Абышоўшы строй, ён выйшаў на сярэдзіну залы і пачаў гаварыць. Казаў нягучна, ціхім хрыплаватым голасам і, стоячы за пяць крокаў ад Ступака, здаўся яму зусім не маладым, хутчэй пажылым і стамлёным. А гаварыў пра тое, што дужа спадзяецца на сваю службу бясьпекі, да якой яны маюць гонар належаць, што яна — галоўная яго апора, для іх ён не пашкадуе нічога і будзе клапаціцца пра кожнага як родны бацька. Калі ў каго ёсьць якая патрэба, хай ідзе проста да яго і расказвае, — ён зробіць усё. Бо ён іх усіх любіць, як бацька любіць сыноў, што ў яго болей нікога няма, апроч іх, хлопцаў бясьпекі, ды яшчэ народу, які яго абраў на самы высокі пост. Што народ — галоўны ягоны клопат і галоўная любоў, асабліва такі народ, як наш, які вечна гаруе ў нэндзе, пакутуе праз усю гісторыю, што тое ён ведае як прафесіянал-гісторык. Што гэты народ заслугоўвае лепшае долі, чым тая, якую яму нарыхтавалі здраднікі-нацыяналісты, усе гэтыя пазьнякі, шарэцкія ды карпенкі, якія даўно запрадаліся ЦРУ ды іншым замежным сьпецслужбам і цяпер распрацоўваюць самыя хітравумныя планы, каб фізічна зьнішчыць яго і пакінуць сіратой любы беларускі народ. Таму вялікія спадзяванкі на іх — гонар ягонай бясьпекі, у руках якой ягонае жыцьцё і будучыня народу.
Ступак за жыцьцё нямала ўжо пераслухаў розных агітатараў-прапагандыстаў, у тым ліку і ў войску, і ніколі не ўспрымаў іх усур’ёз, заўжды слухаў хіба адным вухам. Не хацелася верыць і гэтаму. Але нейкая ўпартая сіла па-малу па-малу, усё ж дзейнічала на ягоную сьвядомасьць; напор і шчырасьць разважаньняў пачалі даходзіць да яго разуменьня. Найперш неяк бы міжволі само сабой хацелася ў тое паверыць. Так шчыра было ўсё сказана, што зьявілася спагадлівая думка: сапраўды, як нялёгка быць кіраўніком такога маштабу, як небясьпечна і адказна.
З гэткаю думкай-пачуцьцём Ступак і стаяў у страі, трошкі нібы задумаўшыся, як пачуў, што прамова перайшла на афганскую тэму, і аж скалануўся, як той, пазіраючы ў ягоны бок, прамовіў:
— Вон пусть скажет Саша Ступак, он участник, отмеченный наградами. Он на своих плечах вынес груз дружбы с братским афганским народом…
Пачуцьцё зьдзіўленьня кальнула Ступака — глядзі ты, ён ведае! Ведае пра Афган, нават называе яго па імені, чаго ў Ступака не здаралася нават у войску, нават у Афгане. Незвычайны, дзівосны чалавек, сумеўшыся, думаў Ступак. Не сказаць, аднак, каб тыя цёплыя словы ўзрадавалі яго, — зьбянтэжылі, гэта дакладна. I ён, задуменны, пайшоў у курылку, калі ўсё скончылася і строй распусьцілі. Ён нічога ня мог нікому сказаць пра сваё ўражаньне ад той сустрэчы, ды тут і ніхто не гаварыў пра яе нічога, усе зацята маўчалі, толькі пільней прыглядваліся адзін да аднаго, нібы выпрабоўваючы: ну што? Ну як? То былі толькі маўклівыя пытаньні без адказаў.
Нечакана надышоў момант, пра які Ступак столькі перадумаў калісьці, да якога ўвесь час міжволі рыхтаваўся. Здарылася, як і шмат што ў ягоным жыцьці, нечакана, зьнянацку, самым брутальным чынам.
Уранку, яшчэ да сьняданку, пад іхнюю лясную дамоўку падкацілі адразу тры чорныя «Ландроверы», у якія порстка, бы мышы ў норы, шаснулі іх стракатыя постаці з новенькімі, яшчэ пахучымі ад змазкі «Узі». Пад камандай незнаёмага падпалкоўніка ў скураным паліто хутка пад’ехалі да прахадной нумарнога заводу на гарадской ускраіне, які нядаўна яшчэ быў «паштоваю скрынкай»; адразу заехалі ў двор і выгрузіліся ля будынку заводакіраўніцтва. Тут жыва разьбегліся двума шэрагамі ўпоперак прыступак, утварыўшы нешырокі, але і ня вузкі калідор да дзьвярэй, і застылі. Іншыя, што прыехалі раней, былі ўжо ўнутры. Усе маўчалі, аднак Ступаку стала зразумела, што яны забясьпечвалі прыезд самога. Ступак вольна стаяў на другой аднізу прыступцы і думаў, што тое самае, што валодала ім гэтулькі часу, здаецца, урэшце наблізілася ўшчыльную. Урэшце ён дачакаўся магчымасьці, пра якую столькі перадумаў, да якой імкнуўся. Ражок аўтамата быў поўны патронаў, аўтамат на грудзях у поўнай гатоўнасьці. Не хапала хіба апошняй кропкі рашучасьці. Але чаму? Хіба што-небудзь было ім няўцямлена, ці што зьявілася новае?
Нешта ўсё ж ён не пасьпеў дадумаць, каб канчаткова наважыцца, як да прыступкаў нечакана падляцеў адзін міліцэйскі «Мерседэс» з мігалкай, за ім другі такі ж самы. З іх борздка павыскоквалі людзі ў масках, разьбегліся непадалёк па завадскім навакольлі. Тады падкаціў і трэці аўтамабіль, грузны, мабыць, браніраваны «Кадзілак», з якога праз паслужліва расчыненыя дзьверы лёгка выскачыў ён. На гэты раз ён быў у цёмным, добра адпрасаваным гарнітуры, пры даўгім, да пупа, гальштуку; хуткім, амаль драпежным позіркам кінуў у адзін бок, у другі, мусіць, каб упэўніцца, што варта на месцы і ягоная ахова забясьпечаная. Ягоны цьвёрды, уладарны твар цяпер нёс няскрушную злую суровасьць. Тым самым прыдзірлівым позіркам ён акінуў абмерлую варту і, здалося, нібы спатыкнуўся на гэткай жа, як і ў яго, вусатай фізіяноміі Ступака. Ступак незнарок варухнуў кароценькай руляю аўтамату, міжволі скіроўваючы яе ўбок. Тады ж трывожна тузануліся ля пераносься русявыя бровы, але болей — нічога. Ступак абмёр, а той спружыніста скочыў цераз дзьве прыступкі вышэй і ўмомант апынуўся ля высокіх дзьвярэй, дзе яго чакала невялікая група ў цывільным і ў масках. Яны ўсе разам схаваліся ў памяшканьні. Ступак расслабіў свае напятыя мускулы і выдыхнуў.