Ну і чорт з імі, думаў Ступак, што яму зброя? Ці ён не настраляўся ў Афгане? Ён ужо пачаў думаць, каб яе не давалі як мага даўжэй, хоць бы месяцы два, каб ён параскашаваў на міліцэйскіх харчах, адляжаўся на белых прасьцінах. А то яшчэ і прыдбаў кватэру. На вечаровай бяседзе з асабовым складам палкоўнік сказаў, што афіцэрам дадуць кватэры ці палепшаць старыя — будуецца дом у прэстыжным раёне, блізка ад станцыі метро. Нехта спытаў: дык то ж для творчай інтэлігенцыі, як пісалі ў газетах. На тое палкоўнік адказаў: так, для творчай інтэлігенцыі. Дзесяць кватэр пісьменьнікам, а трыццаць пяць нам. Мы ў большай павазе, чым п’янтосы-пісьменьнікі, якія наскрозь бэнээфаўцы. Што ж, займець сваю кватэру бяз гэтай свалаты Людкі было дужа зманліва, думаў Ступак. Каб яшчэ і прыдбаць іншамарку, такую, як у Шпака. А што, ці ён не заслужыў? Хоць у Афгане.
Па вечарах у чырвоным кутку, як у іх называлася вялікая вуглавая зала, працаваў тэлевізар, перад якім, звычайна, сядзелі амапаўцы. Збольшага цікавіліся маскоўскімі шоу, сьпевакамі, сьпявачкамі, менш навінамі спорту. Але ў пэўны час тэлевізар пераключалі на мясцовы канал, і тады ўсе сьціхалі, глядзелі і слухалі самога. Ступак слухаў таксама, і надзіва цяпер і выступ, і жэсты, і аблічча самога не выклікала ў яго ранейшага зласьлівага пачуцьця, хіба адно — абыякавасьць. Пра свой ранейшы намер ён стараўся ня думаць, няпэўна казаў сабе ў думках: пабачым. Пажывем, пабачым, як яно будзе.
Неяк у выходны ён рашыў завітаць на сваю хрушчоўку. Трэба было забраць партбілет (сказалі, што будзе добра, калі ён адновіцца ў кампартыі. У якой з дзьвюх — то яго асабістая справа). А галоўнае, яму трэба быў ордэн, які валяўся дзесь у жончынай шафе. Добра, жонкі не было дома, была толькі дачка, яна паказала шафу, што цяпер стаяла ў прыхожай, а ўся гасьцёўня была цесна застаўленая новымі столікамі і крэсламі ад шыкоўнага нямецкага гарнітуру. Дачка без вялікай радасьці ад спатканьня з бацькам пахвалілася, што маці — ужо дырэктар банку. Ступак ціха пазайздросьціў жонцы, — значыць, ня ўсім кепска, ёсьць людзі, якім і цяпер шанцуе. Доўга не затрымліваючыся ў кватэры, ён знайшоў усё, што трэба было, і, выйшаўшы з пад’езду, павярнуў да гаражоў пад ліпамі. Тут яго першым згледзеў сівагаловы Сазон, дужа зьдзівіўся ягонай уніформе. Пазяхаючы бяззубым ротам, усё аглядаў яго з галавы да ног і захапляўся:
— Вот и я когда-то… Такой молодой, подтянутый…
Вылез з-пад свайго «запарожца» Плешка, стрымана павітаўся.
— Глядзі ты — лейтэнант міліцыі! А нам і не сказаў нічога, усё ў сакрэце. I колькі плоцяць?
Ступак яму не адказаў, сапраўды, хай будзе ў сакрэце. Зноў жа, пра тое ён нядаўна даваў падпіску, — ня мог прыпамятаць, каторую за нядоўгі час. Значыць, трэба было маўчаць.
— А дзе Аляксей? — папытаўся ён, згледзеўшы два замкі на жалезных дзьвярах былога суседа.
— Гэ, Аляксей! Аляксей зьехаў, — сказаў Плешка.
— Куды зьехаў?
— Нам не сказаў. У Нямеччыну ці далей. Можа, у Ізраіль.
— Як у Ізраіль? — зьдзівіўся Ступак, — Ён жа беларус.
— Он-то белорус. А вот жена — довольно сомнительных кровей, — туманна растлумачыў Сазон.
Ступак прамаўчаў. Яму было шкада Аляксея, які колісь яго ўратаваў. Каб на паўхвіліны пазьней — яго б ужо не было тут. Ні тут, ні ў АМАПе, падумаў Ступак. I гэтыя дзядкі не дзівіліся б з яго камуфляжу. Зрэшты, можа і добра Аляксею. Каб у яго, Ступака, жонка была не беларуска, ён бы таксама зьехаў. У Ізраіль ці хоць да д’ябла. А так во трапіў на службу, прадаў д’яблу душу.
Але, можа, так яшчэ і лепей.
Таго ж дня ўвечары, толькі ён вярнуўся з гораду, як дзяжурны сказаў, што яго выклікае падпалкоўнік Шпак. Ступак трохі падзівіўся: чаму падпалкоўнік? Нядаўна яшчэ быў маёр, а цяпер падпалкоўнік, ці не наблытаў дзяжурны? Але не наблытаў. У штабе яго сапраўды чакаў колішні калега, у якога цяпер на пагонах блішчэлі дзьве вялікія зоркі, — Лейтэнант Ступак, загадана забраць рэчы і да штаба. Праз паўгадзіны ад’езд.
— Куды? — вырвалася ў Ступака.
— Да іншага месца службы.