Выбрать главу

— Мы гатовы, — ціха сказаў адзін, і Камандуючы бліснуў хцівым позіркам.

— Даўно ты далжон быць гатовы, грамадзянін Залябедзька. — Я табе гаварыл: плоха кончыш. А ты столька цянул. На дружка раўнялся?

— Мы не раўняліся. Мы са спадаром Ранчоркам належалі да розных партыяў і рухаў.

— Рухаў! — перадражніў Камандуючы. — Во дарухаліся. Удвох асталіся.

Амаль разам бухнулі два стрэлы. Пасьля строй зусім разбурыўся, некаторыя саступілі ўбок, пачулася яшчэ некалькі стрэлаў. На роснай траве паболела нерухомых целаў. Іх ня краталі, нікуды не прыбіралі. Нерашучыя стаялі з разгубленым выглядам. Перад невялічкаю купкай сваіх падначаленых Камандуючы аддаваў апошнія распараджэньні.

— I эта… Пагінем, дык нада, чтоб напісалі рэквіем. Перадайце мой указ Гучанку.

— Гучанок даўно ў Маскве. Другую зорку на тратуары абмывае.

— Прадацель! А так на задніх лапках плясаў…

Вусаты твар Камандуючага зрабіўся зусім суровы і змрочны.

— Ня трэба было яго пушчаць на Віцебскі базар. Хай бы сядзеў у Камаях, маліўся ды згарэў з уніятамі. Як Хадырка з Барадулям.

— А што — згарэлі? — з цікавасьцю папытаўся Камандуючы.

— Да тла.

— Тым лепш. А то — месца на Усходніх могілках, похараны… Гэтыя похараны разарылі мне гасударства.

— Рынкавая эканоміка, — змрочна канстатаваў Мэйман. — Ні ў якое сравненіе з сацыялістычнай.

— Сацыялістычная таксама не аптымальная. Я ведаю, — асьцярожна мовіў Старкевіч, апрануты ў шынель з пагонамі падпалкоўніка. — Як я камандваў ротай…

— Ты плоха камандваў, — адрэзаў Камандуючы. — І тады, і цяпер.

— А хто лепш? Я стараўся…

— Пастарайся ў пасьледні раз. Ну! Ці памагчы?

— Сам умею, — сказаў Старкевіч і адвярнуўся. Хутка бабахнуў пісталетны стрэл, і падпалкоўнік, сагнуўшыся, тыцнуўся галавой у траву.

— Во гэта іспалніцельнасьць! I ні слова вапракі. Дажа на беларускай мове. На мове! — грэбліва мовіў Камандуючы. — Кстаці, а гдзе Білевіч? Наўрад ці застрэліўся. Гэты балабон-няўмека за што ні возьмецца, усё праваліць. Столькі змагаўся за мову, і што? Нават трасянкі не дамогся. Гімна ня склаў. Я яму даручыў гімн Камандуючага, чтобы он ваадушаўляў масы. Далжон он был пастарацца. Так нет. Сабатажнік, он, ваш Білевіч!

— Бычкову трэба было, — падказаў хтось.

— Правільна! Трэба было Бычкову — я ягоныя вершы яшчэ ў чацьвёртым класе вучыў. Да не падсказалі. Зеўрук гэны дэзінфармаваў, — са скрухой мовіў Камандуючы. — Сказаў, будта Бычкоў — вораг Беларусі і Расіі. А саўмесна — Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і Польшчы. Я і паверыў. Падумаў, што Зеўрук ведае — у ЦК ды ў разьлічных выведках працаваў. Напрасна, знаеце, даверыўся. Сьледавала давяраць, но правяраць. Паглядзіце там, ці Спазьняк ужэ ня дыхае? Апруцянеў? А то можа, халастым стрэльнуў?

Нехта ад купкі ля «Гранду-Чырокі» пабег зірнуць на труп Спазьняка і хутка адтуль пачулася:

— Спазьняк ляжыць. А Залябедзькі няма.

— Як няма? Ён жа застрэліўся.

— Мабыць, сапраўды халастым. Імітацыя, — змрочна мовіў Мэйман.

— Гэта прадацельства! Он меня абхітрыў. Хацеў тады разам з Ганчаром, ды… Пажалеў. Вот і расплата за мяккасьць душы. Дзейсцьвіцельна, очань мы рахманыя, беларусы. Ня тое, што ты, Мэйман.

— Тое, што і ты! — З тайным папрокам надзьмуў вусы генерал-пракурор.

Камандуючы дастаў насоўку і старанна выцер змакрэлыя вочы. Падобна, ён гатовы быў заплакаць, хіба ў ягоным позірку раз-пораз бліскала непрыхаваная хцівасьць.

— Я ж цібе прыказаў устраніць Гураўкіна. А он аказваецца ў ААН зноў ваду муціць проці суверэннай дзяржавы… Паэт гэны.

— Праізашла памылка. Устранілі Гуралкіна. Супадзеньне фаміліяў. — Як жа вазможна! Нада ж ведаць нацыянальныя кадры, адлічаць паэта ад мастака. Не страляць абы каво…

— Я счытал, у Беларусі адзін мастак — паважаны акадэмік Цавіцкі…

— Правільна! Очань мной паважаны. Как і явоны сын — маладой, но персьпектівный, — русскій, то ёсьць беларускій па духу…

Строй тым часам зусім пабурыўся, стрэлы бахалі ўсё часьцей. Страляліся ад любові да Беларусі, ад нянавісьці да маскалёў, ад бязьмежнае адданасьці любаму Камандуючаму. Проста таму, што ўсё надакучыла, у тым ліку і д’ябальскае, крывавае жыцьцё ў краіне з бясконцай барацьбой і заблытанымі ідэямі. Дзе-нідзе чуліся воклічы «Жыве Беларусь!», часам праклёны ці проста злая мужчынская лаянка. У доле на ўзьлеску ўсё большала нерухомых целаў, скрозь на траве валялася зброя, нікому ўжо не патрэбны рыштунак. Найболей таго ляжала каля «Джыпу-Чырокі», дзе ўсё яшчэ тоўкся Камандуючы. Купка чыноў ля яго, аднак, усё менела. Нарэшце застаўся апошні — генерал-пракурор Мэйман.