Выбрать главу

Як пачаўся штурм, да Галоўнага крыгсмана падскочыў хтось са сьвіты валадара і нярвова крыкнуў «На штурм!». Крыгсман трохі падзівіўся гэткаму лаканічнаму загаду і з даўжэзным мячом у руцэ паплёўся ў бок калатыечы. Адышоўшыся ад пагорку, нясьмела азірнуўся назад і пачаў трохі паварочваць убок, быццам у абыход замка, бо ісьці ў самае пекла страшна. А там, пад сьценамі замка, сапраўды ваўсю грымела і трашчэла, гуло і смылела — дымам завалакло сьцены, вежы і неба, — ужо там няшмат можна было згледзець. Крыгсман усё збочваў і збочваў па лугавіне, яго ніхто не спыняў і не вяртаў, хоць Курфюрст са свайго пагорачку, ведама ж, бачыў усё. Значыцца, ён дзейнічаў правільна, падбадзёрыў сябе крыгсман. Урэшце ён знайшоў, мабыць, найлепшую мясьціну, дзе было ня надта каб страшна і ня так далёка ад замка, дзе ягоныя сьцены былі відаць збоку аж да самай затокі. I тут ён згледзеў, што фланговы шэраг латнікаў залёг зусім блізка да рову — шчыльныя рады іх роўненька прыпалі да травянога долу, а з замкавых сьцен на іх несьліся хмары арбалетных стрэлаў ды ядры з мартыраў-катапультаў. Ад кутняй вежы скаціліся некалькі дзівосных, палаючых (мабыць, «грэцкім вагнём») колаў, якія, набіраючы па лугавіне хуткасьць, пагражалі здратаваць там увесь фланг латнікаў. Пэўна, тым трэба было ўцякаць, падумаў крыгсман, але тут жа схамянуўся ад не зусім, мабыць, вайсковае думкі. I тады ён згледзеў у сьцяне за кустом цярноўніку штосьці падобнае на невялічкую арку з дзьвярыма і падумаў, што там было б схоўней. Там стрэлы і ядры ці нават кіпень з вежы не маглі дастаць. I ён пачаў рукой паказваць латнікам на тую нябачную ім арку, усяляк даючы тым знак, дзе ратавацца. Мабыць, для таго манеўру існавала адмысловая вайсковая каманда, ды Галоўны крыгсман яшчэ ня ведаў ніякіх вайсковых камандаў і рабіў так, як колісь у дзяцінстве паказваў на пашы на адсталую авечку. I дзіва — яго зразумелі, хоць, вядома, калі захочацца жыць, дык зразумееш незразумелае. А латнікі ўсё ж хацелі жыць.

Сьпярша крайнія з іх, а затым і астатнія кінуліся ў роў, выкараскаліся з яго па той бок і, прадраўшыся праз калючы цярноўнік, стаіліся ў нішы. Ніша была невялічкая, але зьмясьціла ўсіх, і яны стаялі цесьненька адзін ля аднаго, мабыць, чакаючы новай каманды. Тады і ён падняўся і, ледзьве адольваючы ў сабе жах, паклыпаў туды, да ўсіх. Якую тады мог падаць ім каманду, ня ведаў, у яго не было ніякіх камандаў. Але ён ужо стаў баяцца, што, можа, на лугавіне скамандаваў ня так, і яго можа паклікаць хуткі на расправу Курфюрст. Ведама ж, Курфюрста ён баяўся болей, чым тых на сьцяне. Тыя былі высока, а Курфюрст на паўмілі ззаду і мог дастаць яго ў кожны момант.

Ён удала дасягнуў рова і непадалёк ад кутняе вежы скаціўся з яго крутаватага берагу. Каб было лягчэй выбрацца, скінуў з галавы грувасткі шлём, які да таго ж замінаў яму бачыць па бакох, і хацеў кінуць даўгі і няўклюдны меч. Але падумаў, што ўсё ж, мабыць, Галоўнаму крыгсману належала быць пры зброі. Збоч, ззаду і навакол грымела і палала асада — дымелі сьцены, пад сьценамі штосьці гарэла, — невядома, хто каго паліў — штурмавікі асаджаныя ці асаджаныя штурмавікоў. Выбрацца з рова яму памаглі латнікі, якія спусьцілі дзеля таго дзьве пікі, і ён шчасьліва апынуўся ўсё пад той жа выратоўчай нішай. Тут, аднак, ужо ўсчалася нейкая тузаніна, якая сьпярша выклікала ў яго міжвольны пратэст: нашто тузацца, хай бы сядзелі ціха, пакуль саміх не чапаюць. Але, пэўна, то былі прафесійныя салдаты і не хацелі сядзець ціха — ім патрэбная была перамога як узнагарода за страх і пакуты. Не зважаючы на пагрозу сьмерці, яны ламіліся да яе, пакуль дзьверы той нішы ня рухнулі на каменны падворак. Па тых дзьвярах латнікі ўварваліся на неабароненыя зады замка.

Што і як адбывалася далей, Готліб разумеў кепска, бо адчуваў сябе бы ў сьне. Яны некуды беглі, некага секлі мячамі. Неўзабаве насустрач ім выскачылі абаронцы замка ў пунсовых накідках, і яго ледзь не засеклі крывымі мячамі — дзякуй латнікам, якія закалолі дзідамі тых, што мкнуліся засячы яго. Далей ён караскаўся за ўсімі па стромкіх каменных прыступках вежы. Упаў і ледзьве не скаціўся долу. Але і тут яго выручылі салдаты Курфюрста, паднялі, і неўзабаве ён апынуўся на самым версе кутняе вежы, якую нядаўна азіраў з лугавіны. Тут латнікі ўжо ламалі шэст з сінім сьцягам. Праз дым ён зірнуў на лугавіну і аж зьдзівіўся, як добра было відаць на ёй усё Курфюрстава войска — шэрагі латнікаў і мечнікаў, купкі лёгкіх і цяжкіх катапультаў, драўляныя шчыты на колах і даўгія самбукі, з якімі беглі салдаты. Цяпер усе яны там заварушыліся, мабыць, згледзеўшы іх на вежы, у шэрагах штось закрычалі — абурана ці ад захапленьня, таго адсюль было не зразумець. Але іхні галоўны цяжкі таран «Матыльда» ўжо паволі каціўся да галоўнае брамы, каб зрабіць тое, чаго яны не маглі зрабіць раней. Праз колькі хвілінаў дзесьці ў сьценах цяжка і грозна вухнула — гэта рухнула галоўная брама, і ў замак ірвануліся першыя сотні Вялікага і Слаўнага Кгорфюрста, валадара Богададзенай Сьвстазарнай зямлі. А яшчэ праз нядоўгі час ён, Галоўны крыгсман таго войска ў ліку закапцелых, спатнелых, скрываўлепых салдатаў сустракаў у браме замка свайго Курфюрста і толькі баяўся, каб той не пакараў яго за пакінуты шлём. Вярнуцца па яго ў роў крыгсман дагэтуль ня меў магчымасьці.