Выбрать главу

Да таго, што засталося, трэба было добра дакласьці, але дакласьці не было адкуль, а да жонкі ён не хацеў патыкацца. Тады ён плюнуў на ўсе іншамаркі разам і на апошнія дзесяць баксаў купіў два паўлітры, нейкую закусь і справіў хаўтуры па сваім наіўным намеры. Урэшце, можна было пражыць і без машыны — меней клопату і вальней было павярнуцца ў гаражы.

Тое, аднак, толькі здавалася — бяз грошай пражыць было немагчыма, у тым ён неўзабаве ўпэўніўся.

Калі-нікалі надвячоркам ці ў сьвяты ля гаражоў зьбіраліся іх уладальнікі, расчынялі дзьверы і пачыналі поркацца ў рухавіках ці перабіралі майно у багажніках. А то перакурваючы на падворку, пачыналі нясьпешныя размовы пра прыкрыя няспраўнасьці сваіх «Запарожцаў» ці пра бензін. Пасьля даволі працяглага перыяду бензінавага дэфіцыту, той нарэшце паявіўся на заправачных, але цэны на яго так заскакалі ўгору, што аж замільгацела ўваччу. Праўда, Ступака тое ўжо мала цікавіла, бензін яму быў непатрэбны, той клопат яго не кранаў. Яго кранала іншае: калі скончыцца гэтае бязладдзе, беспрацоўе і безграшоўе, калі ён, здаровы малады мужык, прыдбае працу і стане зарабляць на жыцьцё? Маладжавы дацэнт Мінкевіч, што езьдзіў на ніштаватай «сямёрцы», глыбакадумна даводзіў, што прычына ўсяго — у энергетычным крызісе, што трэба шукаць альтэрнатыўныя крыніцы забесьпячэньня нафтай, але ўсё ўпіраецца ў рэакцыйнае кіраўніцтва, якое арыентуецца адзіна на ўсход. Сазон Іванавіч, сівы ветэран з другога канца гаражоў, на тое імпэтна пярэчыў, што ўсё — у развале вялікай магутнай дзяржавы пад назвай Савецкі Саюз. Ягоны сусед, таксама пенсіянер, якога яны клікалі трошкі зьняважліва Плешка — за ягоную лысіну на патыліцы, звычайна гаварыў мала, але заўжды, нібы забіваў цьвік: за каго галасавалі, таго і напаткалі. Лепшага не заслужылі. Камлюкаваты Плешка ведаў, за каго галасавалі суседзі, аб тым даўно ўжо папрызнаваліся адзін аднаму ў Ступака за табурэткай, ведаў тое і Ступак, бо сам галасаваў за таго ж. Цяпер на каго было наракаць? Сьпярша ён сумняваўся ва ўласным выбары, усё думаў: справы ў дзяржаве як-небудзь паправяцца, але ішоў час, а справы катастрафічна горшалі. Тыя, што кралі, сталі красьці болей, а галоўнае — на законнай падставе. за горадам, бы на дражджах, расьлі дачы-палацы, рабочых звальнялі, бо заводы «паштовыя скрынкі» спыняліся адзін за адным, а ў тых, што яшчэ працавалі, амаль перасталі плаціць — не было грошай. Затое грошай хапала для вялізнае зграі міліцыі, АМАПу, усіх гэтых сьпецслужбаў, якія кішма-кішэлі на вуліцах сталіцы. Даведзены з галадухі да адчаю, Ступак пайшоў па дапамогу да кіраўніка таварыства афганцаў, ды той толькі разьвёў рукамі — што я магу? Грошай у мяне няма. Але ж ён па тэлевізары ўсё гаворыць, што воінам-афганцам трэба памагаць. Во хай ён і паможа, калі так гаворыць, адказаў кіраўнік. Ступак прыкруціў да пінжака свой ордэн і пайшоў у рэзідэнцыю-палац, але там яго на парозе спыніла ахова. Як ён ні даказваў ёй, што і ардэнаносец, і паранены, прайсьці ўнутр не далі. Ён аблаяў іх, а заадно і іхняга уладара і паплёўся дадому. У свой апусьцелы гараж. Усё неяк стрываў бы, каб кожнага дня не хацелася есьці.

На сваім падворку сярод знаёмых і незнаёмых ён, аднак жа, маўчаў. За жыцьцё ён не прывык выказвацца, асабліва наконт улады, ведаў, лепей язык трымаць за зубамі. Так некалі вучыў яго бацька, вучылі ў камсамоле, затым у войску і ў партыі, з якой ён лічы што выбыў у памятную восень дзевяноста першага. Партбілет, праўда, тады не спаліў — сунуў пад бялізну ў жончынай шафе, хай ляжыць. Мабыць, ляжыць і цяпер.

Аднойчы ён добра набраўся з хлопцамі на саракавінах інваліда, таксама афганца, што да пары згарэў ад гарэлкі, і ўначы ледзьве дабрыў да свайго жытла. Уранку прачнуўся, пачуваў сябе надта паскудна, балелі галава і сэрца, зусім не хацелася жыць. Неяк дачакаўшыся, пакуль разьвіднее, устаў, прыладзіў пад стольлю пятлю з капронавага буксіру, на сярэдзіну гаража пасунуў табурэтку. Толькі хацеў стаць на яе, як у дзьверы ціха пастукалі, і ён зразумеў: то быў хтосьці з сваіх. Адпіхнуўшы ўбок табурэтку, расчыніў дзьверы — насупроць стаяў сусед, малады хлопец Аляксей, пытаўся струбцыну, заціснуць шарнір. Ступак мусіў падацца ў свае цёмныя закуткі, шукаць струбцыну. Стоячы пасярод гаражу, Аляксей пытаўся: «А што гэта — вяроўка ў вас?» — «Ды так, прывязваў нешта», — схлусіў гаспадар замагільным голасам, бы вяртаючыся з таго сьвету. Пасьля, як хлопец пайшоў, ранейшая рашучасьць яго і зусім зьнікла, засталася толькі ўсеадольная прыкрасьць. 3 расплюшчанымі вачыма ён праваляўся паўдня на раскладусе, а затым пабрыў да піўнога ларка, дзе доўга чакаў першага знаёмага. Ледзьве дажыў той дзень да вечару.