Ні груздоў, ні гнёздаў у гольлі, аднак, не трапляла. Не было бачна і птушак, ня чулася іхнага сьпеву, і салдат падумаў, што, можа, гэтак толькі ў бары. Мабыць, варта было павярнуць з грудка ўніз, у сыраваты алешнік на беразе рэчкі. Учора ён хадзіў там, праўда, таксама з нулявым вынікам. Але ўчора яго рана выгнаў адтуль веснавы дожджык, ад якога хлопец схаваўся пад баравымі шатамі. У каторы раз за вясну хвоі ратавалі яго ад дажджу й давалі прытулак ноччу, але харчу тут не было. Пад хвоямі не расло нічога, дол быў густа ўсыпаны сухой ігліцай, па якой поўзалі веснавыя кузуркі. Уначы, як ён спаў на грудку, пад ягоныя апраткі налезла мурашоў, і хлопец усё раньне цёр лыткі, каб ад іх пазбавіцца.
Сыраватыя алешнікавыя мясьціны ўвогуле ён не любіў, і за час свайго лесавога блуканьня звычайна абмінаў іх. Нашмат весялей было брысьці борам, дзе стромкія хвоі зачароўвалі сваім выгоністым хараством, асабліва ў ціхманы сонечны надвячорак, калі іхныя вершаліны ўрачыста зьзялі ў золаце нізкіх промняў. А на ўзьлеску ці дзе на прагаліне часам трапляла якая старая сукаватая хваіна з такім крывулякам-суччом, што па-хлапечы карцела ўзьлезьці на яе і не зьлязаць да ночы. Першы раз салдат трапіў у вялікі хваёвы лес на выезьдзе, у час манэўраў, як толькі прыехаў з «вучэбкі» ў полк. Аўтамабілі сувязі тады паставілі пад хваёвыя шаты, не спатрэбілася й нацягваць сеткі. Салдат працаваў на радыёстанцыі і праз расчыненыя дзьверы тры дні й начы дыхаў смалістым водарам бору і слухаў сьпевы птушак. Шкада, вучэньні неўзабаве скончыліся, а затым усчалося такое, пра што ня хочацца і ўспамінаць. Ды й забыць немагчыма.
Алешнік над рэчкай ваўсю зелянеў сакоўнай лістотай, мусіць, вільгаці тут хапала. У доле праз ссохлы быльнёг прабіваліся галінастыя калівы крапівы, настырчыліся сухія дубцы маліньніку. У ім выразна прыкмячалася закінутая ад леташняга сьцежка. Ну вядома, сьцежка кіравала па беразе, уздоўж рэчкі, якая круцілася побач. Салдат засьцярожліва пайшоў па ёй, асабліва ня дбаючы, куды, — сьцежкай заўсёды карцела некуды ісьці. І тады яго чуйны на пахі нюх злавіў у паветры гаркаваты пах дыму. Салдат спыніўся. Ну пэўна, то быў дым ад лесавога вогнішча — дзесь гарэў касьцярок. А можа, тое неслася з поля, на момант усумніўся салдат. Але не, поле ўсё ж было далекавата адсюль, за балотам, вёскі там ці ня ўсе ўжо папалілі-панішчылі. Гэта ж поруч з зонай. Ці, можа, таксама ў зоне — не зразумець. Казалі, на мяжы з зонай нядаўна яшчэ быў дрот на кольлі, але дрот у шмат якіх месцах зьнялі, парэзалі — на продаж ці што? Міліцыя часам патыкаецца сюды на сваіх «Уазах», але ў міліцыі бракуе бэнзыну, а галоўнае — каму хочацца лішні раз лезьці ў атамнае пекла? Не хацелася лезьці й салдату, але во мусіў. Калі яго ў хлеўчуку на хутары ледзьве не апарола міліцыя, ён болей рызыкаваць ня стаў. Ды й гаспадар, самасёл-хутаранец сказаў: трэба табе ісьці адсюль, хлопец. Што ж, ён разумеў і не хацеў ліха ні сабе, ні старому, якому падзякаваў за тое, што той прытуліў на тыдзень у сьцюжу. І ён пайшоў, куды глядзелі вочы. Вочы і прывялі яго ў зону.
Праўда, магло так стацца, што ён сам пакараў сябе нават болей строга, чым гэта зрабіў бы вайсковы трыбунал. Усё ж зона — ня рай, калі адсюль усіх выселілі, калі сюды баіцца патыкацца міліцыя, калі ў газэтах не перастаюць пісаць пра цэзій ды стронцый, якімі засыпана навакольле. Увесь сьвет устрывожаны. Захад гоніць гуманітарную дапамогу, лякарствы, вывозіць дзяцей на аздараўленьне. Дык то з бліжніх да зоны паселішчаў і вёсак, а ён во ўлез у самае пекла. Праўда, і ён напачатку баяўся, думаў, захварэе. Але за паўтара месяцы нічога кепскага ў сабе не заўважыў, нават не прастудзіўся ні разу, пачуваўся быццам нармальна. Калі б толькі было што есьці. Ды й стары хутаранец Карп, які з хутара нікуды не патыкаўся, за ўсе гады пасьля аварыі пачуваўся, казаў, можа лепей за каго з маладых. Бо ня піў — гэта галоўнае. А гарэлка, яна горш за радыяцыю для здароўя і без пары губіць мужчынаў. Харчу ж у хутаранца хапала — была карова, сьвінчо, дзясятак курэй ды сабачка Кудлацік, — і ўсе жывыя, здаровыя. Карп сваім прыкладам здорава абнадзеіў салдата, асабліва як сказаў, што і па суседзтву, за шашой таксама нехта жыве (чутно, як брэша сабака), ды й за балотам у былой вёсцы таксама паявіліся самасёлы, — жывуць без электрычнасьці, крамы і ўлады. Што без улады — дужа спадабалася салдату, як Карпу — што без калгасаў. Ніхто, мабыць, ім не дакучае — не памагае, але й не замінае, гаспадар, як хочаш. Во, дажыліся мужыкі, век пра тое ня марылі.