Выбрать главу

Так у краіне сталася рэфармацыя і рэвалюцыя адначасна — з захаваньнем спакою і стабільнасьці ў грамадстве. Галоўнае — усе былі задаволеныя — і пражэрлівыя канібалы, і іхнія падданыя, якія нікога ня елі. А калі елі іх, дык такой бяды — думалі: усіх не зьядуць. А тыя, што застануцца, атрымаюць свае брандзэлкі і будуць шчасьлівыя.

Герой

Племя тэрарызаваў Дракон.

Дзе ён жыў-пасяляўся, ніхто ня ведаў, — можа, дзе блізка, а можа далёка, можа не на зямлі нават. Але ён дапякаў племю штогод. То хапаў у полі маладых дзяўчатаў, а то і хлопцаў, то дашчэнту вытоптваў пасевы, то бурыў халупы. А то насылаў на племя свой драконаўскі мор, калі ў полі не вырастала нічога, і племя трывала люты голад. Як было бараніцца ад таго зьверыядаўца, ніхто ня ведаў. Праўда, здавён часу было заведзена ахвяраваць. У пэўны вясновы дзень, як пачыналі сачыцца маладым сокам бярозы, старэйшыны родаў зьбіраліся ля трох камянёў на Дубовым капішчы і выбіралі Героя. Ахвярай яго не называлі, тое не было прынята, называлі ласкава і спаважліва Героем. Героя пасылалі ў ахвяру Дракону, які затым і праўда, прыціхаў на колькі часу, пераставаў назаляць племю. На палёх сьпеў ураджай маісу і кукурузы, сыцеў статак. Ды й хваробы быццам адкараскваліся ад людзей племя. Але толькі на пэўны нядоўгі час. Між тым племя шанавала чарговага Героя-ахвяру. На капішчы яму ладзілі помнік — высока пілавалі самы тоўсты дуб і з таго мажнага пня высякалі чалавечую выяву. То была складаная праца і давяралі яе самым майстравітым людзям, самым шчырым і адданым вернікам. Такіх пнёў-ідалаў на капішчы за гады набралася ўжо некалькі тузінаў, усе сьсечаныя дубы, груба, але выразна аздобленыя людскімі абліччамі. Яны ўважаліся за сьвятых, дужа шанаваліся. У іхні гонар спраўлялі імшу — напачатку лета, па заканчэньні палявога сезону, пасярод зімы. Ім таксама ахвяравалі, але не мужчынаў, якіх у племені ўсё ж шанавалі за іх рабочыя рукі, а найбольш з дзяцей — хлопчыкаў ці дзяўчынак. Тых, што самім карцела ахвяравацца, бо тое было прыгожа — з вянкамі на галоўках, пад радасныя сьпевы наўкола. Ахвотнікаў і ахвотніц было нямала, выбіралі самых прыгожых і беззаганных у паводзінах. А таксама ад лепшых бацькоў, ад горшых таго не заслугоўвалі. Горшыя гаравалі пад драконаўскім прыгнётам — рабілі ў полі, пасьвілі жывёлу, няньчылі малодшых. Абраныя разам з дымам узносіліся пад аблачыны, дзе было іншае, райскае жыцьцё. Разам з Героем іх таксама шанавалі шэраг наступных гадоў. Аж пакуль не зьяўляўся наступны Герой. Тады ўсё племя пераключалася на шанаваньне таго, новага.

Хлопец Кім сапраўды быў самы дужы і, можа, самы сьмелы сярод немалой юначай грамады племя. I яшчэ ён дужа добра сьпяваў. Мабыць, менавіта таму, як зьявілася чарговая патрэба ахвяраваньня, выбар старэйшынаў патрапіў на яго. А патрэба сталася дужа пільная — ужо з вясны Дракон тройчы абрынаў свой гнеў супраць племя — найперш ушчэнт засушыў палеткі, пасьля наслаў на іх град і напасьледак задушыў у ваколіцах трох маладых дзяўчатак. Старэйшыны меркавалі, што тое — не астатняе ў той год драконава злачынства, неўзабаве трэ чакаць новых. Бо ўжо другі год не ахвяравалі, не пасылалі да Дракона Героя.

Як сказалі Кіму, што сёлета ягоная чарга, хлопец узрадваўся гэткаму памяркоўнаму выбару. Тым болей, што ён ужо ведаў, з якога дуба будзе змайстраваны помнік яму — той самы высокі дуб ля скрыжаваньняў дзьвюх сьцежак на капішчы быў бачны здалёк.

Праводзілі Героя ціхмяным летнім адвячоркам, як людзі папрыходзілі з поля. На капішчы расклалі вялікае вогнішча, наўкола якога сабралася ўсё племя. Галоўны і самы стары сьвятар зычна пракрычаў закляцьці на чатыры бакі сьвету. Усе радаваліся, будучы ўпэўненыя, што ўжо цяпер Дракон надоўга ўціхамірыцца, а Кім шчасьліва ўвасобіцца ў пашаноўнага дубовага Ідала. Радаваліся бацькі Кіма, яго два малодшыя браты, якім стала наканавана зрабіцца роднымі братамі Героя; яны таксама гатовыя былі ў свой час пераняць ягоны прыклад. Радавалася каханая дзяўчына Кіма. Хоць, вядома, росстань — справа нялёгкая, але ж то расстаньне абы з кім — з Героем! Толькі Кімава маці не адчула вялікай радасьці, дык то ж — маці. Ня надта сьвядомая, абцяжараная матчынымі забабонамі, яна была бясьсільная перад самотай разлукі. Маці сама ад таго пакутвала, ды не магла перамагчы сябе.

Як зьмерклася, Кім узяў свой востры меч і, адышоўшы ад вогнішча, зьнік у цемрыве ночы.

Племя занялося спрадвечнымі, звыклымі для сябе справамі. Праз колькі дзён узялося ладзіць дуб-помнік. Тры майстры за тры дні сьсеклі той самы высокі дуб, абсеклі гольле і з вяршыні высокага камля пачалі высякаць знаёмыя рысы Героя. Атрымалася ўвогуле падобна да яго аздобы, хоць тое было і не абавязкова. Галоўнае, каб было мужна, гераічна і прыгожа. Але што да Кіма, дык тут нічога прыукрашваць і не было патрэбы. Ідал-помнік атрымаўся выдатны. Ці ня самы лепшы сярод ўсіх іншых — старых і нядаўніх, якія цеснаю купкай высіліся на капішчы. Найстарэйшыя з іх, праўда, паволі страчвалі сваё былое хараство, чарнелі, трэскаліся, некаторыя нават трухлелі. Але тое зразумела — да іх даўно ўжо не ахвяравалі маладых і патроху забываліся на іх. Уся ўвага і любоў племя засяроджвалася на апошніх.