху на паверх, — слухалі, мацалі, вымервалі на апаратуры, высьвечвалі ягоныя вантробы на мільготкіх маніторах. Але ўсё было ў норме, ціск жа, сказалі, бы ў юнака, і яго пахвалілі. «Алкаголь ужываеце?» — папытаўся строгі доктар, на плячах пад халатам якога мулялі цьвярдыя пагоны. Ступак з наіўным выглядам пакруціў галавой: «Ну што вы!» Трохі затрымаў на ім свой пранізьлівы позірк хірург, як убачыў сіняватую адмеціну на плячы. «Што — агнястрэльная?» — «Афган», — коратка адказаў Ступак. «А то — ушыб?» — даволі груба памацаў ён сьлед ад нядаўняй амапаўскай палкі. «Упаў…» — «Па п’янцы?» — ухмыльнуўся доктар, штось разумеючы. Ступак тое пакінуў без адказу — здаецца, яны і так паразумеліся. Далей была кардыяграма з правадамі, якія аблыталі ягоныя рукі і ногі, акуліст са сваёй табліцай на сьцяне і ў канцы дзіўнаватая гаворка з псіхіятарам. Адзінае, што з яе запомніў Ступак, былі прыдзірлівыя пытаньні пра выпіўку і наркоту. I тое, і іншае Ступак рашуча адмаўляў, сказаў, што ніколі ні-ні, успамінаючы пры тым, як у тым жа Афгане, і неаднойчы, яны добра-такі кайфавалі анашой. Шкада, пасьля кінуў. Каб ня кінуў, можа б, лепей было, нечакана падумаў ён, седзячы перад хітраванам-псіхіятарам. Здаецца, стан ягонага здароўя іх задаволіў. Яго тым болей.

Да свайго гаражу ён прыплёўся, калі ўжо сьцямнела, побач на падворку ўгары сьвяціўся ліхтар, сьвяціліся вокны ў хрушчоўках. Ведаў, цяпер там усе ўтаропіліся ў свае зіхоткія скрынкі — хто на музычныя шоу, крывуляк-танцуляк са шнурамі ў руках, а болей, мусіць, на чарговы нумар самога. Амаль кожны вечар той выступаў са сваім гіпнозам — то пагрозьліва-строга, калі гаварыў пра апазіцыю, якая мае ад ЦРУ заданьне яго зьнішчыць, то шчодра адорваючы ўсіх белазубай усьмешкай з-пад шыкоўных вусоў, калі зьвяртаўся да гледачоў. Асабліва глядачак, якіх ён часьцяком на прамілы Бог прасіў падтрымаць яго ў сьвятой барацьбе за дабрабыт народу. Слухаючы яго лісьлівыя звароты, жанчыны былі гатовыя на што хочаш, — з такімі просьбамі да іх ніхто раней не зьвяртаўся. Тым болей з вялікіх начальнікаў, не памінаючы ўжо ўласных мужоў, якія даўно не прызнавалі нічога ў жыцьці, апроч бутэлькі. Мужчыны не любілі палітыку, якая цікавіла іх усё меней, чым горш жылося. Затое яна ўсё болей захапляла жанчын, асабліва з тае прычыны, што ў ёй верхаводзіў ён — такі выбітны, прывабны, амаль нежанаты, які ўвасабляў недасяжныя жаночыя мары аб мужчыне-кавалеру, мужчыне-лідэру. I тым вабіў.

Ну, але засталося нядоўга.

Так думаў Ступак, зласьліва чакаючы, калі яго паклічуць зноў. Павінны ж урэшце паклікаць, ён ужо прагнуў таго. Хоць бы таму, што ежы не было зусім, два дні таму пазычыў пару тысячаў у былога суседа па кватэры, якога падпільнаваў у двары. Перш чым выняць яму паперку, сусед добра паплакаўся, наракаючы на жыцьцё, малую пенсію, лайдачку дачку, якая ня хоча працаваць і звыкла жыць на ягоную пенсію. Ступак суцешыў яго, што хутка атрымае зарплату і разьлічыцца. І апусьціў долу вочы, бо глядзець на старога было няёмка.

На гэты раз да яго завітаў сам Шпак, на тым самым вішнёвага колеру «Пежо», у камуфляжы, але ўжо з пагонамі маёра на шырокіх плячах. «Хутка, аднак, у іх растуць кадры!» — з нечаканай зайздрасьцю падумаў Ступак, сядаючы поруч з колішнім калегам-прапаршчыкам. Гэты маёр пачаў распавядаць яму, як шмат даводзіцца працаваць (работа ж не нармаваная), як тлумна і небясьпечна, хоць ганарова і адказна. «А зарплата як?» — стрымана папытаўся Ступак пра тое, што яго цяпер найболей цікавіла. «Зарплата нішто. Табе такой і ня сьнілася, — сказаў Шпак. — Напачатку тры мільёны, ну пад’ёмныя і так далей. Не пашкадуеш».

Ступак унутрана парадаваўся, хоць і не падаў знаку, ды папраўдзе і слаба паверыў, прыпамятаўшы дацэнта Мінкевіча з яго шасьцюдзесяцьцю мільёнамі. Можа, маёр Шпак і атрымлівае тры мільёны, а ён жа прапаршчык…