Выбрать главу

«Букет ружаў»

I гэтая краіна была бедная (шмат тады было бедных краінаў), з адсталай эканомікай і малакультурным насельніцтвам. Вугалю, нафты або алмазаў у яе не было зусім. Мала таксама было навукоўцаў, пісьменьнікаў — хіба што эстрадных сьпевакоў хапала. Спорт таксама быў слаба разьвіты, людзі ўмелі гуляць у нарты ды ў класічную Гульню — дурня. Краіна была няразьвітая, затое мела гучны і модны тытул, звалася Арлінай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай. Кіраваў ёю, канешне ж, самы мудры арол, ласкава званы ў народзе Грымучы Зьмей.

I ўсё ж народ меў адну адметную вартасьць, якую можна паэтычна назваць — сакалінае вока. Ужо змалку арляты ўмелі трапна страляць. Адзін вясковы арлёнак у часе вайсковае службы ні разу не спудлаваў у страляніне і стаў чэмпіёнам па стральбе ўсіх відаў. Клікалі яго Сокал. Той яго талент адразу трапіў пад увагу дыктатара Грымучага Зьмея.

Рэч у тым, што на той час дзе-нідзе ў сьвеце загаварылі пра кілераў. Мабыць, жыцьцё выявіла пэўную патрэбу ў той прафесіі. Калі дзе трэба было прыбраць празьмерна шанцоўнага банкіра або папулярнага палітыка, дык найперш шукалі адмысловага кілера. Адмысловая аперацыя адмысловага сьпецыяліста патрабавала адмысловага кошту. У Арлінай рэспубліцы таксама ўзьнікла пэўная праблема. Грымучы Зьмей надумаў зьнішчыць аднаго маладога палітыка, які мог некалі прэтэндаваць на ягонае месца. Зрабіць іначай дыктатар ня меў магчымасьці, бо на тое месца ўжо быў прызначаны яго родны сын Шыпучы Зьмяёнак, які пакуль што студыяваў вайсковую навуку ў заморскім Вест-Пойнце. У выніку складанай арганізатарскай аперацыі, праведзенай IX аддзелам аховы дыктатара, малады палітык быў замоўлены маладому кілеру Сокалу, які яго і прыбраў з першага стрэлу. Паховіны адбыліся за дзяржаўны кошт і дужа ўрачыста. Грымучы Зьмей прыслаў прыгожы вянок чырвоных ружаў з цёплым спачувальным надпісам на стужцы чорнага дзяржаўнага колеру.

Кілерскі акт у адпаведнасьці з сусьветнымі стандартамі належала стандартна скончыць: каб не пакідаць сьлядоў — прыбраць і кілера. Так, прынамсі, раілі кваліфікаваныя дарадцы Грымучага Зьмея. Але Грымучы Зьмей быў разумнейшы за ўсіх, разам узятых дарадцаў і ніколі ня слухаў іх. Сам ён паходзіў з сялянскага роду і ведаў, што парсючка сяляне ня б’юць дачасна. Б’юць упару, калі той нагадуе сала і болей ня мае жадных магчымасьцяў. Кілер жа Сокал яшчэ меў магчымасьці. Таму замест кулі міласэрнасьці дыктатар узнагародзіў яго «Ордэнам высакароднасьці» і паслаў на новае заданьне. Належала ціха і неўпрыкмет прыбраць двух банкіраў і трох агалцелых апазіцыянераў, што сумняваліся ў правільнасьці ўнутранай палітыкі дыктатара. Тых апазіцыянераў спрактыкаваны Сокал лёгка застрэліў, а для банкіраў запатрабаваў болей часу. Банкіры мелі моцную ахову.

Банкірскую аперацыю пакуль што адклалі, пачалі рыхтаваць памочнікаў Сокалу. Памочнікаў кілер нумар адзін рыхтаваў асабіста. На закрытым спартовым стадыёне «Дынама-машына» ўвесь божы дзень грымела страляніна — па нерухомых і рухомых мішэнях, вокнах, паверхах, аўтамабілях. Для гарантыі посьпеху давялося купіць у замежжы добрую зброю, бо, як наракаў Сокал, з бярданкі ўзору 1800/1900 году шмат не настраляеш. На закуп была выдаткаваная ладная сума з дохлага дзяржаўнага бюджэту. Грымучы Зьмей, вядома, быў незадаволены выдаткамі, але як абодва банкіры апынуліся на гарадскіх могілках, падабрэў і выказаў радаснае спачуваньне радні банкіраў і кліентам банку. Кілераў жа ўзнагародзіў яшчэ болей высокімі ардэнамі — «За гонар і сумленьне». Кілеры былі задаволеныя. Адно кепска, што тых узнагародаў нельга было насіць на грудзях — узнагароджаньне лічылася абсалютна сакрэтным.

У Арлінай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы між тым, як і ўсюды, дзеялі замежныя выведкі. Не зважаючы на надзвычайную сакрэтнасьць, тым усё ж шмат што стала вядома з кілерскай справы, якая на той час атрымала кодавы назоў «Букет ружаў». Рэч у тым, што і ў суседніх краінах меліся падобныя праблемы, як з пахабнымі апазіцыянерамі, так і з прагнымі банкірамі. Ды не было кілераў. Адсталыя ў пэўных адносінах грамадствы ня мелі разумных дыктатараў, болей налягалі на славутую абарону правоў чалавека і занядбалі трапнай стральбой. Вядома ж, апроч як да благога, такое становішча ні да чаго іншага прывесьці не магло. Лідэр адной з такіх краінаў у рэшце рэшт змушаны быў зьвярнуцца да Грымучага Зьмея з сяброўскай просьбай — пазычыць каманду кілераў для выканання аднаго сьпецзаданьня. Плата гарантавалася — вядома ж, у далярах. Грымучы Зьмей памеркаваў і згадзіўся: даляры яму заўсёды былі патрэбныя. Неўзабаве тры кілеры адправіліся ў далёкія заробкі. Між тым, Сокал застаўся дома. Дзеля сакрэтнасьці яму зьмянілі прозьвішча, аздобу, засакрэцілі мейсца жыхарства і далі дзяржаўнае заданьне — у сьціслыя тэрміны навучыць пяцьдзесят кілераў.