Выбрать главу

Тым часам мінула і зіма, надарылася вясна. Прыгрэла сонца, па канавах пацяклі ручаі. Хтосьці з камісіі прыкмеціў, што Пясьняр будзе недарэчна выглядаць пад сонцам у сваім бронзавым паліто, нібы ў кажуху. Каб як паправіць тое, сказалі скульптару. Той у чарговы раз мацюгнуўся, але тут жа і паправіў — уціснуў «кажух» у таліі, Пясьняр ад таго зрабіўся страйнейшы і вышэйшы, бы памаладзеў, ці што. Тое дужа спадабалася камісіі і нават самому аўтару скульптуры. Праўда, трохі нагадвала шынелак, але тое нікога асабліва не заклапоціла — ці мала постацяў у шынялях стаяла на плошчах і раздарожжах ды нікога не турбавала.

Як дайшла справа да ўсталяваньня помніка, давялося крыху паспрачацца наконт месца. Месца ўвогуле было вядомае — плошча перад былым выканкамам, дзе некалі стаяў пафарбаваны пад бронзу Ільліч. Ільліча гадоў колькі таму зьнялі аўтакранам, а гранітны п’едэстал застаўся — казалі, не хапіла магутнасьці крану. Але разумнейшыя намякалі: на ўсякі выпадак (усе разумелі, які). I праўда, во прыдаўся.

Пры вялікай урачыстасьці, з аркестрам і прамовамі ад уладаў і грамадзкасьці адчынялі помнік слыннаму Песьняру. Народ пляскаў у ладкі, апазыцыя сьпявала «Пагоню». Ззаду да натоўпу падышлі старыя — дзядок і бабка. Бабка перахрысьцілася і кажа:

— Слава табе, Божа, ня думала, што дажыву…

— Да чаго дажывеш? — папытаўся дзядок.

— Ну, што вернуць… Леніна.

— Які табе Ленін! Хіба Ленін у шынялі стаяў? То — Сталін.

Да іх падышоў трохі маладзейшы, зь сівой чупрынай на галаве. Вайсковую фуражку зь сінім аколышам зважліва трымаў у руцэ.

— Памыляецеся, шаноўныя. То — таварыш Дзяржынскі.

— Во як! — у адзін голас зьдзіўлена мовілі дзед і бабка. — А мы думалі…

Невядома як зблізку, а здалёку і праўда тая бронзавая постаць дужа нагадвала ўсіх трох названых. Калі ня ў цэлым, дык па дэталях пэўна.

Начальства і грамадзкасьць, што стоўпілася паблізу пастамэнту, мабыць, нічога з таго не прыкмячала і не здагадвалася. Затое народ усё бачыў.

Хоць кожны бачыў, што хацеў бачыць.

Сьвіст

Пра народ у краіне хадзілі дзьве супрацьлеглыя пагалоскі, кожная з якіх увогуле мела рацыю. Нядаўна абраны дыктатар ды ягоныя памагатыя лічылі народ самым разумным, самым правільным і працавітым. Іхнія ж супраціўнікі сьцьвярджалі, што народ дурны і сьляпы, нібы крот. Бо каб быў разумны і працавіты, дык нешта б умеў, а гэты ня ўмеў нічога, як нічога і ня меў. Пэўна, тая акалічнасьць і змусіла дыктатара да пошукаў нейкіх сродкаў стабільнага існаваньня яго і народу. Але новыя сродкі ня так лёгка было знайсьці, а час катастрафічна мінаўся. Неяк дыктатар з прыкрасьці ад чарговай разумовай няўдачы гучна сьвіснуў, як сьвістаў у дзяцінстве, пасьвячы сьвінячы статак. Шсар, што з нейкага часу запісваў за ім кожнае слова (для гісторыі) застыў з пяром у пальцах — ён ня ведаў, як запісаць сьвіст. Заўважыўшы тое, дыктатар зьверавата ўставіўся ў пляшывага пісца, які, каб неяк улагодзіць пана, проста голасна войкнуў, быццам бы ў захапленьні ад сьвісту: маўляў, як прыгожа! Іншыя, што ў той час былі ў пакоі, таксама дружна падтрымалі пісца: і прыгожа, і зьмястоўна, а галоўнае — даходліва для народу, — кожны зразумее. Ведама ж, кожны быў дзіцёнкам, хоць і ня кожны дзіцёнак пасьвіў калгасных сьвіней.

У той жа адвячорак урад прыняў адмысловы дэкрэт аб значэньні дыктатарскага сьвісту, а газеты ў хуткім часе пачалі друкаваць артыкулы пра тое, як гэта важна наогул — сьвістаць. У краіне пачаў разгортвацца рух за высокаідэйны і высокамастацкі народны сьвіст. Праўда, як бадай і ў кожнае справе, знайшліся тыя, што не пагадзіліся з дзяржаўным значэньнем сьвісту, але яны былі меншынёй, а меньшыню, як вядома, бязьлітасна душаць. Хутка задушылі і праціўнікаў сьвісту.

Праз нейкі нядоўгі час рух нечуванага пашырэньня сьвісту стаўся ўсенародным, яму ўжо ня шкодзіў ніхто. Вучыць прафесійна сьвістаць пачалі ў школках, сьвіст увялі ў якасьці абавязковага прадмету на экзаменах у ВНУ, дзе былі тэрмінова створыны кафедры сьвісту. Адпаведна, бы грыбы пасьля дажджу, зьявіліся высокакваліфікаваныя сьпецыялістыя па сьвісту, актыўна рыхтаваліся і пасьпяхова абараняліся кандыдацкія ды доктарскія дысертацыі на тэмы сьвісту. У краіне рэгулярна праводзіліся конкурсы і спаборніцтвы па сіле, працягласьці і мадуляцыі сьвісту, наладжваліся канцэрты. Неўзабаве зьявіліся і рэкардсмэны — асобна па розных жанрах сьвісту, ствараліся ансамблі, якія езьдзілі па гарадах і вёсках і сьвісталі на ўсю электронную моц свае апаратуры. Тыя няблага зараблялі, сплочвалі казьне немалыя падаткі і карысталіся прыязнасьцю ўлады і народу. Нечуваная папулярнасьць сьвісту зрабіла папулярнай краіну, пра якую яшчэ нядаўна мала хто ведаў у сьвеце. Тады дыктатар ды ягоныя памагатыя сьцямілі, што нягожа было б тым не пакарыстацца і вырашылі распаўсюдзіць ідэю сьвісту як мага далей у сьвеце. Была створана новая праграма заваёвы сьвету праз космас, у які запускаліся талеркі-спадарожнікі, адбітыя імі хвалі пранікалі ва ўсе куточкі планеты. Людзі на зямлі ўведалі пра незвычайна плённую справу сьвісту і як маглі пераймалі яго. Дзякуючы сіле сьвісту народ, краіна і яе дыктатар зрабіліся самымі славутымі ў сьвеце.