Выбрать главу

Гадзіны пасьля дзясятай здаля на вуліцы паявіліся дэманстранты. Сьпярша сталі відаць над іх галовамі бел-чырвона-белыя сьцягі на высокіх лёгкіх шастках, плакаты; пасьля — і пярэднія шэрагі з маладых мужчынаў і дзяўчатаў, што з песьнямі нетаропка ішлі па прасьпекце. Некаторыя вялі за рукі дзяцей. Ступак спрабаваў зразумець, колькі іх там было, вызначыць хоць прыблізна, ды ня здолеў. Было надта шмат. Тысячы. Згледзеўшы перашкоду ўпоперак прасьпекту, дэманстранты жвавей замахалі сьцягамі, данесьліся крыкі «Ганьба!», «Здраднікі!», «Гестапа!» Хтосьці з начальства вёртка крутануўся перад шэрагамі. «Яны нас абражаюць!» — прарэзьлівым голасам крыкнуў да амапаўцаў. Ступак унутрана хмыкнуў, пераборваючы, аднак, лёгкі страхавіты подых з прасьпекту. Усё ж рабілася ніякавата. Мусіць, стычкі ім не пазьбегнуць, як бы ня сталася горш, чым улетку. У той час ззаду прагучала каманда, усе ў шэрагу апусьцілі на твары празрыстыя ахоўныя казыркі — падрыхтаваліся. Дэманстранты тым часам падышлі бліжэй, добра сталі відаць пярэднія — маладыя мужчыны, хлопцы і дзяўчаты, што, пабраўшыся за рукі, як і раней, нясьпешна падыходзілі ўсё бліжэй. На самай сярэдзіне калоны пад вялізным крыжастым штандарам крочыў высокі хударлявы чалавек з лысаватай галавой і туга сьцятымі пашчэнкамі. То быў знакаміты Зянон, яго Ступак неяк бачыў вясной на мітынгу. Калі яны падышлі яшчэ бліжэй, ззаду за АМАПАм зноў гыркнула каманда, і ўсе тры амапаўскія шэрагі ўзарваліся жалезным грукатам, які заглушыў усю вуліцу. Ступак разам з усімі шалёна лупіў па шчыце гумоваю палкай і ўнутрана пасьміхаўся з дэманстрантаў. Спалохаліся ці не, было невядома, але, падышоўшы яшчэ бліжэй, шэсьце спынілася. Наперад з мегафонам у руках выйшаў Зянон.

— Спадары паліцыянты! — магутна прагучала з мегафону і тут жа заглохла ў яшчэ болей шалёным грукаце АМАПу.

Так лідэр БНФ некалькі разоў спрабаваў зьвярнуцца да АМАПу, ды той не хацеў яго слухаць. Тады з нястройных пярэдніх шэрагаў дэманстрантаў, на якія напіралі заднія, пачалі выскокваць асобныя людзі, маладыя хлопцы, махаючы рукамі, спрабавалі нешта даводзіць амапаўцам. Зянон кінуўся да іх, каб спыніць і вярнуць назад у шэрагі, якія ўжо зьмяшаліся ў стракаты крыклівы натоўп, што пераставаў каму-небудзь падпарадкоўвацца. Заднія напіралі на пярэдніх, некаторыя на правым фланзе ўжо сутыкнуліся з амапаўцамі. Пачуліся крыкі, праз момант шэрагі дэманстрантаў зусім разбурыліся, іхні фланг перамяшаўся з амапаўскім. Грукат палкамі па шчытах неяк паволі спыніўся — усчынаўся стыхійны гвалт. Туды, налева, кінуліся начальнікі з мегафонамі, загучалі іхнія пагрозьлівыя каманды і лаянка. Там жа Ступак неўзабаве згледзеў крутаплечую постаць Шпака, які таксама шчыраваў — крычаў, камандаваў, пагражаў. Некалькі хлопцаў з плакатамі і сьцягамі амапаўцы захапілі ў свой ланцуг, але тады дэманстранты пачалі іх лупіць тым, што трымалі ў руках. Амапаўцы не саступалі, хоць і стараліся трымаць сваё месца, каб ня зрушыць строй. Але тое кепска ім удавалася — у некалькіх месцах шэрагі скрывіліся, група амапаўцаў сама апынулася ў атачэньні дэманстрантаў. Некалькі дэманстрантаў, адлучаных ад асноўнай масы, амапаўцы ціснулі да сьцяны будынку, а тыя не здаваліся. На сярэдзіну шэрагугам шаснуў над ім, мусіць цаляючы ў задняга за ім амапаўца. Выпусьціўшы палку, Ступак ухапіў рукой за лёгкую палатніну сьцяга і рвануў уніз, тканіна адарвалася на палову ад дрэўка. Другім рыўком ён адарваў яе ўсю і ўхапіў сваю палку.

Стычка далей, аднак, не пайшла, мусіць Зянон дакрычаўся ўрэшце да сваіх хлопцаў, і тыя спакваля адхлынулі. Некалькіх усё ж ухапілі міліцыянты і амапаўцы. Астатнія адышліся, пачалі паварочваць па прасьпекце назад, — здаецца, яны мянялі маршрут руху на іншы. Амапаўцы, пастаяўшы трохі, сышліся па камандзе ў гурт і, перакурыўшы, пасядалі ў свае «камазы». Ступак патроху стаў спакайнець, яўная небясьпека мінулася, але на душы было амаль што паскудна. Было такое адчуваньне, што ён улез не туды. Хаця што ён зрабіў — толькі пастаяў у страі. Нават нікога ня выцяў ні разу.

Праз дзень, аднак, тое пачуцьцё мінулася. Ён атрымаў пад’ёмныя — аж дзевяць мільёнаў «зайцоў» і перад строем — пагоны з дзьвюма зоркамі — стаў лейтэнантам. Палкоўнік, начальнік штаба, аб’явіў яму падзяку за «ўзорныя дзеяньні па адбіцьці нападу экстрэмістаў» і сказаў, што лейтэнант Ступак будзе камандваць узводам. Што ж, узвод — справа няхітрая, ён у Афгане ўжо камандаваў узводам, хоць тады быў яшчэ старшы сяржант. Пачуваючы, як ва ўнутраных кішэнях муляла па дзьве тугія пачкі купюраў, зласьліва падумаў пра жонку, якая наўрад ці дачакалася такога набытку ад свайго гендырэктара. А ён во, займеў! Тады ж падумаў, што, мабыць, дарма прадаў гараж, які вельмі нават можа спатрэбіцца. Хоць зусім не прадаў, а задатак як-небудзь верне. Калі да таго часу Валынец ня сядзе ў турму. Ці яго не падстрэляць у пад’езьдзе. Шкада, але што ж, значыцца, такі яго лёс. У кожнага свой лёс. Пра свой прывязьлівы страхавіты намер ён успамінаў усё радзей, таго вымагалі штодзённыя клопаты. Зноў жа зброі ім усё не давалі, выпрабоўвалі ці што?