Выбрать главу

Два шэрагі яшчэ працягвалі стаяць на прыступках, але ранейшае напружаньне мінулася, можна было разьняволіцца. Штосьці было не зразумела Ступаку, — чагось нават крыўдна, ды ён ня мог разабрацца, чаму? Можа, за сваё ранейшае, перажытое, а можа — за сёньняшняе — таго ён зразумець ня мог. Адно было пэўна — кілер з яго пакуль што не атрымаўся, і дзіўна, што тое цяпер пачало ім адчувацца, нібы палёгка. Нібы ён уратаваў жыцьцё. Найперш, можа, сваё ўласнае. Магазін ягонага «Узі» застаўся цэлы, яго належала берагчы і прымяняць толькі ў крайнім выпадку. Але — дзе той крайні выпадак, і хто будзе вызначаць яго? Ужо, мабыць, ня ён. 3 прыкрасьцю Ступак адчуваў, што неўпрыцям і назаўжды страчвае сваё асабістае права, якім ужо распараджаліся іншыя.

А ён што ж — ён мусіў чакаць і падпарадкоўвацца. I ён чакаў можа, з гадзіну ці болей, стоячы ўсё на той жа прыступцы, хіба мяняючы ўпор нагі. Хлопцы побач таксама чакалі. Іншай каманды ім не давалі, і Ступак пачаў думаць, што на іх забыліся. Аж не! Палкоўнік у скуранцы штось гаркнуў з дзьвярэй, і яны замерлі. Ступак чакаў зноў убачыць самога, ды замест яго ў расчыненых дзьвярах паявіліся двое ў шэрых пінжаках — высокі і ніжэйшы, якіх цесьненька абступілі хлопцы ў масках. Тыя два ішлі, патупіўшы долу сівыя галовы, неяк ненатуральна аднолькава трымаючы за сьпіной рукі. I толькі як спускаліся па прыступках, Ступак убачыў на іхніх руках бліскучыя кайданкі. Тады яму шмат што стала зразумела. Але нешта і яшчэ болей заблытвалася.

Арыштаваных павезьлі ў міліцэйскай машыне, а яны ўсё стаялі на прыступках, мусіць, чакалі самога. I Ступак думаў, што ягонае жыцьцё кудысь павярнулася. Хаця хто ведае, якім яшчэ бокам можа яно павярнуцца зноў. Усё ж жыцьцё кожнага сваю сілу мае — часам злую, нядобрую сілу…

Ваўчыная яма

Адзінокая постаць чалавека то зьяўлялася, то зьнікала ў негустым бярозавым падлеску, сярод высока памкнутых да неба хвояў. Гэта быў малады хлапец у зашмальцаваным салдацкім бушлаце, зь зімовай шапкай на галаве. З-пад расхрыстаных каўняроў ягоных апратак на грудзях выглядалі сінія палоскі заношанай цяльняшкі. Схуднелы хлапечы твар нёс выраз немалога клопату, амаль спалоху. Салдат ішоў нетаропка, часта спыняючыся, часам мяняючы напрамак хады, штораз азіраючыся — назад і ўбакі.

Хваёвы бор між тым поўніўся ветраным шумам, які несьціхана мкнуў з вышыні і глушыў усе іншыя лесавыя гукі. Зрэшты, салдат ужо навучыўся ў звыклым пошуме лесу лавіць які іншы гук, ягоны слых зыўжды быў насьцярожаны. Але ўнізе пад хвоямі, сярод маладога падлеску было амаль ціха, адно далікатна трапятала сьвежая лістота бярозак. Дол быў яшчэ па-веснавому голы й шэры, хіба там-сям зелянеў чарнічнік ды, як заўжды на грудках, шарэлі лапіклы беламошніку, ступаць па якім было мякка, бы па дыване ў пакоі. Зрэшты, па дыване салдат не хадзіў, — адзіны дыван у іхнай кватэры чамусьці вісеў на сьцяне. Ды й ботаў ён не насіў да войска, а гэтыя, як надзеў — цяжкія кірзачы зь нягнуткімі халявамі, — дык і не зьнімаў другі год. І ў сухмень, і ў слату яны былі на нагах — ня дзіва, што левы пачаў ужо «прасіць кашы». Хаця што боты — прахудзіліся, пачалі ірвацца ягоныя штаны, вайсковыя «хабэ», залапленыя на каленях, на адным ужо паявілася дзірка. Вядома ж, усё тое было кепска і, мабыць, іншы раз прычыніла б салдату клопату. Але не цяпер. Цяпер яму дапякаў клопат іншага кшталту — салдат хацеў есьці.

Гэты клопат і вёў яго па хвойным грудку, прымушаў узірацца долу і ўгару, у вецьце дрэваў. То быў ягоны канкрэтны інтарэс: у доле маглі зьявіцца грузды, учора ён іх знайшоў ажно тры і зьеў. А тады спалохаўся ад думкі, што можа атруціцца й сканаць тут, у гэтай лесавой глушчэчы. Аднак учора абышлося — трохі пакруціла ў жываце й аціхла. Значыць, можна харчавацца грыбамі, падумаў ён, абы шэнціла іх знаходзіць. Яшчэ ён імкнуўся згледзець у гольлі птушынае гнязьдзечка — дробныя лесавыя птушкі павінны ўжо пачаць несьціся. Калісьці малыя падчас канікулаў у бабулі на вёсцы апаролі на ўзьлеску малое гнязьдзечка, зь якога выкаціліся чатыры шэранькія яечкі. Два зь іх разьбіліся, а два ён асьцярожна прынес у хату. Бабуля насварылася: нашто пабурылі птушынае жытла, Бог пакарае. Тады ён сапраўды пашкадаваў: нашто было бурыць? Іншая справа цяпер, калі даўно ўжо няма бабулі, а Бог, падобна, зусім адвярнуўся ад яго. А галоўнае — ён добра спазнаў, што голад — сапраўды ня цётка.