Выбрать главу

Толькі ён прагнаў ад сябе благую думку, як Вялікі Курфюрст наперадзе спыніўся. За ім прыпынілася ўся калёна конных і пешых, лучнікаў і панцырнікаў і ўсіх астатніх — аж да палонных. Курфюрстава сьвіта збочыла з пыльнага шляху пад дубы на прыдарожным пагорку. Ці не на адпачынак? — падумаў Галоўны крыгсман. У засені дубоў-гігантаў тое было б надта дарэчы. Але, мусіць, не. Тут жа яму далі знак пад’ехаць наперад, што ён і зрабіў, ня надта ўпраўна кіруючы цяжкой на хадзе кабылай. Перад Курфюрстам, які па-ранейшаму сядзеў на кані, належала сьпешыцца, і ён скочыў долу, ледзьве ўтрымаўшыся на замлелых нагах. Ён ня ведаў, што зараз будзе, але быў гатовы выканаць кожную каманду валадара.

Толькі Курфюрст нічога не камандаваў, з каменным тварам працягваў сядзець на белым біцюгу. Замест яго пачаў гаварыць вяшчун, што меў адмысловае горла і ў час аблогі і на паходзе перадаваў Курфюрставы каманды. Уважліва слухаючы яго, крыгсман не адразу, аднак, зразумеў, што гэта ён? Пра каго ён? Аказваецца, пра яго, Галоўнага крыгсмана. Быццам ён нядбайна камандаваў асадай, ад чаго войска мела неапраўданыя страты, цэлы дзень не магло дамагчыся посьпеху, і таму за ўсё тое зладзейства Вялікі Курфюрст карае Галоўнага крыгсмана адсячэньнем галавы. «Слава вялікаму войску Богададзенай Сьветазарнай зямлі!» — скончыў вяшчун, і ўсе салдаты дружна раўнулі «Гох!», што азначала згоду, адабрэньне і захапленьне.

Калені ў нядаўняга бібліятэкара падламіліся, ён паваліўся на мяккую траўку дубровы, але дужыя рукі падхапілі яго і кінулі пад ногі валадара. Штатны вайсковы кат у шырокім скураным фартуху выцягнуў са скураных похваў шырокі меч з выгравіраваным на лязе дэвізам. «Bibe sanguinem!» — пасьпеў прачытаць небарака на мілай лаціне, перш чым кат адным спрактыкаваным ударам аддзяліў лысаватую галаву Галоўнага крыгсмана ад яго сутулаватага цела. Войска пры тым зноў грымнула «Гох!». Вялікі Курфюрст прыўстаў у страмёнах, каб яго бачна было здалёк, і каб усе, да апошняга лучніка, зразумелі, хто здабыў для іх перамогу. Каб не было памылкі, Курфюрст яшчэ павярнуўся сюды-туды ўбакі, — крыкамі адабрэньня і ляскам мячоў аб шчыты легіёны віталі яго боскае права на праўду і справядлівасьць. Словы пра справядлівасьць былі вычаканеныя на ягоным упрыгожаным гербам шчыце. Крыкі пра славу пераможцы суправаджалі яго ўсю дарогу да самага гораду.

Пад тыя крыкі ўслаўленьня і гопару ён, шчасьлівы і стомлены, уехаў надвячоркам пад гарадскую браму. У горадзе вітаньне паўтарылася з яшчэ большым імпэтам і доўжылася да паўночы.

Народ заўжды любіць вітаць пераможцаў.

Маленькая чырвоная кветачка

Ён вельмі любіў народ, і народ вельмі любіў яго.

Асабліва з таго часу, як успыхнула народнае паўстаньне, якое ён песьціў, рыхтаваў, камандаваў паўстанцамі, здабыў першыя перамогі. Паўстаньне было нялёгкае, перамогі чаргаваліся з паразамі, але народ верыў яму і ішоў за ім. Ён і праўда не шкадаваў ні часу, ні сілы, ні працы свайго глыбокага розуму дзеля сьвятое справы — перамогі народнага паўстаньня.

Сьпярша, як іх было мала, а сілаў злыдняў было ў дзесяць разоў болей, толькі ягоная воля і фанатычная ўпэўненасьць далі моцы паўстанцам не загінуць дарэшты. Паўстанцы вытрымалі ўсё: паразу пад сьценамі крэпасьці, перасьлед, катаваньні ў вязьніцах, кару сьмерцю, палон, эміграцыю. Ён не скарыўся, ён заўсёды казаў: будзе воля, будзе пермога! Загляне сонца і ў наша ваконца. І заклікаў змагацца, не шкадуючы нічога — ні людзей, ні жыцьця, ні жанок, ні саміх сябе. Ён не шкадаваў сябе і нават жонку зь дзецьмі, якіх закатавалі ў палоне.

Як была здабыта вялікая перамога і захоплена непрыступная крэпасьць, народнай любові да яго ня стала межаў. У крэпасьць, якую ён штурмаваў дваццаць дзён, яго ўнесьлі на скрыжаваных дзідах, ахінутых двухкалёрам патрыётаў. Там жа, на падворку крапаснога муру, яму прысягнула новаствораная гвардыя — сотня адборных маладых паўстанцаў. Старшыны гораду паднесьлі яму талерку, поўную залатых манэтаў. Дзесяць гарадзкіх прыгажунь зьнялі з ног ягоныя батфорты і абмылі яго стамлёныя ногі. Яны прысягнулі яму на вечнае жаночае слугаваньне — у вайну і ў міры. У народных вачох ён стаўся самым разумным і сумленным; у жаночых вачох, апроч таго, — самым прыгожым і высакародным. І яшчэ ён быў бескарысьлівы — нічога свайго ня меў, абыходзіўся тым, што давалі. Як ён прамаўляў зь цьвінтару гарадзкой катэдры, тысячны натоўп, ня дыхаючы, слухаў яго. Заўжды ён гаварыў, як Бог, не даючы ні малюсенькае нагоды ўсумніцца хоць бы ў адным прамоўленым слове.