Выбрать главу

Тая памятная падзея адбылася пад векавым дубам, у вялізным шатры, аздобленым сьцягамі ды асабістымі штандарамі Вялікага Курфюрста. Бібліятэкар пакланіўся валадару ў ягоныя ногі, закутыя ў металічныя латы, і пачаў чакаць. Грозны Вялікі Курфюрст хвіліну працінаў яго драпежным позіркам, нібы гіпнатызаваў, а пасьля штось буркнуў аднаму з чаляднікаў, што нерухома тоўпіліся за ягонай сьпінай. I той голасна абвясьціў высокую волю. Аказалася, што палацавы бібліятэкар Готліб прызначаецца Галоўным крыгсманам войска Вялікага Курфюрста — валадара зямлі Богададзенай і Сьветлазарнай. Назаўтра зранку пачынаецца чарговы штурм замка, і крыгсману належыць камандаваць войскам.

Учуўшы тое, стомлены дарогай бібліятэкар ледзьве ўтрымаўся, каб ня ўпасьці, але пра што-небудзь пытацца не адважыўся. Як і належала паслухмянаму паддадзенаму, ён зноў паклапіўся ў ногі і пайшоў з шатра, куды яго павялі два бамбізы-латнікі.

Усё ж ён быў чалавек разумны, намогся авалодаць сабой і пачаў думаць пра сваё прызначэньне. Ён ніколі не служыў у войску і не прымаў удзелу ні ў малых, ні ў вялікіх аблогах — тое рабілі салдаты, свае ды найміты-авантурысты, таксама, як і іхныя крыгсманы ўсіх рангаў. Найбольшы і самы кваліфікаваны крыгсман, вядома ж, быў сам Вялікі Курфюрст, без якога ніводная перамога не была б магчымая. Зрэшты, ня толькі перамога. У гэтай зямлі шмат хто лічыў, што нават сонца ўзыходзіць і заходзіць толькі з дазволу Курфюрста. Але чаму ж ягоны адмысловы выбар упаў на зусім пе адмысловага бібліятэкара — таго Готліб зразумець ня мог. Можа, Курфюрст ушанаваў яго за ўласьцівы яму кніжны розум, набыты ў бібліятэцы, за адмысловыя веды лаціны? А можа, за тое, што ён быў нетутэйшы паходжаньнем — ягоныя продкі калісыді ўцяклі ў гэтую зямлю з Андалузіі. Як бы там ні было, Галоўнаму крыгсману стала надта страхотна, але і трошкі ганарова — усё ж Курфюрстаў выбар сьведчыў пра пэўны давер да ягонай асобы і яе чалавечых якасьцяў. А хто ў краіне не хацеў спраўдзіць высокі давер суверэна? Хацеў таго і Готліб, палацавы бібліятэкар, які нечакапа стаў найвышэйшым вайсковым начальнікам.

Апранацца ў бразготкія металічныя латы яму ня надта спадабалася — тыя былі нязвыкла цяжкія і сьцюдзёныя. Добра яшчэ, што гэта быў няпоўны камплект — толькі шлём з прылбіцай ды каляная кальчужная сьвітка, якую ён страхотка насунуў на сваё хударлявае цела. У такім убраньні пачуваўся ня надта, але мусіў трываць. Ён меркаваў, што ўвечары яго пакліча Вялікі Курфюрст, але той не паклікаў. Замест пышнага шатра Готліба адвялі ў старую палатку каптэнармуса, дзе на нейкай радзюжцы ён спрабаваў заснуць. Ды марна. Усё ж, ён меў перад сабой сумны досьвед сваіх папярэднікаў, які ня мог яго не трывожыць. Але ён спадзяваўся. Чалавеку, пават калі ён і Галоўны крыгсман, уласьціва трохі спадзявацца.

Першы баявы дзень для яго пачаўся на золку, калі баявыя легіёны панцырнікаў, латнікаў, лучнікаў і асаднікаў пачалі рух у напрамку да замка. Некаторыя калоны ішлі проста, іншыя — у абыход ці займалі месца ў рэзерве. Вялікі Курфюрст быў добра спрактыкаваны ў вайсковай навуцы і ведаў, як і што належыць рабіць. Іншая справа, што ў войску не заўжды былі вартыя выканаўцы ягоных геніяльных загадаў. Хоць і надта стараліся. Яшчэ ў цемры выкацілі на пазіцыі грувасткія катапульты, даўжэзныя, плеценыя з лазы вінеі — для прыкрыцьця войска. На сьвітаньні цягалі да іх цяжкія камяні, бо ня ўправіліся нацягаць ноччу. За тую няўпраўку Вялікі Курфюрст загадаў адсячы галаву Галоўнаму катапультмайстру, што і было зроблена ў ягонай, Курфюрставай прысутнасьці. Тую галаву магутная катапульта стрэльнула цераз сьцены замка, падаўшы тым апошні сігнал да штурму.

Бібліятэкар-крыгсман Готліб стаў ззаду за Курфюрставай сьвітай на зручным пагорачку воддаль замка. Усе пазіралі на цудоўнае відовішча, што разгарталася наперадзе. Асабліва ўражваў замак, які крыгсман бачыў упершыню. Магутныя, пахілыя да сярэдзіны сьцены з шэрага граніту, умацаваныя на рагах шырокімі круглымі вежамі з мноствам дзірак-байніц; байніцы былі і ў сьценах. Наверсе між зубамі-амбразурамі відаць былі галовы абаронцаў замка, праклятых ворагаў Вялікага Курфюрста. Зьверху ўніз па сьценах пралягалі шырокія чорныя пацёкі ад смалы і дзёгцю, якімі тыя палівалі салдатаў Курфюрста. У доле чарнеліся плямы ад жахлівага «грэцкага вагню», у якіх валяліся каменныя ядры, што паадскоквалі ад сьценаў, і недагарэлыя трупы тых, што лезьлі ды ня ўзьлезьлі на сьцены, хоць і пераадолелі шырокі роў, некалі наліты вадой, а цяпер надта абмялелы, — відаць, у замку бракавала вады. Нягледзячы на гераізм войска і асабістую прысутнасьць паблізу самога Вялікага Курфюрста, над усімі сямю вежамі замка па-ранейшаму матляліся на ветры сінія з касым крыжам сьцягі нескароных харугваў.