Выбрать главу

— Пакуль будзеш жыць у афіцэрскай гасьцініцы. А там пабачым, — сказаў Шпак, як яны пад’ехалі да чарговай бетоннай сьцяны з прахадной і шлагбаўмам.

Тут, аднак, аказалася амапаўская база ці што. Некалькі гадзінаў Ступак з такімі, як сам, навічкамі, маладымі хлопцамі са сьвежымі ружовымі тварамі, абмундзіроўваўся на забітым скрынкамі ды цюкамі рэчавым складзе. Яму выдалі цэлую кучу абмундзіроўкі — зялёную і стракатую, колеру сьмецьця, сьвяточную і паўсядзённую, моцныя грубыя чаравікі, пілотку і берэт, цёплую куртку і цяльняшкі — аж тры штукі. I нават добры шкумат бязі — на каўнерыкі. Як у войску. Толькі ў войску так шмат ніколі не давалі, эканомілі. Хлопцам, што пераапраналіся з ім разам, дужа спадабаліся дзягі. «Афіцэрскія», — з захапленьнем сказаў адзін, трохі старэйшы за астатніх. Дзягі сапраўды былі адмысловыя, з таўстой, прашытай скуры пры ладных спражках, ня тое што з металічнымі бляхамі ў войску. Ступак пераапрануўся ў новае, са сьвежым прыемным пахам; свае сьмярдзючыя трусы, азірнуўшыся, піхнуў у бляшаную урну, і яго павялі цераз падворак у афіцэрскую гасьцініцу.

Першы раз за лета ён з асалодай распрастаўся на чыстай новай прасьціне, уладкаваў схуднелыя плечы на ладнай падушцы. Заўтра сказалі падстрыгчыся, — хай, ён падстрыжэцца. I яшчэ, сказалі, вусы можна не збрываць, тут паважаюць вусатых. Другі ложак у пакоі быў акуратна засланы, мабыць, кагосьці чакаў. Можа, таксама новенькага.

Служба пашыралася, камплектавалася, дасканалілася, — як і мае быць пры моцнай уладзе. Цікава было Ступаку другі раз перажываць тое, што ўжо было перажыта ў яго вайсковым юнацтве, у Афгане і пасьля.

Дэмабілізаваўшыся сем гадоў таму, думаў, што перажытое ніколі ўжо не паўторыцца. Аж во, абяцала паўтарыцца, хоць і на іншым вітку жыцьця.

Але дужа падобным. Як да таго трэба паставіцца, часам ён пераставаў разумець. Адно адчуваў, што будзе сыты, дагледжаны, а там… А там пабачым, як яно будзе, думаў Ступак.

Збылося амаль так, як ён меркаваў. Назаўтра ён добра пасьнедаў на першым паверсе ў амапаўскай сталоўцы, зьеў пару катлетаў з гарнірам макаронную запяканку, выпіў шклянку ражанкі і яшчэ — салодкай гарбаты. Бы на курорце ці ў доме адпачынку. Навакол з куды меншым, чым у яго, апетытам сьнедалі за сталамі іншыя амапаўцы, маладыя хлопцы з сяржанцкімі пагонамі на плячах. У яго пагонаў яшчэ не было, і ён трохі турбаваўся з тае прычыны. Усё ж у войску ці ў міліцыі ўсе павінны былі мець пагоны, якія і вырашалі статус кожнага. Без пагонаў ты ніхто. Проста цывільны чалавек — ня болей.

Той і наступныя два дні былі заняткі — у класах і на плацы, як некалі ў войску. Хіба што, апроч тэорыі, іх вучылі нейкай дзівоснай практыцы — як адбіваць напады дэманстрантаў, нападаць самім, строіцца і перастройвацца ў шчыльныя шэрагі. Вывучалі таксама ўласьцівасьці розных сьлезацечных і баявых газаў — у балончыках, дымавых шашках, гранатах. У праграме таксама значыліся найноўшыя сакрэтныя сродкі барацьбы з тэрарыстамі, экстрэмістамі і радыкаламі. Ступак слухаў усё ня надта ўважна, бы ў сьне; будова і ўласьцівасьці хімічных сродкаў яго ня дужа цікавілі, яго цікавіла зброя. Але пра зброю чамусьці гаворкі пакуль не было.

Пасьля ён зразумеў, чаму не было.

Мабыць, усе гэтыя хлопцы-амапаўцы, хто раней, хто пазьней, служылі ў войску і вайсковую зброю ведалі, стралялі ня раз з АК і кулямётаў — то не было для іх навіной. Ім жа тут рыхтавалі нейкую навіну, і яны чакалі яе.

Але аднойчы, яшчэ бяззбройных, іх паднялі па трывозе на золку, загадалі разабраць баявое снаражэньне — белыя шчыты, шлемы, надзець цяжкія бронекамізэлькі, пабраць палкі і — хутчэй на пасадку ў «Камазы». Яшчэ цалкам не разьвіднела, яны кудысь ехалі, спыняліся, паварочвалі назад, бы стараючыся заблытаць ворага, і толькі гадзінаў у дзесяць выгрузіліся каля рэзідэнцыі самога. Тут ужо быў маёр Шпак, куча іншых маёраў ды палкоўнікаў; амапаўцаў выстраілі ў тры шэрагі ўпоперак вуліцы — якраз, як тады, улетку, калі ён трапіў у перадзелку. Як бы ня трапіць зноў, засьцярожліва падумаў Ступак, апынуўшыся ў пярэднім шэрагу. Як і ўсе, ён стаяў плячо да пляча з суседзямі, маладымі хлопцамі, трымаючы ля ног лёгкі дзюралевы шчыт, з гумовым «дэмакратызатарам» у правай руцэ. Рука і плячо амаль перасталі балець, і ён, каб упэўніцца ў тым, трохі памахаў над сабой палкай і сьцішыўся. Нейкі час на вуліцы было амаль пуста, рух транспарту спыніўся, прасьпект перакрылі з абодвух бакоў. Увогуле навакол было спакойна і ціха, калі б не трывожная ўзьвінчанасьць начальства, якое, бы ўгарэлае, насілася перад амапаўцамі; некаторыя бегалі да чорнай «волгі», што прытулілася да будынку ззаду. Усе чакалі.