Выбрать главу

Вось табе і на — ужо і да іншага. Трэба было зьдзівіцца, але Ступак перастаў ужо тут зьдзіўляцца. Афіцэры абступілі Шпака, а ён пайшоў у гасьцініцу, сабраў сваё небагатае майно. Праз паўгадзіны яго ўжо везьлі ў закрытым «Урале» кудысь за горад. У кузаве побач сядзелі яшчэ тры чалавекі — усе з іхняга АМАПу. Але яны былі мала знаёмыя Ступаку, і ён маўчаў. Неўзабаве, аднак, машына спынілася, яны вылезьлі. Вакол у вечаровым прыцемку стаялі высачэзныя хвоі, і пад імі мясьціліся шырокія нізкія будыніны — дачы. То была, як ён здагадаўся, старая ўрадавая рэзідэнцыя, куды іх прывезьлі, каб папоўніць асабістую ахову самога. «Во папаў!» — зноў падзівіўся Ступак, яшчэ ня ведаючы, радавацца з тае нагоды ці засмучацца. Аднак зьнешне ён не выказваў нічога, толькі слухаў і выконваў усё, што загадвалі, ішоў, куды вялі. Зноў былі анкеты, падпіскі, нават подпіс строгай таемнай прысягі. Усё тое ён рабіў, бы машынальна, бы які бязвольны зомбі; свой даўні намер засунуў углыб памяці і нават трохі трывожыўся, каб яго не заўважылі.

Праз дзён колькі, аднак, давялося парадавацца, як іх тут узбройвалі, чаго ён не дачакаўся ў АМАПе. I не якімі хвалёнымі качэргамі АК, што адбівалі плячо пры стральбе і нямала заміналі на маршы, а новенькімі карацелькамі «Узі». Дужа спрытныя выдаліся аўтамацікі, бы самі прасіліся ў рукі і зусім не заміналі — хоць на плячы, хоць на грудзях. Б’юць, казалі, за дваццаць крокаў у вераб’я пры нулявым расьсейваньні. Ступак старанна выцер з варанёнага металу лішак негустой змазкі, рукамі паважыў у сабраным стане. Ён быў задаволены. Можа, спатрэбіцца.

Клопату ў гэтым бары было, аднак, няшмат, некаторыя групамі кудысь езьдзілі, вярталіся і маўчалі.

Палітапрацоўка, як заўважыў Ступак, вялася ў інтэнсіўным тэмпе, рэгулярна, калектыўна і індывідуальна. Удзень і асабліва ўвечары заўжды па адным кудысь выклікалі, штось высьвятлялі, з іншымі доўга гутарылі. Так старанна не апрацоўвалі нават нампаліты ў войску. Ну, але тут было ня войска і нават не АМАП. Бяры вышэй. Яны — эліта бясьпекі, як сказаў новы палкоўнік, самыя з самых. Асабістая ахова. Хаця таго, каго ім належала ахоўваць і абараняць «вплоть до пожертвования собственной жизнью», яны нават ня бачылі. Ні зблізку, ні здаля. Адчувалі, што ён недзе тут побач, у гэтых дамоўках-дачах між хвояў, але дзе канкрэтна — ня ведаў ніхто. I ніхто пра тое ні ў каго не пытаўся, — было забаронена. Наогул гэта было падразьдзяленьне маўчуноў. Яны маўчалі з начальствам, маўчалі ў страі, маўчалі ў сталоўцы і на адпачынку. Тое маўчаньне часам пачынала прыгнятаць, але Ступак думаў: хай! Ужо ён чагось дачакаецца. Кепска, што не было як выпіць. Пры тым, што грошай ужо набралася поўныя кішэні, некалькі пачак «зайцоў» ён пакінуў у тумбачцы, захінуў газетай. I ніхто іх ня ўкраў. Мусіць, грошай у іх хапала. Затое не хапала часу, каб іх рэалізаваць, ізаляцыя была адмысловай. Бы ў турме. Мабыць, то была іхняя плата за сыты дабрабыт і няпыльную працу. Плата воляй. Але што зробіш — на гэтым сьвеце за ўсё трэба плаціць. Заплоціць і ён.

Аднойчы ўранку іх пастроілі ў спортзале, усіх чалавек трыццаць, што складалі цяпер ядро групы «Альфа», як іх ужо назвалі. Казалі, што пакуль трыццаць, але будзе трыста, бо трэба мацаваць шчыт і меч кіраўніка дзяржавы. На тым пастраеньні з самага пачатку былі ці ня ўсе іхнія начальнікі разам з галоўным палкоўнікам — мажным бугаём, што зьверху форменнага кіцеля насіў скураное паліто — дзеля маскіроўкі. Зрэшты, так тут хадзіў не адзін ён, а і яшчэ некаторыя, таксама маскіраваліся ці што? Яны можа, з гадзіну прастаялі ў страі, начальнікі ўсё аглядалі выпраўку і падкаўнерыкі, і чысьціню абутку, і ці ўсе добра паголеныя. Ніхто не казаў нічога, але яны пачалі здагадвацца, ці не зьявіцца да іх сам?

I сапраўды — тоўсты грымнуў каманду, і з галоўнага ўваходу зьявіўся ён. На той раз ён таксама быў у камуфляжы, новенькім, акуратным, які добра дапасаваўся да яго рослай спартыўнай постаці. Нягучным, нейкім цеплаватым, амаль хатнім голасам ён дазволіў «вольна» і падышоў да правага флангу, дзе стаялі самыя даўгалыгія, фізічна найболей накачаныя хлопцы, пачаў з усімі вітацца за руку. То было штосьці новае, — каб вялікі начальнік вітаўся з кожным у страі паасобку. Яны ўсе, бы зачараваныя, утрапёна ўзіраліся ў ягоны хітравата-ўсьмешысты твар, у якім цяпер не было і сьледу ад яго нядаўняй тэлевізійнай суровасьці — была толькі цеплыня і спагада. Калі чарга дайшла да Ступака, здалося: ён з нейкім асаблівым пачуцьцём зірнуў у ступаковы вочы, быццам пранікаючы ў самую глыб душы. Поціск рукі быў дужы, Ступак адказаў такім жа, і адчуў, што ён задаволены. Парукаліся, як мае быць, — па-мужчынску. Па-вайсковаму. Бо цяпер абодва былі вайскоўцы, хоць той і паходзіў з міліцыянтаў. Ды цяпер ужо і Ступак таксама.