Выбрать главу

Натуральна, добра было пачувацца славутымі, але яшчэ трэба было і есьці, а во ежы катастрафічна не хапала. Захапіўшыся сьвістам, людзі адвучыліся араць зямлю, пасьвіць коз і нават саджаць бульбу. Эканоміка, спрэс стаўшы касьмічнай, усё болей хірэла, і хутка ў людзей нават на добры маладзецкі сьвіст ня стала ставаць моцы. Дзеля эканоміі людской сілы была адмененая родная мова, пра якую хутка забыліся ўсе — гараджане, сяляне і нават пісьменьнікі. Пісьменьнікі, праўда, забыліся апошнімі, чым увогуле ганарыліся. Болей ім ганарыцца ўжо не было чым.

Краіна неўпрыцям усунулася ў страшэннае правальле татальнае крызы, калі пачала беззваротна хірэць нават сама ідэя дзяржаўнага сьвісту. Дзеля яе паратунку стварылі некалькі дадатковых міністэрстваў, каардынацыйны над імі камітэт, Савет бясьпекі, узмоцнены аддзел секурытаты. Падвысілі ролю адукацыі — усе ПТВ ператварылі ў тэхнікумы, тэхнікумы ва ўніверсітэты, а універсітэты ведама ж у акадэміі. Павялічылі колькасьць дактароў ды акадэмікаў, зарплату якіх таксама падвысілі, прыраўняўшы да сяржанцкае зарплаты амапаўцаў. I ўсё роўна сьвіст марнеў, ягоная ідэя апынулася пад сьмяртэльнай пагрозай. Апазіцыя ж толькі мацнела. Праўда, апазіцыянеры пакуль што выступалі ня супраць самой ідэі, а супраць сродкаў і метадаў яе выкананьня. Ідэя ж, казалі, зусім неблагая, калі яе з розумам ажыцьцяўляць. Дыктатар назваў тую апазіцыю сьмехатворнай і казаў, што варта яму хоць раз добра сьвіснуць, як яе бы ветрам садзьме. I праўда, некалькі самых заўзятых апазіцыянераў ужо зьнікла — бяз знаку і сьледу, бы праз зямлю праваліліся. Але і дыктатар зьнемагаў ад шэрагу няўдач і мог намагчыся хіба на адзін добры посьвіст на тыдзень. У сьвеце пачалі губляць цікавасьць да краіны — радзімы сьвісту. Рэтрансьлятары-спадарожнікі, бы восеньскія каштаны, адзін за адным сыпаліся долу і згаралі у шчыльных слаях атмасферы. Запушчаць новыя не было за што. У космасе запаноўвала касьмічная ціша.

Затое на зямлі бушавала бура.

За апошнія грошы дыктатар мацаваў сілы секурытаты — паліцыю ва ўніформе і ў штацкім, суды і пракуратуру, якім падвысіў заробкі і падвоіў нагрузку. Арыштоўвалі, судзілі і саджалі найперш праціўнікаў сьвісту. Ды таго аказалася недастаткова. Было заўважана, што некаторыя сьвісталі няправільна, чужым падрыўным сьвістам, — гэтых рэпрэсавалі таксама. Затым зрабілі чыстку вучоных шэрагаў, перагледзелі тэматыку іхніх дысертацый. Выявілася, што некаторыя з вучоных-гісторыкаў няправільна лічылі, быццам гісторыя краіны пачалася не з запачаткаваньня ідэі сьвісту, а значна раней. Секурытата з тым катэгарычна не пагадзілася, а ў краіне яе думка заўжды была аканчальнай, і тую канцэпцыю выкаранілі. Як пэўная рэакцыя на тыя зусім натуральныя захады, у народзе пачала самахоць сьпець новая нечуваная ідэя — ідэя маўчаньня. Вядома, яна пляжыла выдатную, выпрабаваную ў часе ідэю сьвісту, але як было з ёй змагацца? Як было ўведаць, што выношваюць маўчуны? I як прадухіліць усенародную маўчанку, якая пагражала краіне ўсеагульнай нематой?

Тым часам маўчанка шырылася з неверагоднай хуткасьцю. Зьняможаны шматгадовым посьвістам люд маўчаў з задавальненьнем. Рабіць тое было проста і лёгка тым болей, што ўсе даўно адвыклі ад роднае мовы, і гаварыць наогул не было патрэбы.

Яшчэ праз нейкі час краіна аканчальна змоўкла, ніхто ўжо ня мог нават слаба сьвіснуць. Праўда, з тае нагоды ніхто асабліва не перажываў, апроч хіба пенсіянераў. Для гэтых за даўгія гады іхняга жыцьця сьвіст стаў адзінай прафесіяй, бо іншага яны ня ўмелі. Але супраць іх працавала прырода, і гэтых людзей у краіне хутка менела. Як і належыць паводле няўхільных законаў быцьця.

Рэформа

Фантастычная прыпавесьць

У адной краіне (ды ці толькі ў адной) была вялікая армія і шмат генералаў.

Як адбываліся войны, усё было ў звычайным парадку, генералы, як умелі, рабілі сваю звыклую справу і не прычынялі краіне вялікага клопату. Інакш здаралася, калі наставаў мір.